ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
завяршальная наступальная аперацыя Вял.Айч. вайны 1941—45. Праведзена 6—11.5.1945 сав. войскамі 1-га (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў), 4-га (каманд.ген. арміі А.І.Яроменка), 2-га (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі (укр. франтоў па знішчэнні ням.-фаш. групоўкі на тэр. Чэхіі і Славакіі. У П.а. ўдзельнічалі 2-я армія Войска Польскага, 1-я і 2-я румынскія арміі і 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус. У выніку Берлінскай аперацыі 1945сав. войскі ахапілі з Пн, ПнУ і Пд левы і правы флангі ням.-фаш. войск у Чэхаславакіі, дзе абараняліся групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф.Шорнер) і ч.сіл групы армій «Аўстрыя» (каманд.ген.-палк. Л.Рэндуліч). Рашэнне аб П.а. прынята ў ходзе бітвы за Берлін (планавалася на 7 мая). Неабходнасць падтрымаць Пражскае паўстанне 1945 паскорыла наступленне сав. войск. 6 мая войскі 1-га Укр. фронту выйшлі на рубеж Рудных гор, занялі г. Дрэздэн і ўступілі на тэр. Чэхаславакіі. 6-я танк. армія 2-га Укр. фронту пераадолела рубеж Рудных гор і з Пд прасоўвалася да Прагі. Войскі 4-га Укр. фронту наступалі з У і вызвалілі г. Оламаўц. Кульмінацыяй аперацыі стала 8 мая, калі быў разгромлены штаб групы армій «Цэнтр» і парушана кіраўніцтва ням. войскамі. У ноч на 9 мая 3-я і 4-я танк. арміі 1-га Укр. фронту зрабілі 80-кіламетровы кідок і ўвайшлі ў Прагу, куды ў той жа дзень падышлі часці 2-га і 4-га Укр. франтоў. 10—11 мая праціўнік спыніў супраціўленне; у палон здаліся 860 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 60 генералаў. 11 мая 1945 сав. войскі сустрэліся з часцямі 3-й амер. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ЦКІ ПАХО́Д 1711,
баявыя дзеянні рас. арміі ў час.рус.-тур. вайны 1710—13, якія адбываліся на тэр. падвасальнага Турцыі Малд. княства, пераважна ў даліне р. Прут (адсюль назва). 24.4.1711 Расія заключыла з малд. гаспадаром Дз.Кантэмірам дагавор аб ваен. саюзе і ўваходжанні Малдовы ў рас. падданства. 7 чэрв.рас. конніца ген.-фельдмаршала Б.П.Шарамецева ўвайшла ў Малдову, дзе паўсюдна пачаліся антытур. паўстанні. Кантэмір абвясціў пра саюз з Расіяй і збор малд. войска для вайны з Турцыяй, перадаў рас. войскам 25 тыс. галоў жывёлы, аднак з прычыны неўраджаю не здолеў забяспечыць іх хлебам. Да 6 ліп.рас. армія на чале з царом Пятром I сканцэнтравалася каля г. Ясы, але 29 чэрв.тур. армія вял. візіра Балтаджы-пашы (каля 120 тыс.чал., 440 гармат) перайшла на левы бераг Дуная, дзе злучылася з 70-тысячнай конніцай крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Пётр I накіраваў у тыл туркам 7-тысячны конны атрад ген. К.Э.Рэнэ, які 18 ліп. ўзяў на Дунаі крэпасць Брэілу, а сам на чале гал.сіл (38 тыс. рускіх, 5 тыс. малдаван на чале з Кантэмірам, 114 гармат) накіраваўся на Пд правым берагам Прута. 20 ліп.рас.-малд. армія пасля шэрагу баёў была акружана каля с. Нов. Станілешты ў некалькі разоў пераважаючымі тур.-тат. сіламі. Рас. войскі адбілі атакі тур. янычараў, але недахоп боепрыпасаў і харчавання прымусіў Пятра I звярнуцца да тур.вял. візіра з прапановай заключыць мір (заключаны 23 ліп.). У выніку рас. войскі атрымалі права свабодна выйсці з Малдовы (разам з імі краіну пакінулі Кантэмір і некалькі тыс. малдаван); Расія вярнула Турцыі Азоў, ліквідавала крэпасці і флот на Азоўскім м.Гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц.сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВО́РЫ,
гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл.Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл.Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.
У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз.растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл.Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл.Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.
Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.
Літ.:
Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;
Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;
Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НШЛЮС (ням. Anschluß літар. далучэнне),
патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм.паліт.сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял.-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач.крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).
Да арт.Аншлюс. Войскі Германіі ўступаюць у Вену. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.Александровіч, З.Астапенка, А.Астрэйка, С.Баранавых, П.Броўка, П.Галавач, Ю.Гаўрук, А.Звонак, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, А.Салагуб, Я.Скрыган, В.Таўлай, П.Трус, М.Чарот, С.Шушкевіч, Х.Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ.сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.Бэндэ, А.Кучар, М.Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,
барацьба англійскіх узбр.сіл супраць ням.-фаш.ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ.ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс.чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.
нацыянальна-вызваленчая вайна грэкаў супраць тур. панавання, у выніку якой утворана самаст.грэч. дзяржава. Падрыхтавана членамі тайнага нац.-вызв.т-ва«Філікі Этэрыя» пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. На 1-м этапе рэвалюцыі (1821—22), якая пачалася з паўстання на Пелапанесе 25.3.1921 (з таго часу 25 сак. адзначаецца як Дзень незалежнасці Грэцыі), вызвалена значная ч.тэр. краіны. 13.1.1822 Нац. сход абвясціў незалежнасць Грэцыі, прыняў часовую канстытуцыю — Эпідаўрскі арганічны статут 1822, выбраў прэзідэнтам краіны К.Маўракардатаса. Летам 1822 грэч. атрады на чале з Т.Калакатронісам разбілі 30-тысячную тур. армію, якая ўварвалася на Пелапанес, а грэч. караблі атакавалі тур.ВМФ і прымусілі яго пакінуць Эгейскае м. На 2-м этапе вайны, у выніку абвастрэння сац. і паліт. супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстанцаў, адбыліся 2 грамадз. Вайны (1823—24 і 1824—25). На 3-м этапе (1825—27) тур.-егіп. войскі акупіравалі ўсе грэч. вобласці на Пн ад Карынфскага перашыйка. На 4-м, апошнім, этапе (1827—29) Нац. сход у Трэзене ў сак. 1827 прыняў новую канстытуцыю, прэзідэнтам выбраны І.Кападыстрыя, які зрабіў шэраг захадаў па паляпшэнні эканам. становішча краіны, павышэнні баяздольнасці ўзбр.сіл, цэнтралізацыі кіравання. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі падпісалі Лонданскую канвенцыю 1827 аб спыненні грэка-тур. вайны і наданні Грэцыі поўнай унутр. аўтаноміі. Гэта прывяло да Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 Турцыя прызнала аўтаномію Грэцыі. У 1830 Грэцыя атрымала незалежнасць. Рэвалюцыю падтрымала грамадскасць многіх краін свету, паўстанцам дапамагалі замежныя добраахвотнікі (сярод іх англ. паэт Дж.Байран).
Літ.:
Арш Г.Л. И.Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг.М., 1976.
Да арт.Грэчаская нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя 1821—29. Карціна Э.Дэлакруа «Грэцыя на руінах Місалунгі». 1827.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук.сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.