сярэдневяковае драм. дзеянне, якое з’яўлялася інтэгральнай часткай кананічнага набажэнства (імшы, ютрані, вячэрні). Пашырана ў 10—13 ст. у краінах Зах. Еўропы. У адрозненне ад драм на рэліг. сюжэты Л.д. поўнасцю спяваліся, у іх не было размоўных эпізодаў, мова ўсіх тэкстаў лацінская. Агульная кампазіцыя традыц. Л.д. — тыповая для сярэдневякоўя «шматковая» тэхніка цэнтону — кантамінацыі, мантажу гатовых, «дадзеных» тэкстаў. Яны ўключалі традыц. рэспансорыі, антыфоны, гімны, секвенцыі, кантыклі, версы, псалмы, даксалогіі, евангеллі, казанні і інш. З традыц. стылістыкай харальных спеваў кантраставалі эпізоды, вытрыманыя ў нар.-песенным або танц. характары.
Першыя Л.д., зафіксаваныя ў рукапісах, — простыя дыялагічныя ўстаўкі ў абавязковы тэкст велікодных набажэнстваў, т.зв. «Дыялогі ля труны» (10 ст.). Іх узнікненне і пашырэнне абумоўлена кульмінацыйнымі перыядамі літургічнага года — Перадвелікодным тыднем і Нараджэннем Хрыстовым. Напачатку ўзніклі кароткія інсцэнізацыі тыпу «Наведвання труны», якія паступова развіліся ў сапр. драмы (пасійныя п’есы з «Carmina burana» і інш.). Аснова сюжэтаў Л.д. — жыціі святых, біблейскія гісторыі, легенды пра Антыхрыста; найб. вядома унікальнае «Дзейства пра Данііла», створанае ў школе г. Бавэ (Францыя, 12 ст.) — сапраўдная разгорнутая «опера» з сольнымі, хар. і ансамблевымі эпізодамі. Ствараліся і перапісваліся ў Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі і інш. З 14 ст. роля Л.д. паступова змяншалася.
Літ.:
Андреев М.Л. Средневековая европейская драма: Происхождение и становление (X—XIII вв.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,
сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб.пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).
Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.
На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.
Б.А.Багатаў, П.Я.Антонаў.
Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,
кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.
Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш.запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.
Літ.:
Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;
Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТО́НДА (італьян. rotonda ад лац. rotundns круглы),
круглае ў плане цэнтрычнае збудаванне, звычайна завершанае купалам, з размешчанымі па перыметры калонамі. Вядома з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма ў некат. храмах, маўзалеях, залах, паркавых павільёнах, альтанках і інш. (Рымскі пантэон). Сустракаліся ў культавых збудаваннях сярэдніх вякоў, эпохі Адраджэння, стылю класіцызму. На Беларусі вядома з 16 ст., найб.пашырана ў культавым дойлідстве стылю класіцызму (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, капліца-пахавальня ў в. Пральнікі Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Форму Р. мелі ў сваіх завяршэннях некат. манум. збудаванні: Гродзенскі палац Тызенгаўза, ратушы ў Гродне, Мінску, г. Драгічын (Брэсцкая вобл.). У выглядзе Р. вырашаны альтанкі і павільёны ў рэгулярных і пейзажных парках сядзіб вёсак Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., Варняны Астравецкага, Залессе Смаргонскага р-наў Гродзенскай вобл., Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і інш. (18—19 ст.), альтанкі ў архітэктуры 1950-х г. (на набярэжнай р. Свіслач і каля гал. ўвахода ў Цэнтр дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску).
С.А.Сергачоў.
Капліца-пахавальня ў форме ратонды ў в Пральнікі Валожынскага раёна Мінскай вобл. (цяпер Мікалаеўская царква). 2-я пал 19 ст. Фота 2000.Да арт.Ратонда. Царква-ратонда Святой Труны ў г. Кембрыдж (Вялікабрытанія). Каля 1101—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),
дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб.пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),
зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.
2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз.акамадацыяй.
3) У біялогіі тое, што анабалізм.
4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл.Генетычная інжынерыя).
У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб.пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРТО́ЎКА,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.
Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння мех. уласцівасцей) і інш. Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.
Літ.:
Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў. Афіц. мова Кітая, адна з афіц. моў ААН. Пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, В’етнаме, М’янме, Малайзіі, Тайландзе, Сінгапуры і інш. дзяржавах Паўд.-Усх. Азіі. Існуе ў 2 формах — пісьмовай і вуснай, якія не маюць адпаведнасцей. У пісьмовай К.м. выкарыстоўваюцца іерогліфы, якія забяспечваюць цэласнасць арэала распаўсюджання К.м. і часта з’яўляюцца адзіным сродкам міждыялектных зносін. Вылучаюць 7 асн. дыялектных груп: паўн., у, сян, гань, хакка, юэ, мінь. Літ. мова абапіраецца на паўн. дыялекты, у аснову літ. вымаўлення пакладзена пекінская гаворка. Галосныя і зычныя вуснай К.м. арганізаваны ў таніраваныя склады; усяго ў К.м. 4 тоны (узыходны, сыходны, высокі і нізкі). У безнаціскным становішчы тон страчваецца. У К.м. адсутнічае словазмяненне; у словаўтварэнні дамінуе коранескладанне. Часціны мовы прадстаўлены 2 вял. класамі слоў, якія абазначаюць прадмет або яго прыкмету. Сінтаксіс характарызуецца жорсткім парадкам членаў сказа.
Стараж.-кіт. мова (гувэнь) узнікла ў 1-м тыс. да н. э. У 4—3 ст. да н. э. склалася яе літ. норма (вэньянь), якая са зменамі выкарыстоўвалася як пісьмовая літ. норма да 20 ст. У 1-й пал. 20 ст. незразумелы на слых вэньянь быў выцеснены ў пісьмовых зносінах «агульназразумелай мовай» (путунхуа), якая стала нац.літ. мовай. К.м. карыстаецца кітайскім пісьмом. Стараж.літ. помнікі датуюцца 1-й пал. 1-га тыс. да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОНТРРЭФО́РМЫ»,
заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.