СМАЛЕ́НСКІ [Smoleński; псеўданім Грабенскі (Grabieński) Уладзіслаў; 6.4.1851, в. Грабяніцы-Малыя Мазавецкага ваяв., Польшча — 7.5.1926],
польскі гісторык; прадстаўнік варшаўскай школы гістарыяграфіі ліберальна-патрыят. кірунку. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Варшаўскі ун-т (1874), у 1919—26 праф. у ім. Даследаваў праблемы цывілізацыйных змен у 18 ст., паліт. ролю варшаўскага мяшчанства, праблемы ідэалогіі, маралі і звычаяў розных сац. пластоў. У кн. «Гісторыя польскага народа» (т. 1—2, 1897—98) выступаў супраць кансерватызму і ўплыву рэлігіі, найперш каталіцызму. У працы «Гістарычныя школы ў Польшчы» (1886) акрэсліў гал. кірункі развіцця тагачаснай польскай гістарыяграфіі, крытыкаваў погляды кракаўскай школы на гісторыю Польшчы. У працах «Апошні год Вялікага сейма» (1896) і «Таргавіцкая канфедэрацыя» (1903) прааналізаваў грамадскія настроі ў Рэчы Паспалітай у 1791—93. Інш. працы: «Калантаеўская кузня» (1885), «Разумовы пераварот у Польшчы XVIII ст.» (1891), «Гістарычныя пісьмы» (т. 1—3, 1901).
Ю.В.Бажэнаў.
т. 15, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)