«РА́НІЦА»,
грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22.12.1921 да 16.2.1922 у Вільні на бел. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец В.Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Бел. з’езда, скліканага ў снеж. 1921 у Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Бел. нац. к-та аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Сав. Расіі, якія пакінулі Зах. Беларусь у час 1-й сусв. вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнар. становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Сав. Беларусі. Змясціла творы Я.Піліпава, Адамовіча (над псеўд. Дзяргач), А.Шуляка і інш. Закрыта ў сувязі з завяршэннем акцыі афіц. далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.
А.С.Ліс.
т. 13, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)