ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),
парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.Шчуко, У.Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.Сімбірцаў, І.Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.Васільеў, Я.Левінсон).
С.А.Сергачоў.
Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. constructio пабудова),
поўная (карэнная) або частковая (малая) перабудова з мэтай палепшыць ці ўдасканаліць што-небудзь. У працэсе Р. вытв-сці, напр., узнаўляюцца ці абнаўляюцца наяўныя асноўныя вытворчыя фонды і вытв. магутнасці на новай тэхн. аснове з мэтай павелічэння аб’ёмаў вырабу прадукцыі, павышэння яе тэхн. ўзроўню і якасці, паляпшэння ўмоў працы.
Пры частковай Р. абнаўляюцца і мадэрнізуюцца некат. прылады працы, абсталяванне, часткова перабудоўваюцца асобныя цэхі без значнага пашырэння іх вытв. плошчаў; пры поўнай Р. — абнаўляецца пераважная частка абсталявання, комплексна механізуюцца і аўтаматызуюцца вытв. працэсы, мяняюцца тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, будуюцца новыя, расшыраюцца старыя цэхі і ўчасткі асн. і дапаможнай вытв-сці. Робіцца таксама з мэтай змены профілю прадпрыемства ці вырабу новай прадукцыі на існуючых вытв. плошчах. Эканам. перавагі перад новым буд-вам: меншыя капітальныя затраты на адзінку прадукцыі, карацейшы тэрмін перабудовы, што дае магчымасць хутчэй і з меншымі выдаткамі атрымаць прырост прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЯ́Н,
спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частка нар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕДАВІКІ́,
камяні-валуны з поўнасцю ці часткова выбітай выявай слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі) або розных жывёл ці міфічных істот. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. трапляюцца ў Афрыцы. С. — праяўленне язычніцкіх культаў. Мяркуюць, што культ камянёў-С. узнік у бронзавым веку ў 2-м тыс. да н.э. Бытуюць легенды, нібыта раней камяні былі больш мяккія і розныя істоты пакідалі на іх сляды. Вада са слядоў лічылася гаючай. З пашырэннем хрысціянства многія С. набылі функцыі прошчаў. На Беларусі вядома больш за 70 С., сканцэнтраваных пераважна на Пн і ў цэнтры краіны. Найб. вядомыя камяні-С. каля вёсак Дзераўно Лагойскага р-на і Кудзінавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл., Малькавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Наўгароды Міёрскага р-на Віцебскай вобл., Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Да арт.Следавікі. Камень са «слядамі» Багародзіцы каля в. Сянежычы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ПА,
традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы ў розных народаў. Выкарыстоўвалася і для інш. мэт. На Беларусі былі пашыраны ручная і нажная С. Ручную рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы вышынёю 110—120 см. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку глыбінёй 40—50 см. Зерне ў С. таўклі таўкачом — тоўстай палкай з паўкруглымі канцамі, даўжынёй да 90—100 см. Часта таўклі ў 2 таўкачы. Нажныя С. бытавалі на Палессі, часткова на Міншчыне (пры раскопках Мінскага замчышча 11—12 ст. знойдзены 2 нажныя і 1 ручная С). Вышыня нажной С. 50—60 см. У 4-вугольным або круглым цурбане (калодзе) выдзёўбвалі конусападобную ці круглую адтуліну для зерня. Калоду нярэдка ўкопвалі ў зямлю. Таўкач мацавалі на канцы доўгага бруса (рычага), замацаванага рухома на восі ці на падстаўцы. Рычаг прыводзіўся ў рух нагою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНАСЦЬу жывёл,
форма выкарыстання асобінамі, сем’ямі, папуляцыямі жывёл тэрыторыі, якая вызначае прасторавыя ўзаемаадносіны паміж імі. Садзейнічае больш раўнамернаму размяшчэнню арганізмаў і з’яўляецца механізмам, які лімітуе іх колькасць. Найб. характэрна для жывёл са складанымі рэпрадуктыўнымі паводзінамі: вышэйшых ракападобных, павукоў, насякомых, малюскаў, рыб, земнаводных, рэптылій, часцей для птушак, млекакормячых.
У аснове Т. — канкурэнцыя з-за прасторы з усімі яе рэсурсамі (прыстанішчы, корм, асобіны процілеглага полу). Праяўляецца Т. у індывід.ці групавой, пастаяннай ці сезоннай ахове тэрыторыі (участкі гнездавыя, індывід., сямейныя, каланіяльныя, паляўнічыя, спароўвання) пры дапамозе дыстантных ці кантактных сігналаў. Да дыстантных належаць апавяшчэнне канкурэнтаў гукамі (стракатанне цвыркуна, спевы птушак, выццё ваўкоў), пахам (мечанне тэрыторыі мачой у кашэчых і памётам у капытных). Набор пагражальных сігналаў (афарбоўка, позы, паводзіны) выкарыстоўваецца пры сутыкненні асобін на агульнай мяжы (кантактныя сігналы). Асобіны, не здольныя ўтрымаць тэрыторыю, выключаюцца з размнажэння; пры празмерна высокай шчыльнасці папуляцыі сутыкненні завяршаюцца гібеллю слабейшых.