САЛАМЯРЭ́ЦКІЯ,

княжацкі род герба «Равіч» у ВКЛ. Па паходжанні Рурыкавічы, прозвішча ад маёнтка Саламярэч (цяпер в. Саламарэчча Мінскага р-на). Паходзяць ад Івана Дзмітрыевіча (мянушка Шах), унука смаленскага вял. кн. Святаслава Глебавіча (?—1310). Найб. вядомыя:

Васіль Іванавіч (?—1540?), дзяржаўца кернаўскі ў 1513, намеснік любашанскі ў 1518, дзяржаўца магілёўскі з 1520. Заснаваў у Саламярэчы манастыр. Іван Васілевіч (?—1577 або 1578), першы кашталян мсціслаўскі з 1566. Багдан Іванавіч (?—1602), староста крычаўскі і алучыцкі з 1580. Праціўнік Брэсцкай царк. уніі 1596, падтрымліваў правасл. брацтвы. Багдан Багданавіч (? — каля 1630), у 1626 з сястрой Аленай заснаваў у мяст. Баркулабава правасл. мужчынскі манастыр. Багдан Васілевіч (? — 1565), дзяржаўца айнаўскі ў 1555, дзяржаўца (староста) рагачоўскі з 1559. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Мікалай Леў (? — 1626), падкаморы пінскі ў 1608—23, кашталян смаленскі з 1623. Ян Уладзіслаў(? — лют. 1641), маршалак пінскі з 1629. З яго смерцю род С. згас.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)