РАСПУ́ЦІН Валянцін Рыгоравіч (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш.Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫПІ́НСКІ Аляксандр Феліксавіч (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),
бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл.Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар.рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці дамаст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел.рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.Баршчэўскага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, Ф.Рысінскага, Т.Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.
Літ.:
Пачынальнікі. Мн., 1977;
Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;
Піятуховіч М. Рукапісы А.Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДА́РНАСЦЬ,
сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.А.Бакунін, П.А.Крапоткін, П.Л.Лаўроў, Л.І.Мечнікаў, М.К.Міхайлоўскі і інш.). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.
Літ.:
Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв.Т. 2. М., 1965;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш.зах.-еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў ягофілас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА Васіль Сяргеевіч (н. 18.1.1936, хутар Ясенец Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржвыдавецтве і выд-ве «Беларусь», у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1972—97 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Перакладае з ням., польскай, лат., укр. і інш. моў. Пераклаў кн. прозы ням. аўтараў В.Брэдэля «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л.Рэна «Вайна без бітвы» (1962), Г. дэ Бройна «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г.Гофэ «Фінальны акорд» (1979, з М.Навіцкім), Г.Фалады «Даўным-даўно ў нас дома» (1981), Т.Мана «Доктар Фаустус» (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992), Г.Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), Г.Грымельсгаўзена «Авантурнік Сімпліцысімус» (1997), кн. паэзіі І.В.Гётэ «Фауст» (1976), Р.М.Рыльке «Санеты Арфею» (1982), К.Маркса «Лірыка, 1836—1837» (1989), паэму Ф.Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994), з польскай мовы Ю.Тувіма «Польскія кветкі» (1984); з лат. мовы кн. лірыкі В.Бэлшэвіцы «Белы алень» (1985), драму Я.Райніса «Агонь і ноч» (1988); з ісп. мовы зб. вершаў К.Шэрмана «Сны» (1989, з Р.Барадуліным), з рус. мовы кн. Ю.Лабынцава «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага» (1992). Пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.І.Крашэўскага, Ц.Норвіда, В.Борхерта, І.Бехера, Г.Гейне, Ф.Фюмана, Э.Штрыгматэра, В.Лаціса, А.Чака, А.Скалбе, І.Зіеданіса, М.Нага і інш. Выдаў зб. выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» (1986), пераклаў на бел. мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002). Пераклаў для Нац.т-ра імя Я.Коласа драму Ф.Шылера «Марыя Сцюарт» (1968) і п’есу О’Ніла «Каханне пад вязамі» (1994), для Рэсп.т-рабел. драматургіі трагіфарс Б.Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), для Мінскага абл.драм.т-ра ў Маладзечне п’есу Т.Дорста «Гер Паўль» (1998).
Літ.:
Семяжон Я. Адкрыццё кантынента // Полымя. 1977. №8;
Караткевіч У. І наш «Фауст» // Маладосць. 1978. №5;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Крупкіна Г. Мастацкі космас гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску // Роднае слова. 2000. №7—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ (Scott) Вальтэр (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв. вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант. каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.Забалоцкая, М.Пазнякоў.
Тв.:
Бел.пер. — Айвенга. Мн., 1997;
Квенцін Дорвард. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.
Літ.:
Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;
Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗІЛО́ЎСКІ Мікалай Канстанцінавіч (псеўд.Русель; 15.12 1850, г. Магілёў — 30.4.1930),
дзеяч міжнар.рэв. руху, вучоны-прыродазнавец. Вучыўся ў Пецярбургскім, Кіеўскім і Бухарэсцкім ун-тах, д-р медыцыны (1877). Удзельнічаў у народніцкім руху ў Расіі, адзін з арганізатараў гуртка «Кіеўская камуна» (1873—74), вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і сялян на Украіне і ў Паволжы. З канца 1874 за мяжой. З кастр. 1875 у Бухарэсце, адзін з арганізатараў сацыяліст. руху ў Румыніі; значна паўплываў на развіццё рэв. руху ў Балгарыі. З 1881 у краінах Зах. Еўропы, удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні рэв. л-ры, быў блізкі да групы «Вызваленне працы», аказваў ёй фін. дапамогу. З 1887 займаўся медыцынай і публіцыстыкай у г. Сан-Францыска. З 1892 на Гавайскіх а-вах, стварыў партыю незалежных і стаў яе лідэрам, у 1900 выбраны чл. сената, у 1901 — прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі. З 1903 у Кітаі, спрабаваў арганізаваць напад на акатуйскую катаржную турму ў Забайкаллі з мэтай вызвалення палітвязняў. У рус.-яп. вайну 1904—05 у Японіі, вёў рэв. прапаганду сярод рус. ваеннапалонных, адкрыў, для іх 3 школы; у 1905 спрабаваў арганізаваць паход 60 тыс.рас. узброеных салдат з Японіі ў Расію, каб падтрымаць рэвалюцыю. У Японіі выдаваў рус. газеты «Япония и Россия», «Воля» і «Восточное обозрение». З 1906 у Кітаі, быў знаёмы з Сунь Ятсенам, памагаў кіт. рэвалюцыянерам зброяй. З 1921 жыў у Цяньцзіні, атрымліваў пенсію ад сав. ўрада. З яго імем звязаны вядомыя дасягненні ў галіне хірургіі, тэорыі туберкулёзу і інш. хвароб. С. — першы падарожнік-географ, які грунтоўна пазнаёміў рас. чытачоў з флорай і фаунай астравоў цэнтр. часткі Ціхага акіяна. Аўтар прац па медыцыне, хіміі, філасофіі, сацыялогіі, геаграфіі.
Літ.:
Грицкевич В.П. Добрый русский доктор на Гавайях // Грицкевич В.П.Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Мельников М.Ф. Из семьи соколиной мн., 1973;
Иосько М.И. Николай Судзиловский-Руссель. Мн., 1976;
Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1. С. 357—368;
Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1995. С. 556—564;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЕСТА́ЦЫЯ (ад франц. travestir пераапранаць),
сінкрэтычная форма нар. смеху, заснаваная на пераводзе ідэальнага, афіцыйна-высокага і сур’ёзнага ў нізкі, матэрыяльна-цялесны план; від камічнага. Асн. выяўленчы сродак Т. — амбівалентная гратэскавая вобразнасць (гл.Амбівалентнасць), першапачатковыя формы якой сфарміраваліся ў нар. культуры антычнасці, сярэдневякоўя і рэнесансу, развівалася ў мастацтве барока, бурлеска, асобных плынях рамантызму і мадэрнізму. У бел. культуры выявілася ў аўтэнтычных формах тэатралізаваных абрадаў, традыц. жанрах фальклору, дэкар.-прыкладным, тэатр. і цыркавым мастацтвах. Наглядныя формы Т. — маска і пераапрананне, імітацыя пярэваратня (каза, мядзведзь, воўк і інш.), тэатралізацыя гратэскавых аксюмаранаў (кароль у вобразе жабрака, разумны дурань і інш.). Гэтыя і інш. формы Т. характэрны для тэатралізаваных абрадаў каляндарнага (калядныя, масленічныя, велікодныя, купальскія, русаллі) і сямейнага (хрысціны, вяселле) цыклаў, карагодаў, гульняў («Жаніцьба Цярэшкі», «Прарок», «Чорт», «Яшчур»), сюжэтна-ролевых жанраў нар. танцаў («Юрка», «Бычок», «Мікіта», «Журавель» і інш.). Гратэскавы свет Т. раскрывае адноснасць і тэатральнасць афіц. іерархіі, аўтарытэты і каштоўнасці пераносіць у камічны план. Гратэскавыя формы Т. шырока выкарыстоўвалі скамарохі. У 17—18 ст. Т. была асн. формай камічных інтэрмедый у школьным т-ры, якія кантраставалі з драм. сюжэтамі асн. часткі спектакля. Камізм дасягаўся каламбурамі і наўмысным скажэннем семантыкі латыні і польскай мовы «прастаком» з народа. Прыём пераносу «высокага» стылю афіц. іерархіі ў смехавы аспект выкарыстоўваўся і ў т-ры батлейка. Эфект Т. ствараўся праз дасціпнае выкарыстанне традыц. для нар. смеху камізму здвоеных персанажаў, сэнсавым збліжэннем героя і яго дэманічна-камічнага дублёра-трыкатэра. Пазней прыёмы Т. развівалі паўпрафес. калектывы — выканаўцы нар. драмы «Цар Максімілян» і жывой батлейкі. У 20 ст. яны дапасаваны да сцэнаграфіі і тэатр. стылістыкі мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага т-ра. Вобразныя сродкі фалькл. Т. арыгінальна выявіліся ў бел. л-ры (гл.Травесція); яе рысы захаваліся ў асобных сатыр. жанрах л-ры, выяўл., цыркавога, эстраднага, тэатр., прыкладнога і інш. відаў сучаснага мастацтва.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ІЦА-СЕ́РГІЕВА ЛА́ЎРА,
архітэктурны ансамбль 15—19 ст. у г.Сергіеў Пасад (Маскоўская вобл.); адзін з буйнейшых рас. манастыроў. Засн. ў сярэдзіне 14 ст. манахам Сергіем Раданежскім, з 1744 лаўра. Манастыр адыграў важную ролю ў станаўленні незалежнай рус. дзяржавы: удзельнічаў у падрыхтоўцы Кулікоўскай бітвы, у барацьбе з войскамі Лжэдзмітрыя II у 1608—10. У 14—17 ст. тут вяліся летапіс, перапіска, ствараліся кнігі, развіваліся іканапіс, маст. рамёствы. У 15—18 ст. склаўся маляўнічы ансамбль, які ўключае больш за 50 будынкаў работы маскоўскіх, пскоўскіх і яраслаўскіх майстроў. Цэнтр ансамбля — 1-купальны 3-апсідны 4-слуповы Троіцкі сабор (1422—23); у інтэр’еры іканастас пач. 15 ст. на 40 абразоў, большасць з якіх выканана пад кіраўніцтвам і з удзелам А.Рублёва, Даніілам Чорным. У саборы знаходзіцца рака з мошчамі Сергія Раданежскага. Сярод інш. помнікаў: цэрквы Духаўская (1476; над барабанам купала — званіца на слупах), Пятніцкая, Увядзенская (абедзве 1547), 5-купальная надбрамная Іаана Прадцечы (1699), Міхееўская (1734), Смаленская (1745—48, барока); 2-павярховыя шпітальныя палаты з шатровай царквой Засімы і Савація (1635—38), багата дэкарыраваная разьбой трапезная з царквой Сергія (1686—92, т.зв. нарышкінскі стыль), карпусы манастырскіх келляў (17—19 ст.) і інш. Вылучаецца манум. Успенскі сабор (1559—85) — 6-слуповы 5-купальны храм, да якога прылягае шатровая каменная палатка (1780) — пахавальня Барыса Гадунова і яго сям’і. Значнае збудаванне ансамбля — 5-ярусная званіца (1740—70, арх. І.Шумахер, І.Мічурын, Дз.Ухтамскі, барока; выш. 88 м, каля 50 званоў) з гадзіннікам. У 16 ст. ўзведзена крапасная сцяна з 12 вежамі (1540—50, умацавана ў 17 ст.; выш. 10—14 м). У 1918 манастыр закрыты, зноў адкрыты пасля 1944. З 1920 гіст.маст. музей, з 1940 музей-запаведнік. У зборы музея буйныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва 14—17 ст., рус.нар. мастацтва 17 — пач. 20 ст. і інш. Сістэматычна праводзяцца рэстаўрацыйныя работы. На тэр. лаўры — Маскоўская духоўная акадэмія і духоўная семінарыя. Ансамбль Т.-С.л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Балдин В. Архитектурный ансамбль Троице-Сергиевой лавры. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР ІМЯ́ МАССАВЕ́ТАдраматычны.
Створаны ў 1923 у Маскве пад назвай Т-р імя МГСПС (Маскоўскага гар. Савета прафес. саюзаў), з 1930 Т-р імя МАСПС (Маскоўскага абл. Савета прафес. саюзаў), з 1938 сучасная назва, з 1964 акадэмічны. У 1925—40 т-р узначальваў Я.Любімаў-Ланской. З першых дзён існавання стаў лабараторыяй новай драматургіі, свой стыль сцэн. ўвасаблення жыцця вызначаў як сац. аналіз падзей, дакументальнасць, пафаснасць у перадачы рэв. героікі. Пастаўлены «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1925), «Цэмент» паводле Ф.Гладкова (1926), «Мяцеж» паводле Дз.Фурманава (1927), «Горад вятроў» У.Кіршона (1929), «Ворагі» М.Горкага (1933), «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна (1937), «Апошняя ахвяра» А.Астроўскага (1938) і інш. У 1940—77, калі гал.рэж. быў Ю.Завадскі, спектаклі вызначаліся ўмоўнасцю ў спалучэнні з псіхал. нюансіроўкай, увагай давыяўл. боку пастановак: «Карчмарка» К.Гальдоні (1940), «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Маскарад» М.Лермантава (1952, 1963), «Васіль Цёркін» паводле А.Твардоўскага (1961, 1972), «Вачамі клоуна» паводле Г.Бёля (1968), «Пецярбургскія сны» паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Злачынства і кара» (1969), «Царскае паляванне» Л.Зорына (1977) і інш. З 1985 гал.рэж. П.Хомскі. Сярод пастановак 1980—2000: «Браты Карамазавы» паводле Дастаеўскага (1982), «Цытата» Зорына, «Тармажэнне ў нябёсах» Р.Сонцава (1988), «Ісус Хрыстос — суперзорка» Э.Уэбера і Т.Райса (1990), «Каля варотаў царства» К.Гамсуна (1991), «На залатым возеры» Э.Томпсана (1992), «Белая гвардыя» паводле М.Булгакава (1993), «Фама Апіскін» паводле аповесці Дастаеўскага «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (1995), «Не будзіце мадам» Ж.Ануя, «Мілы друг» Гі дэ Мапасана (1998), «Лялька» Т.Уільямса (1999), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (2000) і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі акцёры Л.Арлова, В.Астравумава, Г.Бортнікаў, Н.Дробышава, Г.Жжонаў, Б.Іваноў, І.Карташова, М.Мардвінаў, В.Марэцкая, І.Мураўёва, Р.Плят, Ф.Ранеўская, Я.Сцяблоў, В.Талызіна, Г.Тараторкін, Н.Ценякова, М.Церахава, Л.Шапашнікава, С.Юрскі і інш.