ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял. Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням. салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.

М.​У.​Філімоненкаў.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЕ́ВІЧ Міхаіл Васілевіч (26.1838, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1917),

рускі і бел. публіцыст, крытык, педагог, этнограф. Скончыў духоўную семінарыю (1859), вучыўся ў духоўнай акадэміі і ун-це ў Пецярбургу. З 1863 хатні настаўнік у сям’і Ф.​Дастаеўскага, выхавацель яго пасынка, з 1864 выкладчык і інспектар нар. вучылішчаў у Вільні. З 1873 у Мін-ве нар. асветы ў Пецярбургу, у 1889—94 узначальваў Варшаўскую навуч. дырэкцыю. У 1860-я г. выступаў як публіцыст і тэатр. крытык у час. «Время», «Искра», «Русская сцена». У педагогіцы прыхільнік ідэй К.​Ушынскага. На бел. матэрыяле заснаваны пед. і этнагр. нарысы: «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»). Аўтар камедыі «Мяшчанская нявеста» (1864). У канцы 19 — пач. 20 ст. жыў у маёнтку Міцькі на Мазыршчыне. У 1909 у сувязі з адлучэннем Л.​Талстога ад царквы даслаў яму пісьмо і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22.12.1921 да 16.2.1922 у Вільні на бел. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец В.Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Бел. з’езда, скліканага ў снеж. 1921 у Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Бел. нац. к-та аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Сав. Расіі, якія пакінулі Зах. Беларусь у час 1-й сусв. вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.​Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнар. становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Сав. Беларусі. Змясціла творы Я.​Піліпава, Адамовіча (над псеўд. Дзяргач), А.​Шуляка і інш. Закрыта ў сувязі з завяршэннем акцыі афіц. далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛА,

адна з трох першапачатковых карэйскіх дзяржаў (Кагуро, Пэкчэ і С.) у 1 ст. да н.э. — 7 ст. н.э., у 7—9 ст. першая агульнакар. дзяржава. Спачатку займала ПдЗ Карэйскага п-ва. Паводле летапісных паказанняў, засн. ў 57 да н.э., хаця першыя звесткі пра С. адносяцца да 3 ст., калі яна ўяўляла саюз паўн.-зах. кар. плямён. Як дзяржава аформілася да пач. 6 ст. У 503 правіцель (марыпкан) Чыджын [500—514] прыняў тытул цара (вана), а дзяржава — назву С. Фарміравалася пад моцным уплывам кіт. культуры і канфуцыянства. У 6 ст. дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Сумесна з войскамі кіт. дынастыі Тан С. ў 660 разбіла Пэкчэ, у 668 — Кагуро, потым выгнала з Карэі былых саюзнікаў — кітайцаў. У 8 — пач. 9 ст. у час росквіту С. як агульнакар. дзяржавы сфарміравалася кар. народнасць. З сярэдзіны 9 ст. С. пачала занепадаць і ў канцы 9 ст. распалася на асобныя дзяржавы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СМАЛЕ́НСК»,

рачны манітор Пінскай ваеннай флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на тэр. Беларусі і Украіны ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1925—26 у г. Кракаў (Польшча). Да 24.10.1939 наз. «Кракаў» і ўваходзіў у склад Пінскай флатыліі ВМС Польшчы. У вер. 1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь затоплены польскім экіпажам у Каралеўскім (Дняпроўска-Бугскім) канале. Падняты, адрамантаваны, пераўзброены і ўключаны ў Дняпроўскую ваенную флатылію пад назвай «С.»; з чэрв. 1940 у Пінскай ваен. флатыліі. Меў на ўзбраенні 4 гарматы і 3 кулямёты, экіпаж — 36 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (найб. вызначыўся экіпаж у ноч на 26.7.1941 каля г.п. Парычы Гомельскай вобл., дзе амаль на суткі затрымаў пераправу ням.-фаш. войск), з вер. вёў баі на Дняпры (Кіеўскі напрамак) і Дзясне (раён Чарнігава). У сувязі з немагчымасцю прарвацца ў Кіеў узарваны экіпажам 15.9.1941.

Літ.:

Павлович Р.К. Речные военные флотилии в Беларуси (1940—1951 гг.). Мн., 2001.

Р.​К.​Паўловіч.

Рачны манітор «Смаленск».

т. 15, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЛЕ́БЕН Эдуард Іванавіч (20.5.1818, г. Елгава, Латвія — 1.7.1884),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-ад’ютант (1855), інж.-ген. (1869), граф (1879). Скончыў Гал. інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836). У Крымскую вайну 1853—56 кіраваў інж. работамі ў час Севастопальскай абароны 1854—55. З 1859 дырэктар інж. дэпартамента, у 1863—77 фактычна кіраваў інж. ведамствам. У 1873 чл. Асобай нарады па рэарганізацыі арміі. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 нач. атрада аблогі крэпасці Плеўна, якая скончылася капітуляцыяй тур. гарнізона; у крас. 1878 — студз. 1879 галоўнакамандуючы рас. арміяй. У 1879—80 адэскі ген.-губернатар (часовы) і камандуючы войскамі Адэскай ваен. акругі. З 30.5.1880 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У вер. 1880 кіраваў ваен. манеўрамі ў раёне Новых Трокаў. Аўтар дапаможнікаў па падрыхтоўцы сапёрных часцей і па міннай справе. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена «Апісанне абароны г. Севастопаля» (т. 1—2, 1863—72).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́КАРАЎ Генадзь Барысавіч (н. 9.12.1931, г. Смаленск, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю ў Смаленску (1955). З 1956 працуе ў Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца драм., характарных роляў. Стварыў пераканаўчыя сцэн. вобразы сучаснікаў: Андрэй, Алег («У добры час!», «У пошуках радасці» В.​Розава), Сеўка («Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева), Цімур Зямны («Лейтэнанты» А.​Пінчука) і інш. Адметнай характарнасцю, мяккім гумарам, пластычнай выразнасцю і сатыр. завостранасцю пазначаны яго пазнейшыя работы: Кукушкін, Рагулін («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.​Губарэвіча), Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Скаромны («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Ермалай («Характары» паводле В.​Шукшына), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана) і інш. Сярод інш. роляў: Дук («...Выратаваць хачу зямную прыгажосць...» паводле твораў А.​Пушкіна), Бальшынцаў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева), Антоніо («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Гжэгаж («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка).

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 15, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),

ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.

А.​В.​Белы, В.​Рыч.

т. 15, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМАЦАВА́НАЯ ЛІ́НІЯ,

сістэма ўмацаваных раёнаў і абарончых пазіцый, абсталяваных доўгачасовымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі і загародамі. Узводзіліся звычайна ўздоўж дзярж. граніцы для прыкрыцця важных стратэг. напрамкаў; мелі пастаянныя гарнізоны, якія з пач. баявых дзеянняў узмацняліся палявымі войскамі. Як правіла, складаліся з шэрагу вузлоў супраціўлення, апорных пунктаў, сектараў і інш. абарончых пазіцый.

У.л. будавалі з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Рыме (рымскія валы), Егіпце, Кітаі, пазней і ў інш. дзяржавах. У 16—17 ст. на паўд. межах Рэчы Паспалітай і на паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы існавалі засечныя межы і інш. абарончыя пазіцыі ў сістэме У.л. У Паўн. Амерыцы ў час вайны за незалежнасць ЗША (1775—83) У.л. будаваліся з удзелам А.Т.Касцюшкі (фартыфікацыйныя збудаванні пад Саратогай, ва Уэст-Пойнце і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 У.л. ствараліся ў шэрагу краін Еўропы: «Мажыно лінія» ў Францыі, «Манергейма лінія» ў Фінляндыі, «Зігфрыда лінія» ў Германіі, «Лінія Сталіна» (замежная назва) у СССР і інш.

І.​А.​Шор.

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЫШЭ́ВІЧ Хведар Іосіфавіч (пач. 1880-х г., г. Капыль Мінскай вобл. — ?),

бел. паэт. Вандраваў у пошуках работы па Случчыне, займаўся кравецтвам, з 1916 працаваў на заводзе ў Петраградзе. З 1919 жыў каля Нясвіжа (Мінская вобл.). Друкаваўся з 1908 у газ. «Наша ніва», «Беларуская думка», «Родная страха», час. «Голос низа», «Вольная думка» і інш. Асн. матывы лірыкі — любоў да Бацькаўшчыны, яе людзей, прыроды, вера ў лепшае жыццё (вершы «Лета», «Самагудка», «Сонца ўстае», «Зорка», «Вечар», «Веснавая мелодыя», «Бурная ноч», «Мора»). Заклікаў бел. народ да свядомага грамадскага жыцця («Прачынайся, мой край», «Жыве Беларусь», «Пагудка», «Песня каваля»). Аўтар паэмы «Нявольнік» (1918). На бел. мову пераклаў паэму Т.​Шаўчэнкі «Кацярына» (1911, пад рэд. Я.​Купалы). Частка яго рукапісаў, у т. л. паэма «Навабранец», зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Мн., 1928;

Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

А.​С.​Ліс.

т. 17, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)