САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал.нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц.культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.
Літ.:
Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;
Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАТАРЫЯ́Т ААН,
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які дзейнічае пастаянна згодна са Статутам ААН. Асн. функцыя С. ААН — арганізац.-адм. абслугоўванне органаў структуры ААН, яе камітэтаў, канферэнцый. Выконвае адм.-тэхн. функцыі ААН, у прыватнасці, рыхтуе некат. матэрыялы; перакладае, друкуе і распаўсюджвае даклады, рэзалюцыі і інш. дакументы ААН; забяспечвае вусны пераклад прамоў, якія гаворацца на пасяджэннях гал. органаў ААН і іх дапаможных органаў; складае, друкуе і рассылае стэнаграфічныя і кароткія справаздачы пасяджэнняў; захоўвае дакументы ААН у архівах; рассылае ўсе дакументы Генеральнай Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН і інш. членам ААН і выконвае інш. работу, якая можа быць ускладзена на ягогал. органамі ААН. С. ААН складаецца з Генеральнага сакратара ААН і прызначанага ім персаналу ў адпаведнасці з правіламі, якія ўстанаўліваюцца Ген. Асамблеяй. У апошні час агульная колькасць персаналу С. ААН складала больш як 50 тыс. чалавек з 175 краін. Знаходзіцца ў Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЯРЭ́ЦКІЯ,
княжацкі род герба «Равіч» у ВКЛ. Па паходжанні Рурыкавічы, прозвішча ад маёнтка Саламярэч (цяпер в. Саламарэчча Мінскага р-на). Паходзяць ад Івана Дзмітрыевіча (мянушка Шах), унука смаленскага вял.кн. Святаслава Глебавіча (?—1310). Найб. вядомыя:
Васіль Іванавіч (?—1540?), дзяржаўца кернаўскі ў 1513, намеснік любашанскі ў 1518, дзяржаўца магілёўскі з 1520. Заснаваў у Саламярэчы манастыр. Іван Васілевіч (?—1577 або 1578), першы кашталян мсціслаўскі з 1566. Багдан Іванавіч (?—1602), староста крычаўскі і алучыцкі з 1580. Праціўнік Брэсцкай царк. уніі 1596, падтрымліваў правасл. брацтвы. Багдан Багданавіч (? — каля 1630), у 1626 з сястрой Аленай заснаваў у мяст. Баркулабава правасл. мужчынскі манастыр. Багдан Васілевіч (? — 1565), дзяржаўца айнаўскі ў 1555, дзяржаўца (староста) рагачоўскі з 1559. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Мікалай Леў (? — 1626), падкаморы пінскі ў 1608—23, кашталян смаленскі з 1623. Ян Уладзіслаў(? — лют. 1641), маршалак пінскі з 1629. З яго смерцю род С. згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ХА,
адзін з найбагацейшых скіфскіх курганоў (т.зв. царскіх) 4 ст. да н.э. за 12 км на ПдУ ад с.Вял. Знаменка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл. Украіны. Даследаваны ў 1912—13 М.І.Весялоўскім. Пад насыпам выш. 18 м выяўлены 2 «царскія» пахаванні. Цэнтр. разрабавана ў старажытнасці, бакавое — цэлае. У бакавым разам з царом пахаваны яго слугі — віначэрп і збраяносец.
Знойдзены наборы зброі, бронзавая булава — знак улады, залатая грыўня, бранзалеты, шматлікія бляшкі ад адзення ці полага, сярэбраныя пасудзіны і інш. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць залаты грэбень з фігуркамі скіфаў, якія змагаюцца, і сярэбраны абклад гарыта з выявай пешых і конных воінаў. На З ад царскай грабніцы выяўлена яма з 5 шкілетамі коней, на якіх захаваліся рэшткі аброцей з бронзавымі бляхамі, побач — пахаванне конюха.
Літ.:
Сокровища скифских курганов в собрании Государственного Эрмитажа. Прага;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААХО́ВЫ ЗБРО́Я,
зброя, прызначаная для выкарыстання грамадзянамі ў мэтах самааховы; адзін з відаў т.зв. грамадз. зброі (побач са спартыўнай, паляўнічай і халоднай зброяй).
Падзяляецца на: агнястрэльную зброю гладкаствольную (у т. л. з патронамі траўматычнага дзеяння) і бясствольную (з патронамі траўматычнага, газавага і святлогукавога дзеяння), газавую (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. прыстасаванні са слёзатачывымі або раздражняльнымі рэчывамі), электрашокавыя прыстасаванні і іскравыя разраднікі (дазваляюць уздзейнічаць на нападаючага высокім эл. напружаннем і выклікаюць у яго часовую недзеяздольнасць). Газавыя пісталеты і рэвальверы звычайна падобныя на папулярныя мадэлі баявой зброі. Для самааховы можа выкарыстоўвацца і паляўнічая зброя. Класіфікацыя, правілы набыцця і выкарыстання С.з. ўстанаўліваюцца адпаведным заканадаўствам краіны.
Літ.:
Щелоков А.А. Оружие самозащиты. М., 1993;
Газовые пистолеты и револьверы: Справ. пособие. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З САЮ́ЗАЎ,
аб’яднанне прафесійна-палітычных саюзаў у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Зарадзіўся ў канцы 1904, у ходзе «банкетнай кампаніі» (120 банкетаў пад паліт. лозунгамі ў 34 гарадах), аформіўся ў 1905—06. Уключаў 20 усерас. саюзаў (інжынераў, і тэхнікаў, акадэмічны, адвакатаў, земцаў-канстытуцыяналістаў, раўнапраўя жанчын, сялянскі і інш.) і каля 40 мясц. аддзяленняў; усяго каля 135 тыс. членаў (без Усерас.сял. саюза) — у асноўным інтэлігенцыя і служачыя. Гал. патрабаванне — скліканне Устаноўчага сходу і ўвядзенне паліт. свабод. Дзейнічаў у кантакце з Пецярб. саветам рабочых дэпутатаў (у снеж. 1905 дэлегаваў у яго склад сваіх членаў), удзельнічаў у кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачцы 1905, паліт. забастоўках у ліст. і снеж. 1905 у Пецярбургу, Маскве, аказваў фін. падтрымку рэв. партыям і арг-цыям, даваў сродкі на ўзбраенне баявых дружын, дапамагаў б. палітзняволеным. Распаўся ў 1906 у сувязі з забаронай паліт. дзейнасці прафсаюзаў і іх аб’яднанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш.дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.Б.Гарабурда атрымаў ад вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў І́ГАРАВІЧ (? — 972),
вялікі князь кіеўскі [964—972]. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын вял. князя кіеўскага Ігара. У 964—966 вызваліў вяцічаў ад улады хазар і падначаліў іх Кіеву. У 960-я г. разграміў Хазарскі каганат, разбурыў яго сталіцу Ітыль і г. Саркел (на Доне). Ваяваў з Балгарыяй волжска-камскай і захапіў яе сталіцу Булгар. На Паўн. Каўказе заваяваў хазарскую крэпасць Семендэр, разбіў ясаў і касогаў. У 967 уварваўся ў Дунайскую Балгарыю і ўмацаваўся ў г. Пераяславец у вусці Дуная. Калі на Кіеў напалі печанегі, вярнуўся, разбіў іх і зноў прыйшоў у Балгарыю. Каля 971 у саюзе з балгарамі і венграмі ваяваў супраць Візантыі. У 971 заключыў мір з візантыйскім імператарам Іаанам I Цымісхіем. На шляху да Кіева каля дняпроўскіх парогаў загінуў у баі з печанегамі.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Сахаров А.Н. Дипломатия Святослава. 2 им. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.А.Каменскі, І.Г.Песталоці, Ф.Фрэбель, М.Мантэсоры і інш). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.