ТРЫГУ́БІЦА.

бел. традыцыйная рыбалоўная прылада. Лакальныя назвы трохсценка, абарэц; у Паазер’і — рэжоўка, гант; на Палессі — баўтуха, свіроўка, гонка, дрыгавіца, крыжоўка. На Беларусі вядома здаўна. Звесткі пра яе змяшчаюць пісьмовыя крыніцы з 16 ст. (напр., «Устава на валокі» 1557). Складаецца з 3 сеткавых палотнішчаў: аднаго густога паміж двума рэдкімі, з вялікімі вочкамі (рэдзі). Рыба, натрапіўшы на сеткавую сцяну, праходзіць праз вочка 1-й рэдзі, «набірае» на сябе густое сеткавае палатно і, прайшоўшы праз вочка 2-й рэдзі, утварае мяшок-пастку. Рыбачылі Т. пераважна ў загон (з адной ці дзвюх лодак), рыбу ў сетку заганялі баўтом. Часам Т. выкарыстоўвалі як стаўную — перагароджвалі рэчкі і пратокі. Была пашырана да пач. 20 ст. Ў наш час лоўля рыбы Т. дазволена толькі ў прамысл. рыбалоўстве.

І.​М.​Браім.

Трыгубіца.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)