рэспубліканскі спарт. комплекс непадалёку ад в. Раўбічы Мінскага р-на, прызначаны для трэніровак і спаборніцтваў па біятлоне, лыжных гонках, лыжным дваябор’і, скачках на лыжах з трампліна, слаламе, канькабежным спорце, фрыстайле, сноўбордзе; асн. цэнтр падрыхтоўкі бел.нац. зборных па зімовых і інш. відах спорту Пабудаваны ў 1974 (арх. В.Аладаў, У.Крывашэеў, С.Неўмывакін) сярод ляснога ландшафту, на тэр. 36 га. У 1980—90-я г. плошча комплексу пашырана да 80 га. У комплекс уваходзяць: спарт. збудаванні — стрэльбішчы асноўнае (150 × 140 м) з 100-метровым жалезабетонным бліндажом і трэніровачнае (150 × 50 м); трасы — лыжная (3 пятлі агульнай даўж. 20 км, 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём, разліковая даўж. скачка 20, 40 і 60 м), спецыялізаваная лыжаролерная з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная. ролікадром (150 × 60 м) і інш.; універсальная спарт. зала, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, судзейскі павільён з прэс-цэнтрам, вузлом сувязі і інш., адм.-гасп. корпус. На штучных земляных валах размешчаны трыбуны для гледачоў, злучаныя пераходнымі мастамі з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Р.» праводзяцца буйныя міжнар і рэсп. спаборніцтвы.
В.Б.Ангелаў.
Спартыўны комплекс «Раўбічы». Адзін з лыжных трамплінаў.Спартыўны комплекс «Раўбічы». Універсальная спартыўная зала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, у межах Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. да 260 км, шыр. да 130 км. Разведаныя запасы каменнай солі 22 012,8 млн.т, калійнай — 7171,7 млн.т. Перспектыўныя запасы калійнай солі — 4229,8 млн.т. Першае Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей (разведана ў 1949) эксплуатуецца з 1963. На калійныя солі разведаны Петрыкаўскае радовішча калійных солей і Акцябрскае, выяўлена 5 перспектыўных плошчаў: Драздоўская, Светлагорская, Навадубраўская, Капаткевіцкая і Жыткавіцкая. Разведаны радовішчы каменнай солі: Давыдаўскае радовішча каменнай солі, Мазырскае радовішча каменнай солі і Старобінскае. Мазырскае радовішча эксплуатуецца шляхам падземнага растварэння каменнай солі і здабычы расолу праз свідравіны штогод да 180—360 тыс.т; на Старобінскім радовішчы каменная саль здабываецца шахтавым спосабам (500—520 тыс.т за год). У П.с.б. сярод сярэдне- і верхнедэвонскіх і ніжняпермскіх адкладаў выяўлена 5 саляносных фармацый: эйфельская, верхняфранская, ніжнефаменская, сярэдняверхнефаменская і ніжняпермская, якія залягаюць на глыб. 300—4695 м. У эйфельскай фармацыі лёгкарастваральныя ў вадзе солі прадстаўлены каменнай соллю, якая ўтварае ў паўн.ч. Прыпяцкага прагіну пласт магутнасцю да 31 м. Верхняфранская саляносная фармацыя пашырана на пл. каля 20 тыс.км², магутнасць 150—800 м, у раёнах праяўлення салянога тэктагенезу (Ельская, Маладушынская, Залатухінская і інш. структурныя плошчы) дасягае 1000—1500 м. Фармацыя прадстаўлена пераслойваннем пластоў і пачкаў каменнай солі, даламітавых мергеляў і глін, сульфатна-гліністых, карбанатна-сульфатна-гліністых парод, пясчанікаў, алеўралітаў, ангідрытаў, вулканічных туфаў і туфітаў. На З і Пд басейна ў асобных пластах каменнай солі развіты калійныя гарызонты (да 4) магутнасцю 1—1,5 м. Ад верхняфранскай і ніжнефаменскай саляносных фармацый сярэдневерхнефаменская фармацыя аддзяляецца магутным (да 900 м і больш) міжсалявым тэрыгенна-сульфатна-карбанатным комплексам, у якім на асобных участках у цэнтр. і паўд.ч. Прыпяцкага прагіну адзначаны адзінкавыя пласты каменнай солі магутнасцю 1—17 м. Сярэдневерхнефаменская саляносная фармацыя пашырана на пл. больш за 26 тыс.км², магутнасцю 100—3000 м. Паводле літалагічнага складу яна падзяляецца на ніжнюю, або галітавую (соленасычэнне да 85—95%) і верхнюю, або каліяносную субфармацыі. Каліяносная прадстаўлена пераслойваннем пластоў каменнай і калійных солей, карбанатна-гліністых і тэрыгенных парод. Калійныя солі пашыраны на пл. каля 14 тыс.км², выяўлена каля 60 гарызонтаў сільвінітавага, сільвін-карналітавага і карналітавага саставу. Фарміраванне саляносных адкладаў звязана з рыфтавым этапам развіцця Прыпяцкага прагіну. Дыферэнцыраваныя рухі па разломах з амплітудай да 2 км і больш абумовілі працэсы салянай тэктонікі, што асабліва праявіліся ў сярэдняверхнефаменскай галітавай субфармацыі ў выглядзе працяглых саляных валоў і сінклінальных зон субшыротнага напрамку. На З Прыпяцкага прагіну разломы з фундамента пранікаюць у каліяносную субфармацыю, што абумовіла плікатыўна-блокавую яе будову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),
1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.
2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб.пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.С.Бах, Ф.Куперэн, Р.Шуман, Р.Штраус, Б.Бартак), радзей для струнных (Дз.Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.Дзягцярык, Э.Тырманд, Л.Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),
Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.
Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),
выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш.спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.
На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст.пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.
Я.М.Сахута.
Да арт.Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Якуцкае гравіраванне па косці. Е.Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ РАЎНІ́НЫ (Great Plains),
перадгорныя плато на У Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Выш. ад 500 м на У да 1700 м на З. Працягласць з ПнЗ на Пд і ПдУ каля 3600 км, шыр. 500—800 км. Сфарміраваны на дакембрыйскім крышт. фундаменце Паўн.-Амерыканскай платформы, перакрытай тоўшчамі вапнякоў і лёсападобных суглінкаў. Уступы падзяляюць Вялікія раўніны на адасобленыя ўчасткі — плато: Эдуардс, плато Льяна-Эстакада, Высокія раўніны, Місуры.
Вялікія раўніны месцамі моцна расчлянёныя сеткай яроў, трапляюцца ўчасткі бедленду, на Пд — карст. Радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага і бурага вугалю, лігнітаў, поліметалаў, калійных солей. Клімат кантынентальны, на Пн умераны, на Пд субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. -28 °C на Пн і 12 °C на Пд, ліп. адпаведна 13 °C і 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 500 мм да 250 і з Пн на Пд ад 600 мм да 300 мм. Вял. рэкі: Місуры, Плат, Арканзас, Каларада, Пекас. Глебы пераважна каштанавыя, на Пн ад 51°паўн. ш. чарназёмныя, шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя; на крайнім Пд карычневыя і шэра-карычневыя. Пашырана стэпавая расліннасць, на Пн — лесастэп; на Пд — участкі саваннаў. Пашавая жывёлагадоўля. Земляробства: пасевы бавоўніку, бульбы, цукр. буракоў, кармавых траў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Камчацкай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Каракская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 301,5 тыс.км². Нас. 33 тыс.чал., гарадскога каля 40% (1997). Цэнтр — г.п.Палана. Гар. пасёлкі: Ільпырскі, Корф, Асора, Пахачы. Займае Пн п-ва Камчатка, прылеглую ч. мацерыка і в-аў Карагінскі; абмываецца Ахоцкім і Берынгавым морамі. (гл. карту да арт.Камчацкая вобласць).
Прырода. На тэр. К.а.а. пераважае горны рэльеф. На мацерыковай ч. Каракскае (выш. да 2562 м, г. Ледзяная) і Калымскае нагор’і, Пенжынскі, Ічыгемскі хрыбты, на паўвостраве Сярэдзінны хр. Нізіны Пенжынская і Парапольскі дол забалочаныя, шмат дробных азёр. Марскія ўзбярэжжы ў асноўным нізінныя. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, сера, ртуць, буд. матэрыялы. Клімат субарктычны. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C да -26 °C, ліп. 10—14 °C. Гадавая колькасць ападкаў 300—700 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі — Пенжына, Тыгіль, Вывенка, Пахача, Апука. Пераважаюць тундравыя і тарфяна-балотныя глебы. Расліннасць тундравая, у вярхоўях р. Пенжына лістоўніца, на зах. узбярэжжы каменная бяроза.
Гаспадарка. Асн. галіны — рыбная прам-сць, аленегадоўля. Здабыча бурага вугалю (45 тыс.т, 1996, Корфскае радовішча). Пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка). Малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Транспарт марскі і авіяцыйны. Суднаходства на р. Пенжына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭНЦІ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Lawrentian Upland). На ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе і часткова ў ЗША. Мяжуе на ПдУ з Апалачскімі ўзв., на Пд з Цэнтральнымі раўнінамі, на ПдЗ з Вялікімі раўнінамі, на З з нізінай Макензі, на Пн з нізінай Гудзонава заліва. На Пн і ПнУ абмываецца Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі. Пл. каля 5 млн.км². Азёрна-ўзгорысты рэльеф. Пераважаюць выш. 200—400 м; усх.ч. (п-аў Лабрадор) больш прыўзнятая (600—700 м); на паўн.-ўсх. узбярэжжы — горы Торнгат (выш. да 1676 м). Л.ў. складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, дыярытаў. Радовішчы нікелю (Садберы), жалезных і медных руд, золата, урану і інш. Захаваліся паясы друмлінаў і озавыя грады. Густая рачная сетка, шматлікія азёры. Клімат умераны і субарктычны. Зіма працяглая са снегападамі, лета кароткае халоднае. Шматгадовая мерзлата. З Пн на Пд змяняюцца зоны тундры, лесатундры і тайгі. Для тундравай зоны (паўн. трэцяя ч.) характэрны мохава-лішайнікавыя, асаковыя, хмызняковыя (карлікавая бяроза, багульнік і інш.) раслінныя асацыяцыі на тундра-глеевых і балотных глебах. Лесатундра з рэдкастойнымі лясамі з чорнай елкі, бальзамічнай піхты і інш.Пашырана лістоўніца. На Пд таежныя хвойныя лясы. Жывёльны свет тундры: паўн. алень (карыбу), пясец, лемінг, палярны воўк, палярная курапатка, палярная сава; у тайзе — лось, лясны алень, чорны мядзведзь, куніца, скунс, бобр, норка, андатра і інш.