ТАТЛЕ́БЕН Эдуард Іванавіч (20.5.1818, г. Елгава, Латвія — 1.7.1884),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-ад’ютант (1855), інж.-ген. (1869), граф (1879). Скончыў Гал. інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836). У Крымскую вайну 1853—56 кіраваў інж. работамі ў час Севастопальскай абароны 1854—55. З 1859 дырэктар інж. дэпартамента, у 1863—77 фактычна кіраваў інж. ведамствам. У 1873 чл. Асобай нарады па рэарганізацыі арміі. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 нач. атрада аблогі крэпасці Плеўна, якая скончылася капітуляцыяй тур. гарнізона; у крас. 1878 — студз. 1879 галоўнакамандуючы рас. арміяй. У 1879—80 адэскі ген.-губернатар (часовы) і камандуючы войскамі Адэскай ваен. акругі. З 30.5.1880 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У вер. 1880 кіраваў ваен. манеўрамі ў раёне Новых Трокаў. Аўтар дапаможнікаў па падрыхтоўцы сапёрных часцей і па міннай справе. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена «Апісанне абароны г. Севастопаля» (т. 1—2, 1863—72).
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)