ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін
[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],
лактагенны гармон,
гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)