кірунак у архітэктуры 20 ст., засн. на сцвярджэнні першаснасці функцыі (утылітарна-практычнага прызначэння) твора архітэктуры адносна яго формы. Асновы Ф. (прынцып мэтазгоднасці планіровачных вырашэнняў, формы і канструкцыі) закладзены ў 2-й пал. 19 ст. (тэарэтыкі Дж.Рэскін, У.Морыс і інш.) у процівагу эклектыцы. У канцы 19 ст.арх. Л.Г.Салівен выступіў з устаноўкай «форму вызначае функцыя». У 1920-я г. прынцыпы функцыянальнасці распрацоўвалі арх.Ле Карбюзье, архітэктары «Баўгаўза». Ф. набыў характар т.зв. міжнар. стылю. У 1930-я г. архітэктары Фінляндыі (А.Аалта), Швецыі (С.Г.Маркеліус), Бразіліі (О.Німеер), пазней і Японіі (Кэндзо Тангэ) распрацоўвалі прыёмы Ф. ў адпаведнасці з нац. спецыфікай сваіх краін. Пасля 2-й сусв. вайны пры аднаўленні зруйнаваных гарадоў Ф. адрадзіўся, але адзінства яго міжнар. стылю распалася. Шэраг прыёмаў збліжае Ф. з канструктывізмам у сав. архітэктуры (браты Весніны, М.Гінзбург і інш.). Для Ф. характэрны: жылыя комплексы на свабодных тэрыторыях, заніраванне тэр. з вылучэннем прасторы для кожнай функцыі (жыллё, работа, адпачынак, транспарт і інш.), тыпізацыя і індустрыялізацыя буд-ва, стварэнне маламетражных («мінімальных») кватэр. Забудова была невыразная, грамадскія цэнтры і вял. будынкі вылучаліся кантрастамі жалезабетону і шкла, стужачнымі вокнамі, спалучэннем геам. аб’ёмаў. З Ф. звязана развіццё дызайну. У архітэктуры Беларусі ў 1920—30-я г. выпрацоўваліся новыя функцыян., канстр., эканам. і эстэт. вырашэнні, напр., Віцебскі дом-камуна, Гомельскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў, будынак Нац. б-кі Беларусі ў Мінску і інш. Будынкам гэтага кірунку ўласцівы стрыманасць арх. форм, строгая трактоўка фасадаў, эканамічнасць.
Літ.:
Фремптон К. Современная архитектура: Пер. с англ.М., 1990;
Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. Кн. 1—2. М., 1996—2001.
С.А.Сергачоў.
Функцыяналізм. Праект дома Цэнтрасаюза ў Маскве. Архітэктар Ле Карбюзье. 1928—35.