УСПРЫМА́ННЕ,

працэс адлюстравання прадметаў і з’яў рэчаіснасці пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў; наглядны пачуццёвы вобраз, які ўзнікае ў выніку гэтага працэсу. Ажыццяўляецца ў выніку дзейнасці сістэмы аналізатараў, якая ўключае ўвесь адчувальны нервовы апарат ад перыферычных утварэнняў (рэцэптараў) да адпаведных аддзелаў галаўнога мозга. Адну і тую ж інфармацыю людзі ўспрымаюць па-рознаму, суб’ектыўна, у залежнасці ад вопыту, патрэбнасцей, схільнасцей і інтарэсаў чалавека (гл. Аперцэпцыя). Асн. ўласцівасці У.: цэласнасць (стварае цэласны вобраз прадмета ў адрозненне ад адчуванняў, якія адлюстроўваюць яго асобныя ўласцівасці); канстантнасць (навакольныя прадметы ўспрымаюцца як адносна пастаянныя па форме, колеры, велічыні і інш.); структурнасць (дазваляе ўспрымаць абагульненую структуру з розных адчуванняў); асэнсаванасць (звязана са складанай аналітыка-сінт. дзейнасцю мозга, разуменнем сутнасці назіральных прадметаў і з’яў); выбіральнасць (пераважнае вылучэнне адных аб’ектаў у параўнанні з інш.). У залежнасці ад таго, які з аналізатараў з’яўляецца вядучым у дадзеным акце, адрозніваюць У. зрокавыя, слыхавыя, рухальныя, смакавыя, нюхальныя і іншыя. Важнае значэнне маюць У. прасторы (велічыні, формы, аддаленасці, узаемнага размяшчэння і руху прадметаў), часу (працягласці, хуткасці і паслядоўнасці з’яў), складаных гукаў (прыродных, тэхн. аб’ектаў, муз., маўленчых і інш.), чалавека чалавекам (знешні выгляд, здольнасці, рысы характару, узаемаадносіны з інш. людзьмі, сац. групамі і супольнасцямі). Як неабходны этап пазнання У. апасродкавана мысленнем і звязана з памяццю, увагай, накіроўваецца матывацыяй і мае пэўную афектыўна-эмацыянальную афарбоўку (гл. Эмоцыі). Навук. даследаванні сутнасці, структуры і ўласцівасцей У. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сістэм адлюстравання інфармацыі, у тэхн. эстэтыцы і маст. канструяванні, у педагогіцы, спорце і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Принципы порождающего процесса восприятия. М., 1992;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. М., 1982;

Скотт Д. Сила ума: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 16, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. functio выкананне),

кірунак у архітэктуры 20 ст., засн. на сцвярджэнні першаснасці функцыі (утылітарна-практычнага прызначэння) твора архітэктуры адносна яго формы. Асновы Ф. (прынцып мэтазгоднасці планіровачных вырашэнняў, формы і канструкцыі) закладзены ў 2-й пал. 19 ст. (тэарэтыкі Дж.Рэскін, У.Морыс і інш.) у процівагу эклектыцы. У канцы 19 ст. арх. Л.Г.Салівен выступіў з устаноўкай «форму вызначае функцыя». У 1920-я г. прынцыпы функцыянальнасці распрацоўвалі арх. Ле Карбюзье, архітэктары «Баўгаўза». Ф. набыў характар т.зв. міжнар. стылю. У 1930-я г. архітэктары Фінляндыі (А.Аалта), Швецыі (С.Г.Маркеліус), Бразіліі (О.Німеер), пазней і Японіі (Кэндзо Тангэ) распрацоўвалі прыёмы Ф. ў адпаведнасці з нац. спецыфікай сваіх краін. Пасля 2-й сусв. вайны пры аднаўленні зруйнаваных гарадоў Ф. адрадзіўся, але адзінства яго міжнар. стылю распалася. Шэраг прыёмаў збліжае Ф. з канструктывізмам у сав. архітэктуры (браты Весніны, М.​Гінзбург і інш.). Для Ф. характэрны: жылыя комплексы на свабодных тэрыторыях, заніраванне тэр. з вылучэннем прасторы для кожнай функцыі (жыллё, работа, адпачынак, транспарт і інш.), тыпізацыя і індустрыялізацыя буд-ва, стварэнне маламетражных («мінімальных») кватэр. Забудова была невыразная, грамадскія цэнтры і вял. будынкі вылучаліся кантрастамі жалезабетону і шкла, стужачнымі вокнамі, спалучэннем геам. аб’ёмаў. З Ф. звязана развіццё дызайну. У архітэктуры Беларусі ў 1920—30-я г. выпрацоўваліся новыя функцыян., канстр., эканам. і эстэт. вырашэнні, напр., Віцебскі дом-камуна, Гомельскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў, будынак Нац. б-кі Беларусі ў Мінску і інш. Будынкам гэтага кірунку ўласцівы стрыманасць арх. форм, строгая трактоўка фасадаў, эканамічнасць.

Літ.:

Фремптон К. Современная архитектура: Пер. с англ. М., 1990;

Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. Кн. 1—2. М., 1996—2001.

С.​А.​Сергачоў.

Функцыяналізм. Праект дома Цэнтрасаюза ў Маскве. Архітэктар Ле Карбюзье. 1928—35.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК ЗЯМЛІ́ (ШСЗ),

касмічны anapam (КА), выведзены на арбіту вакол Зямлі. У адпаведнасці з міжнар. дамоўленасцю касм. апарат наз. ШСЗ, калі ён зрабіў не менш як 1 абарот вакол Зямлі. Каб цела стала ШСЗ, яму трэба надаць 1-ю касмічную скорасць, што дасягаецца пры дапамозе ракет-носьбітаў.

Першы ў свеце ШСЗ («Спадарожнік-1») створаны ў СССР і запушчаны 4.10.1957 з касмадрома Байканур; 1.2.1958 на арбіту выведзены першы амер. ШСЗ («Эксплорэр-1»), ШСЗ стварылі яшчэ 36 краін і шэраг міжнар. арганізацый. Але толькі 8 краін і Еўрапейскае касмічнае агенцтва маюць уласныя ракеты-носьбіты для запуску ШСЗ і лічацца касм. дзяржавамі. Усяго на пач. 2003 ШСЗ сталі каля 5000 КА. Адрозніваюць ШСЗ: аўтаматычныя, пілатуемыя і арбітальныя станцыі (АС). Аўтаматычныя ШСЗ падзяляюцца на эксперыментальныя (адпрацоўка канструкцый КА; напр., «Космас», «Палёт»), навукова-даследчыя (даследаванне Зямлі і каляземнай прасторы, астр., медыкабіял. даследаванні і інш.; напр., «Авангард», «Арыябхата», «Астрон», «Інтэркосмас», «Прагноз», «Пратон», «Эксплорэр», «Электрон», Хабла тэлескоп, «Чандра» і інш.), прыкладныя (метэаралагічныя, геад., спадарожнікі сувязі, для даследавання прыродных рэсурсаў, экалагічнага маніторынгу і інш.; напр.: «Лэндсэт», «Маланка», «Метэор», «Экран»). ШСЗ ажыццяўляюць кантроль за выкананнем міжнар. пагадненняў, збіраюць інфармацыю ў інтарэсах мін-ваў абароны і інш. Пілатуемыя ШСЗ і арбітальныя станцыі прызначаны для палёту чалавека. Першы ў свеце пілатуемы ШСЗ — «Усход» (гл. таксама «Джэміні», «Меркурый», «Саюз», «Спейс шатл», «Узыход»). Першая ў свеце эксперым. АС створана 16.1.1969 стыкоўкай на арбіце караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая сав. АС «Салют» выведзена на арбіту 19.4.1971. Гл. таксама «Скайлэб», «Мір», Касманаўтыка.

Літ.:

Аксенов Е.П. Теория движения искусственных спутников Земли. М., 1977;

Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,

барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш. ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ. ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс. чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМЕХА́НІКА (ад бія... + механіка),

1) раздзел біяфізікі, які вывучае мех. працэсы ў тканках, органах і арганізме, а таксама механізмы біял. рухомасці, у т. л. скарачэнне шкілетных мышцаў.

Першыя працы па біямеханіцы вядомы з 16 ст. (Леанарда да Вінчы). У 17 ст. з’явіліся спробы растлумачыць законамі механікі ўсе формы рухаў жывёл, у т. л. мышачныя скарачэнні і страваванне (італьян. вучоны Дж.​Барэлі). У Расіі заснавальнікі біямеханікі — І.М.Сечанаў і П.​Ф.​Лесгафт (працы па класіфікацыі рухаў чалавека, структуры апорна-рухальнага апарату). Метады рэгістрацыі і аналізу прапанаваны М.​А.​Бернштэйнам (1941).

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.​Дз.​Геўліч, Г.​Ф.​Палянскі, С.​М.​Уласенка). Распрацаваны асобныя пытанні біямеханікі рухальнага апарату, напр. залежнасць будовы і функцыі суставаў ад сілы вонкавых і ўнутр. уздзеянняў, біямеханіка дыхальнага апарату і інш. Гал. галіны прыкладнога выкарыстання дасягненняў біямеханікі: рацыяналізацыя працоўнай дзейнасці, спорт, ваенная і клінічная медыцына (асабліва траўматалогія і артапедыя), стварэнне аўтаматаў-маніпулятараў і робатаў, канструяванне заменнікаў органаў руху — біякіравальных пратэзаў і інш.

2) У тэатры — сістэма трэнажу акцёра. Уведзена У.Меерхольдам як эксперыментальны пед. метад для дасягнення акцёрам дасканалага, віртуознага валодання сваім целам, рухамі.

Меерхольд лічыў, што творчасць акцёра — творчасць пластычных формаў у прасторы, і таму ён павінен умець арганізаваць і дакладна выкарыстоўваць выразныя сродкі свайго цела. Дапаможныя прадметы да асн. курса біямеханікі — фізкультура, акрабатыка, танец, рытміка, бокс, фехтаванне. Як спец. прадмет выкладалася ў Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26). Элементы сістэмы біямеханікі ў працы з акцёрамі пры пастаноўцы спектакляў у т-рах Беларусі выкарыстоўвалі рэжысёры М.​Кавязін, В.​Фёдараў, Н.​Лойтар, В.​Пацехін і інш.

Літ.:

Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ. М., 1970;

Бернштейн Н.А. Физиология движений и активность. М., 1990;

Обысов А.С. Надежность биологических тканей. М., 1971.

Г.​К.​Ільіч, А.​В.​Сабалеўскі.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),

раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.

Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).

На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.

Літ.:

Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ. Л., 1978;

Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ. М., 1980.

А.​Ф.​Чарняўскі.

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ І ПРЫЛА́ДЫ,

оптыка-механічная і электронная апаратура для астранамічных назіранняў і апрацоўкі іх даных. Дапамагаюць вызначаць становішча касм. целаў на нябеснай сферы, іх памеры, скорасць, напрамак руху ў прасторы, хім. састаў і фіз. стан. Складаюць асн. тэхнічную базу астранамічных абсерваторый, выкарыстоўваюцца ў навуч. і пазнавальных мэтах. Падзяляюцца на назіральныя прылады (тэлескопы), святлопрыёмную і аналізоўную апаратуру, прылады для рэгістрацыі часу, спектраў і гэтак далей Каб пазбегнуць шкодных і скажальных уздзеянняў атмасферы Зямлі, астр. інструменты падымаюць на розныя вышыні з дапамогай аэрастатаў, самалётаў, геафіз. ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтам. міжпланетных станцый.

Найбольш стараж. астр. інструменты — вугламерныя, складаюцца з адліковага круга (або яго часткі) і візірнага прыстасавання без аптычнай сістэмы (гноман, армілярная сфера і інш.). Для большай дакладнасці вымярэнняў павялічваліся памеры адліковых кругоў, напрыклад, у пач. 15 ст. Улугбек пабудаваў пад Самаркандам секстант з радыусам круга 40 м. З 17 ст. ў вугламерных інструментах пры візіраванні карыстаюцца зрокавымі трубамі, вуглы павароту якіх вызначаюцца па дакладна падзеленых кругах (універсальны інструмент, вертыкальны круг, мерыдыянальны круг і інш.). Пачатак тэлескапічнай астраноміі звязаны з імем Г.Галілея, які з дапамогай падзорнай трубы зрабіў важныя астр. адкрыцці і растлумачыў іх. Выпрамяненне касм. целаў у радыёдыяпазоне даследуецца радыётэлескопамі. Захаванне дакладнага часу і выдача неабходных сігналаў часу ажыццяўляюцца з дапамогай астр. гадзіннікаў, хранометраў і хранографаў. Для апрацоўкі вынікаў назірання выкарыстоўваюцца ЭВМ. Да дэманстрацыйных прылад адносяць тэлурыі (мадэлі Сонечнай сістэмы) і планетарыі, якія даюць магчымасць на ўнутр. паверхні сферычнага купала наглядна дэманстраваць астр. з’явы.

Літ.:

Курс астрофизики и звездной астрономии. Т. 1. М., 1973;

Мартынов Д.Я. Курс практической астрофизики. М., 1967.

М.​М.​Міхельсон.

Астранамічныя інструменты і прылады: 1 — вялікі азімутальны тэлескоп з дыяметрам люстэрка 6 м; 2 — антэна радыётэлескопа дыяметрам 22 м; 3 — цэласная ўстаноўка гарызантальнага сонечнага тэлескопа; 4 — вялікі вертыкальны круг; 5 — падвойны астрограф Тэпфера.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НАК,

лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.

Я.​М.​Сахута.

Ганак сядзібнага дома ў г.п. Поразава Гродзенскай вобл.
Ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Ганкі царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІК у матэматыцы,

адна з асн. матэм. абстракцый, звязаная з выражэннем колькаснай характарыстыкі прадметаў. У самым простым выглядзе паняцце Л. ўзнікла ў першабытным грамадстве і вызначалася неабходнасцю правядзення падлікаў і вымярэнняў у практычнай дзейнасці чалавека. Потым Л. становіцца асн. паняццем матэматыкі і далейшае развіццё гэтага паняцця звязана з вывучэннем яго агульных заканамернасцей (гл. Лікаў тэорыя).

Паняцце натуральных Л. (1, 2, 3, ...) узнікла ў глыбокай старажытнасці з патрэбы параўноўваць і колькасна характарызаваць (лічыць) розныя мноствы прадметаў. З узнікненнем пісьменства Л. пазначалі рыскамі на матэрыяле, які служыў для запісу, напр. папірусе, гліняных таблічках. Пазней уведзены інш. знакі для абазначэння вял. лікаў. З цягам часу паняцце натуральнага Л. набыло больш абстрактную форму, якая ў вуснай мове перадаецца словамі, на пісьме — спец. знакамі. Важным крокам з’яўляецца асэнсаванне бясконцасці натуральнага раду Л., што адлюстравана ў помніках антычнай матэматыкі, працах Эўкліда і Архімеда. Паняцце аб адмоўных Л. узнікла ў 6—11 ст. у Індыі. Аналіз аперацый складання, адымання, множання і дзялення Л. спрыяў узнікненню навукі пра Л. — арыфметыкі. Узнікненне дробавых (рацыянальных) Л. звязана з патрэбамі праводзіць вымярэнні. Напр., даўжыня вымяралася адкладаннем адрэзка, прынятага за адзінку; аднак адзінка вымярэння не заўсёды ўкладвалася цэлую колькасць разоў, што вяло да дзялення цэлага на часткі. Патрэба ў дакладным выражэнні адносін велічынь (напр., адносіны дыяганалі квадрата да яго стараны) прывяла да ўводу ірацыянальных Л. Пры рашэнні лінейных і квадратных ураўненняў паводле фармальных правіл іншы раз атрымліваліся адмоўныя і ўяўныя Л., якім быў нададзены строгі сэнс — узнікла алгебра. Неабходнасць вывучаць фіз. працэсы, неперарыўныя ў прасторы і часе (напр., рух цела), стымулявала ўвядзенне сапраўдных Л. і паняцця лікавай прамой, што з’явілася асновай стварэння матэм. аналізу. Далейшае развіццё паняцця Л. прывяло да камплексных лікаў, гіперкамплексных лікаў, р-адычных лікаў.

Літ.:

Нечаев В.И. Числовые системы. М., 1975;

Бейкер А. Введение в теорию чисел: Пер. с англ. Мн., 1995.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),

з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.

Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз. балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.

Літ.:

Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;

Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Галоўныя метэорныя патокі
Назва патоку Сузор’е, у якім знаходзіцца радыянт Дата максімуму Макс. колькасць метэораў за гадз
Квадрантыды На мяжы Валапаса і Дракона 3 студз. 35
Лірыды Ліра 21 крас. 10
γ-Акварыды Вадаліў 4 мая 12
δ-Акварыды (паўд.) Вадаліў 28 ліп. 12
Касіяпеіды Касіяпея 28 ліп. 18
Персеіды Персей 11 жн. 60
Арыяніды Арыён 22 кастр. 45
Андрамедыды Андрамеда 12 ліст. ?
Леаніды Леў 17 ліст. 15
Гемініды Блізняты 13 снеж. 90
Метэор з метэорнага патоку Леаніды. 1966.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)