у расавай класіфікацыі — групы людзей з комплексам пэўных марфал. прыкмет (будова цела, шкілета, чэрапа, колер скуры, вачэй, валасоў і інш.); дробныя адзінкі адной расы. Антрапалагічныя тыпы фарміруюцца як спадчынныя асаблівасці, што склаліся пад уздзеяннем прыродных і сац. фактараў за многія пакаленні. Арэалы пашырэння антрапалагічных тыпаў звычайна не супадаюць з этнічнымі ці дзярж. межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцяў. Да аднаго антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў (гэта сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове) або адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічных тыпаў у часе і прасторы ўлічваецца пры вызначэнні генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гіст. перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. На тэр. Беларусі вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічныя тыпы. Сярод першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. Акрамя таго, з ПдЗ на ПнУ Беларусі ў насельніцтва назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада. Асаблівасці будовы твару, цела, звязаныя з тэр. размеркаваннем, і інш. прыкметы дазваляюць аднесці беларусаў да ўсходнееўрап. варыянта (балтыйскага тыпу) еўрапеоіднай расы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,
устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.
П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл.Плазменная тэхналогія).
На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТРЫ́Я (ад полі... + ...метрыя),
1) у паэтыцы — ужыванне ў адным творы некалькіх памераў вершаваных, што робіць верш рытмічна больш разнастайным. Вядома з ант. часоў, у новы час часта ўжывалася ў паэзіі барока, рамантызму і 20 ст.Гл. таксама Лагаэд.
2) У музыцы — адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх тактавых памераў з перыяд. несупадзеннем гал. метрычных акцэнтаў; адна з пашыраных форм арганізацыі полірытміі. Сустракаецца спалучэнне розных метраў на працягу ўсяго твора або значнай часткі, паміж дзвюма і больш тэмамі (напр., адначасовае гучанне трох танцаў — 3/4, 2/4, 3/8 — у сцэне балю оперы В.А.Моцарта «Дон Жуан», фіналу 4-й сімфоніі — 8/8, 7/8 — Я.Глебава), а таксама несупадзенне метра ў мелодыі і яе суправаджэнні (Вальс ор. 42 Ф.Шапэна, кульмінацыя 4-й ч. 1-й сюіты з балета «Выбранніца» Глебава). Больш пашыраны кароткія поліметрычныя эпізоды, часам не пазначаныя адпаведнымі знакамі, на аснове матыўнай П., або геміёлы — 2-дольных матываў у 3-дольных тактах (2-я ч. 2-га квартэта А.Барадзіна, 2-я сімфонія «Песні для аркестра» А.Мдывані, у многіх творах І.Стравінскага, М.Рымскага-Корсакава, Глебава, Дз.Смольскага і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЫ́РАВАННЕ,
працэс ператварэння тонавага відарыса ў растравы. Робіцца пры дапамозе праекцыйнага і кантактнага растраў або электронным спосабам. У выніку Р. атрымліваецца мікраштрыхавы відарыс, які складаецца з маленькіх, розных па памерах кропак з аднолькавымі адлегласцямі паміж іх цэнтрамі. Участкі яго з больш буйнымі кропкамі выглядаюць цямнейшымі (цёмныя тоны), з дробнымі — святлейшымі (светлыя тоны).
Пры Р. з праекцыйным растрам ёй змяшчаецца ў рэпрадукцыйным фотаапараце паміж фотаматэрыялам і аб’ектывам. Пры фатаграфаванні прамяні святла ад арыгінала праходзяць праз аб’ектыў, на растры расшчапляюцца на асобныя элементы (кропкі) і ствараюць на фотаматэрыяле адпаведны відарыс. Пры Р. з кантактным растрам ён знаходзіцца ў кантакце з фотаслоем з аднаго боку і з тонавым негатывам або дыяпазітывам — з другога. Святло, праходзячы праз растр, разбіваецца на асобныя светлавыя пучкі рознай яркасці, якія ўтвараюць на святлоадчувальным матэрыяле кропкі розных памераў. Пры электронным Р. тонавы відарыс ператвараецца ў мікраштрыхавы пры дапамозе разгорткі і пры фарміраванні імпульсных сігналаў у электронным вылічальным прыстасаванні, якое кіруе святлозапісвальным прыстасаваннем. У аўтаматызаваных сістэмах электроннай перапрацоўкі ілюстрацый Р. адбываецца па сігналах растравых працэсараў пры вывадзе растравых відарысаў на лазерныя прынтэры і экспануючыя прыстасаванні.
У.М.Сацута.
Растрыраванне: а — у высокім друку; б — у плоскім; в — у глыбокім; 1 — тонавы арыгінал; 2 — друкарскія формы; 3 — адбіткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
беларускае кніжнае выдавецтва ў Германіі. Існавала ў 1952—66 пры газ.«Бацькаўшчына». Адміністрацыя выд-ва знаходзілася ў Мюнхене, мела прадстаўніцтвы ў розных краінах. Выдала творы Я.Купалы («Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», зб. «Спадчына»), Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы»), М.Багдановіча («Вянок»), Л.Калюгі («Нядоля Заблоцкіх»), А.Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя»), Р.Крушыны («Выбраныя творы»), Ю.Віцьбіча («Плыве з-пад святой гары Нёман»), В.Ластоўскага (зб. «Творы»), альманах «Ля чужых берагоў», зб. «Беларускія казкі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»
(«Byelorussian Youth»),
штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ І АРАНДА́ТАРАЎ,
добраахвотнае незалежнае грамадскае аб’яднанне грамадзян Беларусі і інш. краін, прац. калектываў прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Створаны ў 1990. Аб’ядноўвае больш за 2 тыс. арг-цый і ўстаноў. Гал. мэты: усталяванне арэндных адносін, развіццё прадпрымальніцтва, раздзяржаўленне і прыватызацыя, абарона інтарэсаў чл. саюза. Для аказання паслуг сваім членам і выканання інш.функцыян. задач створана сетка малых прадпрыемстваў: юрыд. служба, навук.-аўдытарская і навук.-вытв. камерцыйная фірмы, бізнес-цэнтр, кадравы цэнтр з Акадэміяй прадпрымальніцтва і сацыяноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія абавязаны сваім паходжаннем жыццядзейнасці існуючых арганізмаў; частка прыроднага асяроддзя. Для эндапаразітаў і некаторых мікраарганізмаў біятычнага асяроддзя — унутранае асяроддзе арганізма-гаспадара. Біятычнае асяроддзе праяўляецца ва ўзаемным уплыве арганізмаў розных відаў у самых разнастайных формах. Адны з іх могуць быць асяроддзем існавання для іншых (напр., гаспадар для паразіта), садзейнічаць размнажэнню (напр., насякомыя-апыляльнікі для кветкавых раслін), служыць кормам (напр., ахвяра для драпежніка, травяністыя расліны для капытных), аказваць хім., мех. і інш. ўздзеянне. Гл.Абіятычнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКЛЬ ((Buckle) Генры Томас) (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),
англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.
Тв.:
Рус.пер. — Этюды. СПб., 1867;
Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРАВАДАРО́ДЫ, бараны, гідрыды бору,
злучэнні бору з вадародам, маюць ад 2 да 20 атамаў бору. Бясколерныя, з рэзкім непрыемным пахам. Боравадароды з 2 і 4 атамамі бору — газы, з 5—9 — вадкасці, з 10 і больш — крышт. рэчывы.
Раствараюцца ў арган. растваральніках. Хімічна актыўныя: на паветры акісляюцца, могуць самазагарацца, з вадой утвараюць борную кіслату, схільныя ўтвараць комплексныя злучэнні. Атрымліваюць піролізам дыбарану. Перспектыўныя для атрымання звышчыстага бору, тэрмаўстойлівых палімераў, проціпухлінных прэпаратаў, легіравання розных матэрыялаў. Таксічныя, дзейнічаюць на дыхальныя шляхі, ц. н. с., ныркі, печань.