ГА́НАК,
лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.
Я.М.Сахута.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)