колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн.Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл.Дазіметрычныя прылады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНДУКУ́Ш,
горная сістэма Азіі, у Афганістане, Пакістане і Індыі. Даўж.каля 800 км, шыр. 50—350 км. Найб.выш. 7690 м (г. Тырычмір у Пакістане). Цягнецца з ПдЗ на ПнУ, утварае водападзел паміж бас. рэк Амудар’я, Інд і Гільменд. Асн. хрыбты — Баба, Пагман і ўласна Гіндукуш, які падзяляецца на Зах., Цэнтр. і Усх. Гіндукуш. Заходні Гіндукуш (выш. 3500—4000 м), мае рысы сярэдневысокіх апустыненых гор. Хрыбты Цэнтральнага Гіндукуша (выш. да 6059 м) знаходзяцца на У і ПнУ ад г. Кабул. Усходні Гндукуш самы высакагорны (выш. больш за 6000 м), з магутнымі сучаснымі зледзяненнямі (пл.каля 6200 км²). Зах. працягласць Гіндукуша — горы Парапаміз. Сфарміраваўся Гіндукуш у працэсе альпійскай складкавасці. Восевая зона складзена са з дакембрыйскіх метамарфічных парод (гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў), па перыферыі — з палеазойскіх вапнякоў і гліністых сланцаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. і поліметал. руды, берылій, золата, лазурыт, барыт, сера, графіт, цэлесцін, тальк. Клімат кантынентальны, сухі, з добра выяўленай вертыкальнай пояснасцю, ад паўпустыннага і стэпавага паясоў у перадгор’ях і шырокіх міжгорных далінах да высакагорнага нівальнага. Ападкаў 300—800 (на ПдУ — 1000 м) за год. Рэкі Гіндукуша маюць горны характар, вяснова-летнія паводкі, абумоўленыя снегава-ледавіковым жыўленнем. Горныя пустыні з рэдкімі калючымі хмызнякамі або сухі стэп; на паўд.-ўсх. схілах — участкі лістападных, шыракалістых і хвойных лясоў, на высокіх пласкагор’ях — ландшафты халодных пустынь. Жывёльны свет: снежны барс, горны воўк, леапард, горны і безааравы казлы, маркхоры, куку-яманы і інш.; на ПдУ — гімалайскі мядзведзь, рысь, куніца, дзік і інш.; з птушак — грыф, тыбецкі улар, горны гусак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у канцы 15—18 ст.каляв.Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр.каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар.АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ.т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,
помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ЎСКІ ((Kochanowski) Ян) (1530, в. Сыцына каляг. Радам, Польшча — 22.8.1584),
польскі паэт эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Кракаўскім, Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Падуанскім ун-тах. У 1559—70 служыў пры дварах магнатаў, у т. л. Мікалая Радзівіла Чорнага. Пісаў на польск. і лац. мовах. У польскамоўных паэмах «Згода» і «Сатыр, або Дзікі муж» (абедзве 1564), паэме-элегіі «Муза» (каля 1567) уздымаў актуальныя сац.-паліт. тэмы і эстэт праблемы. Аўтар паэмы «Сцяг, або Пруская прысяга» (1569), лірычнай трагедыі «Адказ грэчаскім паслам» (1578), перакладу «Псалмы Давіда» (1578, з’явілася ўзорам для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага). Лепшы лірычны цыкл — 19 плачаў-элегій «Трэны» (1580), напісаных на смерць дачкі Уршулі і прасякнутых глыбокім жалем, філас. роздумам пра жыццё чалавека. Жартоўным зместам і трапнасцю грамадскіх і быт. назіранняў вызначаюцца яго эпіграмы-мініяцюры «Фрашкі» (кн. 1—2, 1584). Вяршыня паэт. майстэрства К. — «Песні» (кн. 1—2, 1586), разнастайныя па рытміцы і строфіцы, змесце і танальнасці. Сярод песень «Узяцце Полацка» (1580). Шэраг твораў прысвяціў М.Радзівілу Чорнаму, яго жонцы Альжбеце, акраверш Крыштофу Радзівілу. Гуманіст. пафас твораў і версіфікатарская культура К. спрыялі станаўленню нац. польск. паэзіі і паўплывалі на творчасць А.Рымшы, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Мархель.
Тв.:
Dzieła wszystkie. T. 1—2, 4. Warszawa, 1982—92;
Dzieła polskie. T. 1—2. 10 wyd. Warszawa, 1980;
Рус.пер. — Стихотворения. М., 1980.
Літ.:
Мархель У.І. Ян Каханоўскі ў Беларусі (XVI—XIX стст.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 3;
Korolko M. Jan Kochanowski: Żywot i sprawy. Warszawa, 1985;
Pelc J. Jan Kochanowski poeta renesansu. Warszawa, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),
O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: 16O (99,759% па масе), 17O (0,037%) і 18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.Прыстлі ў 1774.
К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм.карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л.акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).
Літ.:
Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;
Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІў 1-ю сусветную вайну,
1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.К.Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн.рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн.герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.
2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс.чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс.рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр. — в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЕ НАГО́Р’Е.
На ПдПаўн. Амерыкі, большая ч. ў Мексіцы і на Пд ЗША. Пл.каля 1200 тыс.км². Унутр. яго ч. ўтварае плато Паўн. Меса (выш. 900—1200 м) і Цэнтр. Меса (выш. 2000—2400 м). На У, З і Пд іх абкружаюць горныя хрыбты Усх. Сьера-Мадрэ (4054 м), Зах. Сьера-Мадрэ (3150 м) і Папярочная Вулканічная Сьера (дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). Складзена з вапнякоў, пясчанікаў, мергеляў, вельмі пашыраны лававыя покрывы і алювіяльна-дэлювіяльныя адклады. Радовішчы руд каляровых і высакародных металаў. Клімат трапічны, змяняецца ад кантынентальнага сухога на Пн да мяккага, вільготнага на Пд. Сярэднія месячныя т-ры студз. ад 9 да 14 °C (у высокіх гарах і на Пн бываюць маразы да -20 °C), ліп. ад 15 °C да 20 °C. Гадавыя ападкі 200—400 мм на Пн, 2000—3000 мм на Пд. Сухія паўн. часткі не маюць сцёку ў акіян, вадатокі носяць часовы характар, за выключэннем р. Кончас. На Пд рэкі паўнаводныя, шмат азёр. Расліннасць б.ч. пустынная з мноствам сукулентаў. На Пн пануюць кактусы (каля 500 відаў), агавы (140 відаў), юкі, калючыя хмызнякі, на Пд — саванны, на наветраных схілах гор — вільготныя трапічныя лясы, якія змяняюцца з выш. 1000—2000 м хваёва-піхтавымі лясамі, а вышэй 4000 м — субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Для жывёльнага свету характэрны алені, антылопа віларог, розныя грызуны, з драпежных — чырвоная рысь, пума, ваўкі, лісы, выдры, яноты, з птушак — разнастайныя прадстаўнікі вераб’іных; шмат паўзуноў. На Пд трапляюцца ягуар, ацэлот, пекары, браняносец, мурашкаед і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬБУРН (Melbourne),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Вікторыя. Каля 3,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на беразе заліва Порт-Філіп пры ўпадзенні ў яго р. Яра. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта- і станкабудаванне, хімічнае), чорная металургія, хім., нафтаперапр., тэкст., папяровая, харчовая. 3 ун-ты.
Засн. ў 1835 каланістамі з в-ва Тасманія. У 1837 названы ў гонар тагачаснага брыт. прэм’ер-міністра лорда Мельбурна. У 1842 атрымаў гар. правы. Хутка пачаў развівацца пасля адкрыцця ў 1851 каля яго радовішчаў золата. З 1851 сталіца штата Вікторыя. У 1901—27 сталіца Аўстрал. Саюза. У 1956 у М. адбыліся XVI летнія Алімп. гульні.
На правым беразе р. Яра дзелавы цэнтр М., на левым — жылыя кварталы з садамі і паркамі. З 1837 М. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана (арх. Р.Худл). Пабудовы ў духу эклектыкі і гіст. стыляў: саборы Сент-Джэймс (1841, арх. Р.Расел) і Сент-Пол (1880 арх. У.Батэрфлай), жылыя дамы 2-й пал. 19 ст. з балюстрадамі, навесамі і інш. каванымі дэталямі. У сучасных стылях узведзены Каралеўскі шпіталь (1942, арх. Стывенсан, Цёрнер), алімп. комплекс (арх. Г.Зайдлер) з крытым басейнам (1956, арх. Дж. і Ф.Мэрфі і інш.), культ. цэнтр штата (1968) з маст. галерэяй і канцэртнай залай і інш.Б-ка штата Вікторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Музеі: Нац. музей Вікторыі (мастацтва абарыгенаў), сучаснага мастацтва. Т-ры, у т. л.Нац. мемарыяльны (1973) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Аўстралія.