ВІНЕ́Я (ад лац. vinea асадны навес),

прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІЛАЦЭТА́Т,

складаны вінілавы эфір воцатнай кіслаты, CH3 COOCH—CH2 CH3COOCH=CH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 72,7 °C, шчыльн. 934,2 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў спірце і эфіры. Лёгка полімерызуецца (з утварэннем полівінілацэтату) і суполімерызуецца (напр., са стыролам, этыленам, вінілхларыдам). У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем воцатнай кіслаты і ацэтылену ў прысутнасці каталізатараў. Палімеры вінілацэтату выкарыстоўваюцца ў вытв-сці пластмас, лакаў, клею і інш. Аказвае слёзацечнае ўздзеянне, ГДК 10 мг/м³.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЫ́»,

агульнапрынятая назва прагерманскага рэжыму ў Францыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі (ліп. 1940 — жн. 1944) у 2-ю сусв. вайну. Калабарацыянісцкі ўрад Ф.Петэна размяшчаўся ў г. Вішы (адсюль назва) і кантраляваў амаль трэцюю частку франц. тэрыторыі — т.зв. неакупіраваную зону Паўд. Францыі, якая з ліст. 1942 была занята са згоды вішыстаў герм.-італьян. войскамі.

Літ.:

Наринский М.М. Режим Виши в советских источниках и историографии // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,

кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРЫ АСНО́ЎНАЯ ТЭАРЭ́МА,

класічная тэарэма існавання, якая сцвярджае, што кожны мнагасклад з камплекснымі каэфіцыентамі мае камплексны корань. Упершыню выказаў ням. матэматык П.​Ротэ (1608), першым дакладна даказаў К.​Гаўс (1799). Усе доказы абапіраюцца на тапалагічныя ўласцівасці мностваў камплексных і рэчаісных лікаў. З алгебры асноўнай тэарэмы вынікае: колькасць каранёў мнагаскладу супадае са ступенню мнагаскладу; кожны паліном з рэчаіснымі каэфіцыентамі раскладаецца ў здабытак лінейных і квадратычных множнікаў з рэчаіснымі каэфіцыентамі.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве,

матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ХАВА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 0,64 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 0,71 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 19,4 км². Схілы выш. ад 2 да 12 м. Берагі стромкія, на Пн зліваюцца са схіламі, параслі хмызняком, на З забалочаныя. Дно плоскае, сапрапелістае, каля берагоў пясчанае і пясчана-галечнае. Выцякае ручай у воз. Саванар.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РСКАЕ ХА́НСТВА,

феад. дзяржава ў цэнтр. ч. Дагестана ў канцы 12—19 ст. са сталіцай Хунзах. Утварылася на месцы сярэдневяковага «царства» Серыр. Пры Ума-хане (п. 1634) буйное самаст. ўладанне. Найб. магутнасці дасягнула ў 18 ст. З 16 ст. неаднаразова было пад пратэктаратам Расіі, у 1803 увайшло ў яе склад. У 1820—50-я г. ўваходзіла ў імамат. У 1864 Аварскае ханства ліквідавана рас. урадам і пераўтворана ў Аварскую акругу.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛДЗЯРЖКІНО́, Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі. Існавала з 17.12.1924 да крас. 1938 пры Наркамаце асветы БССР. Займалася пытаннямі кінафікацыі і кінапракату на тэр. ўсх. Беларусі, падрыхтоўкі кадраў, арганізацыі вытворчасці кінахронікі і маст. фільмаў. У 1925 аб’ядналася з кінаарганізацыяй «Бел. пралеткіно» і пачало ўласную вытворчасць фільмаў. У 1928 арганізавала студыю маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1946 «Беларусьфільм»). Ліквідавана ў сувязі са стварэннем Кіраўніцтва кінафікацыі пры СНК БССР.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)