БУ́ТЛЕРАЎ Аляксандр Міхайлавіч
(15.9.1828, г. Чыстапаль, Татарстан — 17.8.1886),
рускі хімік, заснавальнік рус. школы хімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1874). Скончыў Казанскі ун-т (1849), у якім і працаваў, праф. (1857), у 1860 і 1863 рэктар. З 1868 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па арган. сінтэзе і тэорыі хім. будовы. Адкрыў новы спосаб сінтэзу ёдзістага метылену (1858), атрымаў уратрапін і палімер фармальдэгіду (1861), які выкарыстаў для сінтэзу цукрыстага рэчыва «метыленітану». Стварыў тэорыю хім. будовы, паводле якой уласцівасці рэчываў абумоўлены парадкам сувязей атамаў у малекулах і іх узаемным уплывам (1861). Растлумачыў з’яву ізамерыі (1864). У 1864 выдаў кнігу «Уводзіны да поўнага вывучэння арганічнай хіміі», дзе тэорыя хім. будовы ўпершыню пашырана на ўсе класы арган. злучэнняў.
Тв.:
Соч. Т. 1—3. М., 1953—58.
Літ.:
Быков Г.В. А.М.Бутлеров: Очерк жизни и деятельности. М., 1961.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)