АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),

калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.

Вял. інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.

Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл. Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Дзярж. т-ра муз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.

Літ.:

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),

на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945, Ялцінская канферэнцыя 1945,

нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл. Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССРсав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.

Літ.:

Сиполс В.Я., Челышев И.А. Крымская конференция, 1945 г. М., 1984;

Ялтинская конференция 1945: Уроки истории. М., 1985;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гт. Мн., 1994.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫНО́ВІЧ (Жыдовіч) Іосіф Іосіфавіч

(14.5.1907, в. Арэшкавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 13.1.1974),

бел. цымбаліст, дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1963). Скончыў юрыд. ф-т БДУ (1931), Бел. кансерваторыю (1941). Выступаў як сельскі музыкант-самавук. Прафес. дзейнасць пачаў у 1922 як саліст-цымбаліст БДТ (Нац. т-р імя Я.​Купалы). У 1930—35 кіраўнік, у 1938—41 саліст, канцэртмайстар і педагог, з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь (з 1974 імя Ж.). З 1944 педагог Беларускай кансерваторыі, дзе заснаваў клас цымбалаў і кафедру нар. інструментаў (у 1946—63 яе загадчык). Як прафес. выканаўца на бел. цымбалах тонка адчуваў прыроду інструмента, выдатна выяўляў яго выразныя магчымасці. Яго ігра вызначалася віртуозным размахам, артыстызмам, беражлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту. Сольны рэпертуар складаўся з уласных арыгінальных твораў («Беларускія танцы», «Працяжная і карагодная» і інш.), пералажэнняў п’ес Ф.​Шапэна, Г.​Вяняўскага, І.​Штрауса, Ф.​Крэйслера. Канцэртаваў як віртуоз-цымбаліст у Германіі, Фінляндыі, Канадзе, Польшчы. Стварыў унікальны па складзе нар. аркестр, для станаўлення якога вял. значэнне меў яго ўдзел ў рэканструкцыі муз. інструментаў, найперш цымбалаў. Выключны ўклад Ж. ў стварэнне рэпертуару для гэтага калектыву, у т. л. уласных твораў («Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі нар. танцаў «Лявоніха» і «Мікіта», а таксама пералажэнняў — 7-й сімфоніі В.​А.​Моцарта, сімфаньеты «Беларускія карцінкі» М.​Чуркіна, фіналаў 1-га канцэрта для фп. з арк. і Серэнады для стр. аркестра П.​Чайкоўскага, фп. п’ес «У манастыры» з «Маленькай сюіты» А.​Барадзіна і «Багатырскія вароты» з «Карцінак з выстаўкі» М.​Мусаргскага і інш. твораў класічнай і сучаснай музыкі). Асабліва вялікі ўклад Ж. ў падрыхтоўку выканальніцкіх і пед. кадраў — стварэнне ім першай школы ігры на бел. цымбалах. Сярод яго вучняў В.Бурковіч, Я.Гладкоў, Д.Сцяпанава, М.​Шмелькін і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на нар. інструментах (1939). Дзярж. прэмія Беларусі 1968. З 1987 на Беларусі праводзіцца Рэсп. конкурс імя Ж. У Мінску на доме, дзе жыў Ж., устаноўлена мемар. дошка.

Літ. тв.: Белорусские цимбалы // Науч. метод. зап. Бел. гос. консерватории. Мн., 1958. Вып. 1; Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958; Оркестр цимбалистов. Мн., 1968; Школа ігры на цымбалах. 3 выд. Мн., 1993.

Літ.:

Насценка З.М. Іосіф Жыновіч. Мн., 1969.

А.​Я.​Ракава.

І.І.Жыновіч.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛУНЫ́ (ад слав. валяць),

круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб. «Вялікі камень» 11 × 5,6 × 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.

З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл. «Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).

Літ.:

Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992;

Ледавіковыя валуны Беларусі: Эксперым. база вывучэння валуноў. Мн., 1993.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ (Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса I [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.​Гасек, Г.​Ф.​Гендэль, Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Э.​Меполь, А.​Аляб’еў, А.​Арэнскі, М.​Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.​Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.​Смольскага, «Матухне Кураж» С.​Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.​Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.​Вяржбіцкіх, Д. і В.​Стафановічаў, А.​Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),

вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).

М.​І.​Ермаловіч.

Гедзімін. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна гіст. ведаў, якая займаецца стварэннем гіст. карт і атласаў. Арганічна звязана з геаграфіяй гістарычнай. Гал. састаўныя элементы — час, тэрыторыя і падзея — вызначаюць характар гіст. карт. Паводле тэматыкі яны падзяляюцца на археалагічныя, этнагр., гіст.-эканам., гіст.-культурныя і інш., паводле мэтавага прызначэння — вучэбныя, даведачныя, або ілюстрацыі да самаст. гіст. даследавання. У залежнасці ад тэматыкі і прызначэння выбіраюцца маштаб карты, легенда і ўмоўныя знакі. У адносінах да сучаснасці старыя гіст. карты становяцца гіст. крыніцамі. Назва «Русь» і абазначэнне некат. бел. гарадоў упершыню змешчаны на карце Ідрысі (12 ст). Першым узорам карты новага тыпу стала карта Еўропы Мікалая Кузанскага (15 ст.), дзе пазначана Русь Белая. Па ініцыятыве М.Радзівіла Сіроткі ў 1603 у Нясвіжы Т.Макоўскім выдадзена буйнамаштабная карта ВКЛ, але больш дакладнай стала карта ВКЛ Г.Баплана (1652). У пач. 18 ст. выканана першая рас. карта Беларусі. У гіст. плане тэр. Беларусі адлюстравана на асобных картах, створаных І.Лялевелем, М.Балінскім, Я.​Тапальніцкім. Асобныя тэмы бел. гісторыі (народанасельніцтва, адм. падзел і інш.) даволі падрабязна раскрыты ў картаграфічных працах рас. вучоных 2-й пал. 19 ст. П.М.Бацюшкава, М.К.Любаўскага, Р.​Ф.​Эркерта. На мяжы 19—20 ст. польск. гісторыкі і картографы пачалі выданне падрабязных карт Рэчы Паспалітай 16 ст., якія павінны былі скласці гіст. атлас. З сярэдзіны 20 ст. ў Польшчы выдаецца серыя буйнамаштабных гіст. карт, якія ўваходзяць у шматтомны гіст. атлас. У СССР надрукаваны «Рускі гістарычны атлас» К.​В.​Кудрашова (1928), «Атлас гісторыі СССР» К.​В.​Базілевіча, І.​А.​Галубцова і М.​А.​Зіноўева (ч. 1—3, 1948—50), «Атлас карт і схем па рускай ваеннай гісторыі» Л.​Р.​Бяскроўнага (1946) і інш. У Беларусі картаграфічныя матэрыялы па гісторыі выдаюцца з 1950-х г., у т. л. ў комплексным атласе БССР (1958). Розныя па тэматыцы гіст. карты ўвайшлі ў шэраг энцыклапедычных і інш. выданняў выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1992 праца па складанні гіст. карт вядзецца ў аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Рыхтуюцца да друку «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» ў 5 т. з камплектам стараж. карт, гіст. нарыс «Беларусь на ваенна-тапаграфічных картах» і інш. выданні. Карты стараж. Беларусі прадстаўлены на старонках час. «Падарожнік».

Літ.:

Постников А.В. Развитие картографии и вопросы использования старых карт. М., 1985;

Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991;

Казлоў Л.Р. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1998.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)