БАМБАРДЗІ́РЫ

(Brachininae),

падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб. вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).

Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)