МАТУЗЯ́ВІЧУС ((Matuzevičius) Эўгеніюс) (24.12.1917, г. Урупінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1994),
літоўскі паэт, перакладчык, крытык. Засл. дз. маст. Літвы (1977). Вучыўся ў Каўнаскім і Вільнюскім ун-тах (1939—43). Аўтар паэт. зб-каў «Веснавой сцежкай» (1941), «Песня дружбы» (1953), «Не гасні, агонь маяка!» (1960), «Месячны бераг» (1965), «Млечны шлях» (1970), «Зялёныя астравы гадоў» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1977), «Варыяцыі і вяртанні» (1980) і інш. Для яго вершаў характэрна рамант. прыўзнятасць, песенныя інтанацыі. Для зб. Я.Купалы на літ. мове «Не жалейка стогне» (1957, укладальнік разам з А.Жукаўскасам), анталогій «З беларускай паэзіі» (1952) і «Па Нёмане песня плыве» (1958) пераклаў паэмы Я.Купалы «Курган», «Барысаў», п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», яго вершы і інш.бел. паэтаў. Укладальнік зб. твораў Я.Купалы «Мая доля» (Вільнюс, 1982). Аўтар артыкулаў пра Я.Купалу, бел. л-ру, культуру. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, Л.Дайнека, М.Калачынскі, Я.Крупенька, П.Марціновіч, А.Разанаў, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯ́Ш (Ніна Іосіфаўна) (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.Аліўе, Ж.Сіменона, А.Сент-Экзюперы, Л.Кастэнкі, В.Барны, В.Шымборскай і інш., паасобныя творы П.Беранжэ, П.Мерыме, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, Т.Хрусцялеўскага, А.Гаўрылюка, П.Маха і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн.вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб.вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МЧЫК (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб.вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;
Агледзіны. Мн., 1969;
Анкета. Мн., 1990.
Літ.:
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;
Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ДЭРМЕЕР, бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier),
кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.Ф.Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.П.Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.
Літ.:
Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.
Да арт.Бідэрмеер. К.Шпіцвег. Убогі паэт. 1839.Да арт.Бідэрмеер. Пісьмовы стол з гадзіннікам, 1820 (злева); столік з чырвонага дрэва, 1830.Да арт.Бідэрмеер. Гасціная эрц-герцагіні Сафіі ў Лаксенбургу каля Вены. 1820-я г.Да арт.Бідэрмеер. Ф.Вальдмюлер. Сям’я ў парку. 1840-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МСУН (Hamsun; сапр.Педэрсен; Pedersen) Кнут
(4.8.1859, г. Лом, Нарвегія — 19.2.1952),
нарвежскі пісьменнік. Вёў вандроўніцкае жыццё, змяніў шмат прафесій. З 1911 жыў у Нарвегіі. У 1934 публічна выказаў сваю падтрымку нацыстам. У 1945 арыштаваны, у 1947 асуджаны за пасобніцтва ворагу. У ранніх раманах і аповесцях «Голад» (1890), «Містэрыі» (1892), «Новая зямля» (1893), «Пан» (1894), «Вікторыя» (1898), зб. навел «Сіеста» (1898), напісаных у традыцыях неарамантызму, адчуваецца ўплыў філас. ідэй Ф.Ніцшэ, Э.Сведэнбарга, А.Шапенгаўэра, С.К’еркегора, эстэтыкі А.Стрындберга, Ф.Дастаеўскага. У раманах «Пад восеньскай зоркай» (1906), «Бенані», «Роза» (абодва 1908), «Вандроўнік грае пад сурдзінку» (1909) дамінуюць матывы самотнага вандроўніцтва, беспрытульніцтва, пошуку шляхоў да зліцця з прыродай. Раманы «Апошняя ўцеха» (1912), «Дзеці свайго часу» (1913), «Мястэчка Сегельфос» (1915), «Плён зямлі» (1917; Нобелеўская прэмія 1920) вызначаюцца непрыняццем тагачаснай зах. цывілізацыі (за выключэннем нямецкай). Ідэі зліцця з прыродай і зямлёй развіваюцца ў раманах «Жанчыны каля студні» (1920), «Аўгуст» (1930), «А жыццё ідзе» (1933), «Кальцо замыкаецца» (1936). Аўтар драм. твораў «Каля брамы царства» (1895), «Гульня жыцця» (1896), «Вечаровая зара» (1898), «Манах Вэнт» (1902), зб-каў вершаў «Дзікі хор» (1904), мемуараў «На зарослых сцяжынках» (1949) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб.вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН СІ́НА (Абу Алі Хусейн ібн Абдалах) (латынізаванае Авіцэна; Avicenna; 16.8.980, с. Афшана, каля г. Бухара, Узбекістан — 18.6.1037),
філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач, паэт. Па паходжанні таджык. Жыў і працаваў у Бухары, Харэзме, Іране. Аўтар 456 твораў на арабскай і 23 на мове фарсі (таджыкскай), прысвечаных праблемам логікі, філасофіі, фізікі, матэматыкі, рыторыкі, паэзіі. Найважн. творы: «Кніга збавення» (18 тамоў), «Кніга справядлівасці» (20 тамоў), «Філасофія ўсходнікаў», «Кніга ўказанняў і павучанняў»; больш за 40 прац прысвечаны медыцыне, у т. л. «Канон урачэбнай навукі» (у 5 кнігах). Яго філасофія працягвае традыцыі ўсх. арыстоцелізму і неаплатанізму; прызнанне аб’ектыўнасці і вечнасці быцця, дыялект. сувязі матэрыі і руху. Адстойваў прынцып адзінства мыслення і доследных ведаў, сцвярджаў існаванне свету ідэй незалежна ад свету рэчаў. Аўтар вершаў (пераважна ў форме рубаі), а таксама вялікай «Касыды аб душы», філас. аповесцей «Жывы, сын Нядрэмнага», «Пасланне пра птушку», «Саламан і Абсал» і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Математические главы «Кнігі знания». Душанбе, 1967;
Избр. филос. произв. М., 1980;
Поэзия Ташкент, 1980;
Канон врачебной науки Кн. 1—5. 2 изд. Ташкент, 1979—82.
Літ.:
Завадовский Ю.Н. Абу Али ибн Сина: Жизнь и творчество Душанбе, 1980;
Сагадеев АВ. Ибн-Сина (Авиценна). 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),
бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел.навук.т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб.вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).
Літ.:
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.