ВУЛКАНІ́ЧНАЕ ШКЛО́,
аморфная вулканічная горная парода, якая ўтвараецца пры хуткім (без крышталізацыі) застыванні лавы. Пераахалоджаная вадкасць вельмі вял. вязкасці. Можа цалкам складаць вылітыя ліпарытавыя кіслыя, радзей базальтавыя эфузіўныя пароды. Да парод, што складаюцца амаль цалкам з вулканічнага шкла і адрозніваюцца паводле саставу або асаблівасцей структуры, належаць абсідыян, смаляны камень (пехштэйн), пемза, перліт, тахіліт, сордаваліт.
т. 4, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.
т. 4, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКО́СНЫ ГОД,
каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,
дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н I Цымісхій
(Iōannēs; каля 925—10.1.976),
імператар Візант. імперыі [969—976]. Паходзіў са знатнага арм. роду Куркуасаў. Выдатны военачальнік, умацаваў граніцы дзяржавы на Пн (у 971 перамог кіеўскага кн. Святаслава), у 968 далучыў да Візантыі паўн.-ўсх. ч. Балгарыі, у барацьбе супраць арабаў у 974—975 адваяваў б.ч. Сірыі. Паводле некат. звестак быў атручаны.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУ́МЕН (ад грэч. hēgumenos літар. вядучы),
настаяцель правасл. манастыра (у жаночых — ігумення). У старажытнасці — настаяцель кожнага манастыра; паводле палажэння 1764 у Рас. імперыі — толькі манастыра 3-га класа. І. буйнейшых манастыроў (пасля 1764 манастыроў 1-га і 2-га класаў) маюць тытул архімандрыт. Тытул І. можа надавацца настаяцелю храма, калі ён манах.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог кахання. Паводле ведаў, К. выйшаў («саманарадзіўся») з сэрца вярх. бога Брахмы; у эпасе ён — сын багіні прыгажосці Лакшмі. К. звычайна ўяўлялі ў выглядзе юнака з лукам і стрэламі, якімі ён насылаў на людзей каханне. Адмаўляць «дары» К. лічылася цяжкім грахом. Вобраз К. часта выкарыстоўваецца ў інд. л-ры.
т. 7, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАГА́Р,
горад на Пд Афганістана, каля падножжа адгор’яў Зах. Гіндукуша. Адм. ц. правінцыі Кандагар. Паводле паданняў, заснаваны Аляксандрам Македонскім. 225 тыс. ж. (1989). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (жывёлагадоўля, садоўніцтва). Тэкст. ф-кі, фруктова-кансервавы з-д. Саматужныя рамёствы. Грабніца Ахмад-шаха Дурані і інш. арх. помнікі 18 ст.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАЛАГІ́ЧНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ Сусвету,
нестацыянарнасць Сусвету, якая выяўляецца ў яго расшырэнні. Характарызуецца тым, што адлегласць паміж кожнымі двума яго пунктамі (скопішчамі Галактык) павялічваецца паводле пэўнага закону. Прыводзіць да эфекту «разбягання» галактык са скарасцямі, якія павялічваюцца з павелічэннем адлегласцей да галактык, што ўстаноўлена па наяўнасці чырвонага зрушэння ліній у іх спектрах (гл. Хабла пастаянная).
т. 8, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ННІЦА,
рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дахнарка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 100 км². Выцякае з воз. Лонна за 2 км на ПдУ ад в. Лоніца. Паводле інш. крыніц, рака бярэ пачатак за 2,5 км на ПдЗ ад в. Конны Бор. Цячэ па лясістай мясцовасці.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)