ХІ́МУС (ад грэч. chymos сок),

вадкае або паўвадкае змесціва тонкіх кішак пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца з сумесі прадуктаў ператраўлення ежы ў страўніку, жоўці, сакрэтаў падстраўнікавай і кішэчных залоз, злушчанага эпітэлію і мікраарганізмаў, а таксама ферментаў панкрэатычнага соку і ўласна кішэчных. Састаў Х. залежыць ад характару харчавання і стану сакраторнай дзейнасці стрававальнага апарату. Маторная дзейнасць кішэчніка садзейнічае перамешванню Х. і яго перамяшчэнню. У чалавека за суткі з тонкіх кішак у тоўстую пераходзіць каля 400 г Х.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)