умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал. даследаванняў англ. археолага А.Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб.стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл.Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямён ахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.
Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дарыйцаў.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;
Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;
Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.
М.С.Корзун, К.А.Равяка.
Да арт.Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962 ліквідаваны, у 1965 адноўлены. Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 31,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лельчыцы.
Уключае 72 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Астражанскі, Бараўскі, Буйнавіцкі, Букчанскі, Глушкавіцкі, Грабянёўскі, Дзяржынскі, Дуброўскі, Лельчыцкі, Мілашавіцкі, Сіманіцкі, Стадоліцкі, Тонежскі, Ударненскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. яго тэрыторыі забруджана радыенуклідамі. 2 вёскі адселены.
Тэр. раёна размешчана ў межах Мазырскага Палесся і Прыпяцкага Палесся. Паверхня пласкахвалістая, 70% тэрыторыі на выш. 120—150 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Запясочнае). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. (Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю) і абліцовачны камень граніт (радовішча Кар’ер Надзеі каля в. Глушкавічы), каалін, гліны, суглінкі, пяскі шкловыя і фармовачныя. Сярэдняя т-растудз. -5,8 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 546 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут.Найб. рэкі: Убарць з Каросцінкай, Свінавод, Сцвіга з прытокам Плаў. Буйнейшыя меліярац. каналы: Жмурненскі, Братухінскі, Валаўскі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,5%), дзярнова-падзолістыя (16,7%). Пад лесам 68% тэрыторыі, з іх 24% — штучныя насаджэнні (хвоя, дуб). Найб. лясістасць на З раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, таполевыя, асінавыя, грабавыя і інш. Балоты займаюць 34,5 тыс.га, найб.Тапілаўскае балота і Кандаль-Яловец-Вольхава. У раёне частка нац. парку Прыпяцкі; заказнікі: рэсп. значэння — біял.Букчанскі; мясц. значэння гідралагічныя Берын, Заручэўе, Засадзішча, Лахніцкае, Лельчыцкае, Лугавое, Манчыцы, Невіца, Рэчыца, Тапілаўскае; помнікі прыроды рэсп. значэння: дуб у Данілевіцкім лясніцтве; выхад на паверхню крышт. парод каля в. Глушкавічы. Зона адпачынку Чырвонабярэжжа. На левабярэжжы р. Убарць рэліктавы хмызняк пантыйскай азалеі (жоўтага рададэндрану).
Агульнаяпл.с.-г. угоддзяў 50 тыс.га, з іх асушаных 26,8 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 3 саўгасы, 4 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, кансервы) і буд. матэрыялаў прам-сці. У в. Глушкавічы друзавы з-д (кар’ер «Сялянская ніва») і кар’ер «Глушкавічы» Мікашэвіцкага каменеапрацоўчага з-да. Тэр. раёна перасякаюць аўтадарогі Мазыр—Лельчыцы—Глушкавічы, Тураў—Лельчыцы—Славечна. У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, 11 пач., 1 муз., 1 маст. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 23 дашкольныя ўстановы, 22 клубы, 18 дамоў культуры, 33 б-кі, 5 бальніц, 1 паліклініка, 1 амбулаторыя, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: драўляная царква (18 ст.) у в. Прыбалавічы. Выдаецца газ. «Светлае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ РАЁН.
На Пд Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 25,6 тыс.чал. (1998, без г. Лепель). Сярэдняя шчыльн. 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лепель. Уключае 232 сельскія нас. пункты, 12 сельсаветаў: Баброўскі, Бароўскі, Валосавіцкі, Горскі, Домжарыцкі, Заазерскі, Каменскі, Лепельскі, Пышнянскі, Слабадскі, Стайскі, Сушанскі.
Паўд.-зах.ч. раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай нізіны, паўн.зах. — Пышнагорскага ўзвышша, паўд.-ўсх. — Лукомскага ўзвышша. Паверхня пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровыя сумесі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 638 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. На тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Найб. рэкі: Эса з прытокамі Байна, Свядзіца і Бярэшча; Ула, Зеха; на мяжы з Докшыцкім р-нам цячэ Бярэзіна з прытокам Сергуч. У Л.р. 137 азёр з назвамі і 70 без назваў, найбольшыя: Лепельскае, Окана, Бярэшча, Ворань, Домжарыцкае, Бобрыца, Тэкліц, Астроўна. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23%), тарфяна-балотныя (13,2%) і інш. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З і ПдЗ у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Балоты займаюць 10% тэрыторыі, найб.Домжарыцкае балота. Заказнікі гідралагічныя мясц. значэння: Жабінка, Плінтаўка, Пунькі, Слабадское, Вольны Бор П, Какісіна, Кляцішча. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Цар-дуб (400 гадоў) у в. Тадуліна, мясц. значэння парк «Фатынь» каля в. Радунь.
Агульнаяпл.с.-г. угоддзяў 62,3 тыс.га, з іх асушаных 15,9 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, Віцебская сортавыпрабавальная станцыя, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочнамясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), першаснай апрацоўцы лёну і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Орша—Лепель, аўтадарогі Мінск—Віцебск, Мінск—Полацк, Орша—Лепель, Лепель—Ула, Лепель—Докшыцы і інш. У раёне 21 сярэдняя, 3 базавыя, 7 пач., 6 муз., 3 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, школа алімп. рэзерву па веславанні, Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, ПТВ, 34 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры і клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, ваенны шпіталь, 2 паліклінікі, 7 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі (ваенны і дзіцячы), будуецца дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр. Помнік гідратэхн. буд-ваБярэзінская водная сістэма. Выдаецца газ. «Лепельскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ РАЁН.
На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 45,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Любань. Уключае г.п.Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.
Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш.Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пал балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.
Агульнаяпл.с.-г. угоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаных 62,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ РАЁН.
На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 40,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.
Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в.Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс.га, з іх асушана 17,2 тыс.га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.
Агульнаяпл.с.-г. угоддзяў 64,8 тыс.га, з іх асушаных 22,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж.літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,6 тыс км². Нас. 12,5 тыс.чал. (2000), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нароўля. Уключае 25 сельскіх населеных пунктаў, 5 сельсаветаў: Вербавіцкі, Галоўчыцкі, Завайцянскі, Кіраўскі, Красноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уся яго тэрыторыя забруджана радыенуклідамі: 4,2 тыс.гас.-г. угоддзяў маюць. забруджанасць 5—15; 17,3 тыс.га — 15—40; 4,7 тыс.га — 40—100 Ku/км². Скасаваны 3 сельсаветы (Вуглоўскі, Даўлядоўскі і Дзёрнавіцкі), адселены 35 населеных пунктаў; адсяленне працягваецца. За перыяд 1986—95 колькасць насельніцтва скарацілася на 17,3 тыс. чал.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная, месцамі забалочаная, 85% яе на вышыні 120—140 м, уздоўж р. Прыпяць — 110 м і ніжэй. Найвыш. пункт 162 м (за 5 км на Пд ад в. Красноўка). Карысныя выкапні: соль, нафта, газ, каменныя і бурыя вуглі, мінер. фарбы, гліна, пясок, торф, мінер. воды (тэрмальныя расолы). Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў каля 582 мм за год. Вегетац. перыяд 196 сут. Найб.р. Прыпяць з прытокамі Мытва, Славечна, Жалонь, Нараўлянка. Азёры ў поймах рэк, найб. з іх Семержаў і Старуха. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (41,9%), дзярнова-падзолістыя (26,4%), поймавыя (алювіяльныя 20,4%). Пад лесам 53% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя і інш.Найб. масівы на 3. Пад балотамі 0,9% тэр., асушана 6,3 тыс.га. Найб. балотныя масівы Канаўскае балота, Мухаеды. У раёне ч.Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Нароўля, хвоя звычайная (участак росту) і дуброва ў Кіраўскім лясніцтве. Зоны адпачынку Белабярэжская, Галоўчыцкі парк.
Агульнаяпл.с.-г. угоддзяў 29,9 тыс.га (18,7%), з іх асушаных 14,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 5 калгасаў, 2 саўгасы, 1 дапаможная і 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бабовых і кармавых культур, кукурузы, бульбы. Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», малочныя прадукты і інш.) і дрэваапр. (мэбля, сталярныя вырабы, піламатэрыялы) прам-сці; з-д гідраапаратуры. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі з Нароўлі ў Чарнобыль (Украіна), Мазыр, Ельск. У раёне 6 сярэдніх, 5 базавых школ, школа мастацтваў, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 16 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый-прафілакторый «Палессе». Музей этнаграфіі і нар. рамёстваў. Помнік архітэктуры — царква Параскевы (18 ст.) у в. Вербавічы. Выдаецца газ. «Прыпяцкая праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж.маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст.Агульнаяпл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.
Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст.с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульнаяпл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял.Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.
У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т. л. творы В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Гараўскага, С.Жукоўскага, І.Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.Азгура, А.Анікейчыка, І.Ахрэмчыка, А.Бембеля, Г.Вашчанкі, Н.Воранава, А.Глебава, В.Грамыкі, М.Данцыга, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, А.Малішэўскага, Г.Мурамцава, У.Мурахвера, Г.Паплаўскага, А.Паслядовіч, І.Рэя, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.Айвазоўскага, У.Баравікоўскага, К.Брулова, С.Канёнкава, К.Каровіна, Дз.Лявіцкага, В.Паленава, Ф.Рокатава, І.Рэпіна, В.Сярова, В.Трапініна, М.Урубеля, П.Фядотава, Ф.Шубіна, І.Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.Альшэўскага, А.Задорына, Н.Залознай, С.Катковай, У.Кожуха, В.Крывашэевай, З.Літвінавай, А.Марачкіна, М.Селешчука, К.Селіханава, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, І.Цішына, В. і Ф.Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл.Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.
Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.Адашкевіч, П.Белавусаў, Л. і М.Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл.гл. таксама да арт.Музеі мастацкія.
Літ.:
Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;
Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;
Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;
Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.
А.А.Воінаў (архітэктура), І.М.Паньшына.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1950). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 41,5 тыс.чал. (1996), гарадскога 31,1%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал/км². Цэнтр — г.Брэст; г.п.Дамачава, 148 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Гершонскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.
Большая частка тэр. раёна ў межах Брэсцкага Палесся, невял. паўн. частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 186,1 м (каля в. Заполле). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. пяскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетац. перыяд 208 сут. Найб. рака — Зах. Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Серадовая Рэчка, Капаёўка. Мухавец уваходзіць у сістэму Дняпроўка-Бугскага воднага шляху. Значныя азёры: Селяхоўскае, Рагазнянскае, Белае, Мяднянскае, Сажалка Таварная. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 36,5% тэр. раёна, у асн. лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя (буйныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш.); пад балотамі 3,1% пл. раёна. Біялагічны заказнік Селяхі. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,5 тыс.га, з іх асушана 23,9 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 12 калгасаў, 8 саўгасаў, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі на Беласток (Польшча), Ковель (Украіна), а таксама на Баранавічы, Лунінец і Тамашоўку, аўтамаб. дарогі на Баранавічы, Пінск, Камянец, Маларыту. На 1995 у раёне 15 сярэдніх, 14 базавых і 3 пач. школы, школа-інтэрнат, 18 дашкольных устаноў, 3 школы-сады, 30 клубаў, 42 б-кі, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: царква Ушэсця (1899) у в. Велямовічы, Крыжаўзвіжанская царква 19 ст. ў в. Вістычы, крапасны форт № 5 (1878—88) у в. Гершоны, Ільінская царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Дубок, царква Параскевы Пятніцы і званіца (1610) у в. Збірагі, сядзіба (1875) у в. Малыя Зводы, Пакроўская царква (1742) у в. Шчытнікі Малыя, Пакроўская царква (1739) у в. Покры, сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. 18 ст. ў в. Скокі, сядзібны дом канца 19 — пач. 20 ст. і царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Сычы, Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Церабунь, Міхайлаўская царква і званіца (1701) у в. Чэрск, Праабражэнская царква (1609) у в. Шумакі, Прачысценская царква (1793) у в. Шэбрын. Музей касманаўтыкі (з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П.І.Клімука) у в. Тамашоўка. Выдаецца газ. «Заря над Бугом».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,
сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.
Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.
З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.
Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.
Літ.:
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.