грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв.эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ.развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСНАЯ ЛО́ГІКА,
лагічная сістэма, у якой выказванням (суджэнням, сцвярджэнням, сказам) акрамя значэнняў ісціны і няісціны могуць прыпісвацца «прамежкавыя» значэнні, якія называюць імавернасцямі ісціннасці выказванняў, ступенямі іх праўдападобнасці, ступенямі пацвярджэння і інш. Уяўляе сабой удакладненне індукцыйнай логікі і адзін з відаў мнагазначнай логікі. Ісцінным выказваннем (верагодным падзеям) прыпісваецца ісціннаснае значэнне (імавернасць) — 1, няісцінным выказванням (немагчымым падзеям) — 0. Значэннем выказванняў І.л., што разглядаюцца як гіпотэзы, можа быць любы сапраўдны лік паміж 0 і 1. Вылічэнне імавернасцей складаных гіпотэз, калі вядомы імавернасці выказванняў, якія іх складаюць, робіцца па правілах матэм. вылічэння імавернасцей. Праблематыка Іл. ў стараж.-грэч. філасофіі распрацоўвалася Арыстоцелем, у Новы час — Г.Лейбніцам, Дж.Булем, У.Джэвансам, Дж.Венам. Сучаснае развіццё грунтуецца на сувязі тэарэтыка-імавернасных паняццяў з ідэямі тэорыі інфармацыі і лагічнай семантыкі. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя, Імавернасць, Матэматычная логіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАЗІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ, паразітарныя хваробы,
хваробы жывёл і чалавека, абумоўленыя паразітаваннем у іх арганізме асобных відаў прасцейшых, чарвей, кляшчоў і насякомых. Паводле лакалізацыі ўзбуджальнікаў падзяляюцца на эндагенныя (узбуджальнікі паразітуюць у крыві, лімфе, унутр. органах) і экзагенныя (на скуры, слізістых абалонках); паводле віду ўзбуджальнікаў — на протазаозы (узбуджальнікі прасцейшыя), гельмінтозы (чэрві), акарозы (кляшчы), энтамозы (насякомыя). Крыніца заражэння — хворыя арганізмы або пасіўныя паразітаносьбіты. Заражэнне (перадача ўзбуджальніка І.х., або інвазія) адбываецца праз ежу, ваду і аб’екты знешняга асяроддзя, пры пранікненні ўзбуджальнікаў у арганізм праз вонкавыя абалонкі (скуру, слізістыя), кантакце з хворым (большасць І.х. належаць да прыродна-ачаговых і развіццё іх узбуджальнікаў адбываецца з удзелам прамежкавых гаспадароў ці пры пэўных умовах знешняга асяроддзя). Да І.х. іншы раз адносяць хваробы раслін, выкліканыя паразітаваннем тых жа арганізмаў. І.х. жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕКТУА́ЛЬНАЯ ПРА́ЦА,
творчая, нестандартная, разумовая праца, якая патрабуе ад чалавека развітога мыслення, шырокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі; найб. складаны від разумовай працы ў параўнанні з прыкладной, выканаўчай, стэрэатыпнай. Да І.п. належыць праца вучоных, канструктараў, творчай інтэлігенцыі, людзей, звязаных з абслугоўваннем высокатэхнал. вытв-сці і інш. У асобных выпадках яна спалучаецца з фіз. (праца пілотаў, касманаўтаў, хірургаў, наладчыкаў камп’ютэрнага абсталявання і інш.). Гіст. перадумовы ўзнікнення І.п. — патрэба чалавецтва ў навук. адкрыццях, канструяванні машын, стварэнні новых тэхналогій і інш. У працэсе развіцця вытв-сці адбыўся падзел разумовай і фіз. працы. Паступова разумовая праца набыла рысы І.п. Асаблівае развіццё яе адбылося ў 2-й пал. 20 ст., калі навука стала вызначальным фактарам вытв-сці і інш. сфер грамадскага жыцця (ахова здароўя, адукацыя, культура і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛІ́НІ (Cavallini; сапр.дэі Чэроні; dei Cerroni) П’етра
(каля 1250, Рым — каля 1350),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік Протарэнесансу. Як мастак склаўся пад уздзеяннем візант. традыцыі, але не падпарадкоўваўся яе канонам, імкнуўся аднавіць высокія формы познаантычнага і сярэдневяковага рым. жывапісу. Быў знаёмы з Чымабуэ і Джота ды Бандоне, што абумовіла іх узаемаўплыў. Творам К. (мазаіка ў царкве Санта-Марыя ін Трастэверэ, каля 1291, і манум. кампазіцыя «Страшны суд» з яго фрэсак у царкве Санта-Чэчылія ін Транстэверэ, каля 1293, абедзве ў Рыме) уласціва выкарыстанне святлоценявой мадэліроўкі, што дае эфект рэльефнасці выявы (праз рэзкі і глыбокі цень), прасторавасць асяроддзя і тонкіх градацый колеру. Зрабіў уплыў на развіццёрым., неапалітанскай і умбрыйскай школ жывапісу 14 ст.
І.М.Каранеўская.
П.Каваліні. Мазаіка «Благавешчанне» ў царкве Санта-Марыя ін Транстэверэ ў Рыме. Каля 1291.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ ((Lehr-Spławiński) Тадэвуш) (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),
польскі мовазнавец-славіст. Акад.АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАПУ́ТУ (Maputo),
горад, сталіца Мазамбіка. Знаходзіцца на Пд краіны. Адм. ц. правінцыі Мапуту. 2212 тыс.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт чыгунак у глыб мацерыка. Буйны порт у бухце Дэлагоа Індыйскага ак. (вываз бавоўны, цукру, сізалю, копры, драўніны, фруктаў), адыгрывае важную ролю ў знешніх сувязях Паўд.-Афр. Рэспублікі і Свазіленда. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., маш.-буд., металаапр., дрэваапр., нафтаперапр., хім., цэм., керамічная, абутковая, тэкстыльная. Ун-т. Музеі. Бат. сад.
Засн. ў 1721 як нідэрландская факторыя. З 1760 партуг. горад Ларэнсу-Маркіш. Хуткае развіццё М. пачалося пасля 1895, калі праз горад прайшла чыгунка з Трансвааля. З 1907 адм. ц.партуг. калоніі Мазамбік, з 1975 сталіца незалежнай дзяржавы. У 1975—76 наз. Кан-Фума, з 1976 сучасная назва. Прыморскі курорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.