САЛІФЛЮ́КЦЫЯ (ад лац. solum глеба + fluctio выцяканне),

павольнае спаўзанне глеб і рыхлых грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання і пад уплывам сілы цяжару. Адзначаецца на схілах 2—5° і больш, пераважна ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты і сезоннага прамярзання грунтоў. С. садзейнічаюць актыўнае раставанне снегу і моцныя ліўні. Скорасці спаўзання звычайна складаюць некалькі сантыметраў за год, пры хуткіх зрушэннях на больш стромкіх схілах дасягаюць соцень метраў за гадзіну. С. прыводзіць да ўтварэння спецыфічных форм мярзлотнага рэльефу — саліфлюкцыйных тэрас, валоў, град і інш. На тэр. Беларусі С. была пашырана ў перыяд адступання ледавікоў у антрапагенавы перыяд. У сучасных умовах развіта слаба, дробныя формы С. трапляюцца на схілах Мінскага, Навагрудскага ўзвышшаў, Мазырскай грады, у далінах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і некат. малых рэк.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)