ЧАРНЫШЭ́ВІЧ Хведар Іосіфавіч (пач. 1880-х г., г. Капыль Мінскай вобл. — ?),
бел. паэт. Вандраваў у пошуках работы па Случчыне, займаўся кравецтвам, з 1916 працаваў на заводзе ў Петраградзе. З 1919 жыў каля Нясвіжа (Мінская вобл.). Друкаваўся з 1908 у газ. «Наша ніва», «Беларуская думка», «Родная страха», час. «Голос низа», «Вольная думка» і інш. Асн. матывы лірыкі — любоў да Бацькаўшчыны, яе людзей, прыроды, вера ў лепшае жыццё (вершы «Лета», «Самагудка», «Сонца ўстае», «Зорка», «Вечар», «Веснавая мелодыя», «Бурная ноч», «Мора»). Заклікаў бел. народ да свядомага грамадскага жыцця («Прачынайся, мой край», «Жыве Беларусь», «Пагудка», «Песня каваля»). Аўтар паэмы «Нявольнік» (1918). На бел. мову пераклаў паэму Т.Шаўчэнкі «Кацярына» (1911, пад рэд. Я.Купалы). Частка яго рукапісаў, у т. л. паэма «Навабранец», зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Літ.:
Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Мн., 1928;
Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
А.С.Ліс.
т. 17, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)