ПЁТР ПЕТРЭ́Й ДЭ ЭРЛЕЗУ́НДА, Персан Пер (лац. Petrus Petrejus, швед. Peer Persson; 1577, г. Упсала, Швецыя — 1622),

шведскі дыпламат і гісторык. З 1595 на дзярж. службе. У 1605—11 тройчы наведваў Рас. дзяржаву. У 1614 пачаў працу па гісторыі Расіі ад стараж. часоў да 1612 (выд. ў 1615 у Стакгольме на швед. мове), пасля давёў яе да 1617 (выд. ў 1620 у Лейпцыгу на ням. мове). Значная ч. яго працы прысвечана адносінам паміж Расіяй і ВКЛ у 16 — пач. 17 ст. Назву Белая Русь ён выводзіў ад адзення жыхароў: «Адна мясціна ў гэтай краіне называецца Беларуссю, таму што там мужчыны ўлетку носяць на галовах белыя шапкі, а жанчыны фарбуюць і падводзяць сабе твар бяліламі...». У яго працы шмат некрытычных запазычанняў з сачыненняў З.​Герберштэйна, А.​Гваньіні і асабліва з хронікі Бусава, аднак шмат і самастойных назіранняў.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙНА́ЛЬ (Raynal) Гіём Тама Франсуа (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),

французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРМ’Е́НТА (Sarmiento) Дамінга Фаўсціна (14.2.1811, г. Сан-Хуан, Аргенціна — 11.9.1888),

аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.​М.​Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас. прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.

Тв.:

Рус. пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.

т. 14, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН Анатоль Мікалаевіч (н. 21.5.1940, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962). У 1965—97 у Ін-це гісторыі Нац.

АН Беларусі. У 1997—2000 нач. аддзела гуманітарных навук Дзярж. вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах агр. гісторыі Беларусі 20 ст., саўгасаў і калгасаў, сельскіх рабочых, кулацтва, калектывізацыі, сац. выбухаў, паліт. рэпрэсій, гістарыяграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 3—4, 1973—75), «Развіццё эканомікі Беларусі ў 1928—1941 гг.» (1975), «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 2, 1985).

Тв.:

Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;

Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;

На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРЦО́Ў Уладзімір Нічыпаравіч (н. 9.11.1935, в. Клімаўка Гомельскага р-на),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1988), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі (2001). Скончыў БДУ (1958) і з 1966 працуе у БДУ (з 1992 заг. кафедры). Асн. кірункі даследаванняў — гісторыя Беларусі, рабочага класа, гістарыяграфія і метадалогія гісторыі, гіст. інфарматыка. Адзін з аўтараў і складальнікаў абагульняльных прац, вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ, у т. л. «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 2, 1985), «Гісторыя Беларусі, XX ст.» (2-е выд., 1993), «Сусветная гісторыя навейшага часу» (кн. 1—2, 1993), «Гісторыя Беларусі, 1917—1996» (1997), «Гістарычная інфарматыка: (Інфарматыка для гістарычных спецыяльнасцей)» (1998) і інш.

Тв.:

Классы и партии в период Великой Октябрьской социалистической революции. Мн., 1971;

Государственная деятельность рабочего класса БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1978;

Методология исторического исследования (механизм творчества историка). Мн., 2000.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РСКІ Усевалад Міхайлавіч (10.10.1923, в. Хутар Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 22.12.1981),

бел. гісторык і філосаф. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р філас. н. (1967), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1949), Рэсп. парт. школу (1948). З 1944 супрацоўнік Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны, з 1948 на журналісцкай працы, з 1953 у БДУ (з 1961 заг. кафедры, адначасова ў 1972—78 рэктар, гал. рэдактар зб. «Пытанні гісторыі КПСС»). Аўтар прац па праблемах міжнар. камуніст. руху, гісторыі КПСС, адзін з аўтараў «Курса лекцый па гісторыі КПСС» (ч. 1—2, 1971). Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975-80.

Тв.:

Мировой революционный процесс и современный социал-реформизм. Мн., 1965;

Карл Маркс — великий учитель и вождь пролетариата. Мн., 1968;

КПСС на этапе развитого социализма Мн., 1975;

Партия класса, партия народа. Мн., 1980.

У.​К.​Коршук.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ЗКІН Сяргей Данілавіч (19.10.1890, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія — 14.4.1973),

савецкі гісторык-медыявіст, акадэмік АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915), з 1920 выкладаў у ім (з 1949 заг. кафедры). З 1962 заг. сектара гісторыі сярэдніх вякоў Ін-та гісторыі АН СССР. Асн. працы па праблемах сярэдневяковай гісторыі (агр. адносіны, гісторыя зах.-еўрап. сялянства; ератычныя рухі, абсалютызм, Адраджэнне), гісторыі дыпламатыі і інш. Аўтар і рэдактар падручнікаў для ВНУ па гісторыі сярэдніх вякоў, адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; 2-е выд., 1959), «Усеагульнай гісторыі» (т. 3—4, 1957—58), «Гісторыі Францыі» (т. 1, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;

Избранные труды по истории. М., 1973;

Из истории социально-политической и духовной жизни Западной Европы в средние века. М., 1981.

С.Д.Сказкін.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКІ [Smoleński; псеўданім Грабенскі (Grabieński) Уладзіслаў; 6.4.1851, в. Грабяніцы-Малыя Мазавецкага ваяв., Польшча — 7.5.1926],

польскі гісторык; прадстаўнік варшаўскай школы гістарыяграфіі ліберальна-патрыят. кірунку. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Варшаўскі ун-т (1874), у 1919—26 праф. у ім. Даследаваў праблемы цывілізацыйных змен у 18 ст., паліт. ролю варшаўскага мяшчанства, праблемы ідэалогіі, маралі і звычаяў розных сац. пластоў. У кн. «Гісторыя польскага народа» (т. 1—2, 1897—98) выступаў супраць кансерватызму і ўплыву рэлігіі, найперш каталіцызму. У працы «Гістарычныя школы ў Польшчы» (1886) акрэсліў гал. кірункі развіцця тагачаснай польскай гістарыяграфіі, крытыкаваў погляды кракаўскай школы на гісторыю Польшчы. У працах «Апошні год Вялікага сейма» (1896) і «Таргавіцкая канфедэрацыя» (1903) прааналізаваў грамадскія настроі ў Рэчы Паспалітай у 1791—93. Інш. працы: «Калантаеўская кузня» (1885), «Разумовы пераварот у Польшчы XVIII ст.» (1891), «Гістарычныя пісьмы» (т. 1—3, 1901).

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 15, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАБО́Н [Strabōn; 64/63 да н.э., г. Амасья (цяпер Турцыя) — 23/24 н.э.],

старажытнагрэчаскі географ і гісторык. Атрымаў філасофскую адукацыю. Падарожнічаў па Грэцыі, М. Азіі, Італіі, Егіпце. Аўтар «Гістарычных запісак» (не захаваліся), створаных як працяг «Гісторыі» Палібія (апісаны падзеі 146—31 да н.э.), і «Геаграфіі», у якой абагульніў і супаставіў усе вядомыя на яго час звесткі па геаграфіі. 1-я і 2-я кнігі «Геаграфіі» прысвечаны матэм. геаграфіі, 3—10-я — Еўропе, 11—16-я — Азіі, 17-я — Афрыцы; у кнізе ёсць звесткі па гісторыі паўд. тэрыторый Расіі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Азербайджана і Паўн. Каўказа. Лічыў Гамера аўтарытэтам у галіне геаграфіі. Выкарыстоўваў лакальныя гіст. і геагр. працы, асабліва звесткі гісторыкаў Мітрыдатавых войнаў. У працах С. багаты факталагічны матэрыял па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі ант. свету.

Тв.:

Рус. пер. — География. М., 1964.

Літ.:

Арский Ф.Н. Страбон. М., 1974.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМАРО́КАЎ Аляксандр Пятровіч [25.11.1717 (паводле інш. звестак 1718),

каля мяст. Вільманстранд, Фінляндыя — 12.10.1777], рускі пісьменнік; прадстаўнік класіцызму. Скончыў сухапутны шляхецкі корпус (1740), дзе пачаў пісаць вершы. Першы дырэктар Рас. т-ра ў Пецярбургу (1756—61). Выдаваў першы рус. літ. прыватны час. «Трудолюбивая пчела» (1759). Выступаў як драматург, паэт. тэарэтык л-ры, гісторык, філосаф. Аўтар 9 вершаваных трагедый, у т. л. «Харэў» (1747), «Сінаў і Трувор» (1750), «Дзмітрый Самазванец» (1771); 12 камедый, у т. л. «Трэсацініус» (1750), «Апякун» (1765), «Уяўны раганосец» (1772). З пастаноўкай яго п’ес звязана з’яўленне першых праф. рас. акцёраў. Аўтар зб-каў «Элегіі», «Сатыры» (абодва 1774), баек (зб. «Прытчы», ч. 1—3, 1762—69), лібрэта опер і балетаў, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1957;

Драматические соч. Л., 1990;

Бел. пер. — Крыж і абраз. Мн., 1930.

А.П.Сумарокаў.

т. 15, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)