ШАБА́Н Яўген Пятровіч (29.12.1936, в. Калодзіна Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 30.7.1982),

бел. паэт і драматург. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). Працаваў акцёрам, пам. гал. рэжысёра па літ. частцы Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1958—65), Бел. т-ра імя Я Купалы (1976—80), у 1965—76 рэжысёр на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Нарачанка» (1969), «Чырвоныя сумёты» (1977), п’ес «Сіні снег» (паст. 1975, Бел. рэсп. т-р юнага гледача), «Чахарда» (нап. 1976), «Шрамы» (паст. 1977), «Чалавек з легенды» (з І.​Ражковым; паст. 1978; абедзве т-р імя Я.​Купалы), «Востраў Алены» (паст. 1982, т-р імя Я.​Коласа), лібрэта тэлеоперы «Ранак» (паст. 1968), сцэнарыяў, шэрагу тэлеспектакляў і інш. П’есам уласцівы вострыя канфліктныя сітуацыі, акрэсленая праблемнасць, лірызм. На бел. мову пераклаў асобныя творы М.​Шолахава, В.​Шукшына, Н.​Думбадзе, Ю.​Тууліка і інш.

Тв.:

П’есы. Мн., 1983.

С.​С.​Лаўшук.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)