САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал.нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц.культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.
Літ.:
Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;
Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ХА,
адзін з найбагацейшых скіфскіх курганоў (т.зв. царскіх) 4 ст. да н.э. за 12 км на ПдУ ад с.Вял. Знаменка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл. Украіны. Даследаваны ў 1912—13 М.І.Весялоўскім. Пад насыпам выш. 18 м выяўлены 2 «царскія» пахаванні. Цэнтр. разрабавана ў старажытнасці, бакавое — цэлае. У бакавым разам з царом пахаваны яго слугі — віначэрп і збраяносец.
Знойдзены наборы зброі, бронзавая булава — знак улады, залатая грыўня, бранзалеты, шматлікія бляшкі ад адзення ці полага, сярэбраныя пасудзіны і інш. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць залаты грэбень з фігуркамі скіфаў, якія змагаюцца, і сярэбраны абклад гарыта з выявай пешых і конных воінаў. На З ад царскай грабніцы выяўлена яма з 5 шкілетамі коней, на якіх захаваліся рэшткі аброцей з бронзавымі бляхамі, побач — пахаванне конюха.
Літ.:
Сокровища скифских курганов в собрании Государственного Эрмитажа. Прага;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ Існавала ў 1916—18. Засн. ў 1916
(заняткі пачаліся 15.10.1916) у мяст. Свіслач Ваўкавыскага пав. Рыхтавала настаўнікаў для бел.пач. школ зах. Беларусі, акупіраванай войскамі Германіі. Паводле статуса ў семінарыю павінны былі прымацца асобы абодвух полаў і рознага веравызнання, якія скончылі 4 класы гімназіі або гар.ці вышэйшага пач. вучылішча (фактычна прымаліся і з меншым адукац. цэнзам). Навучанне вялося на бел. мове, тэрмін — 3—4 месяцы. Дазвалялася здаць курс навучання экстэрнам. Выкладаліся: бел. мова і л-ра, ням. мова, рэлігія, педагогіка, арыфметыка, асновы геаграфіі, гісторыя Беларусі, гімнастыка, спевы, маляванне, гігіена, садоўніцтва і агародніцтва, ручная праца. У 1917 у семінарыі чытаў лекцыі па гісторыі бел. л-ры праф. Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-та Р.Абіхт, сярод выкладчыкаў Б.Пачопка (паводле лекцый у 1918 выдаў лацінкай у Вільні «Граматыку беларускай мовы»),
У семінарыі вучыліся А.Грыкоўскі, В.Мурашка (Маслоўская), У.Шалешка. Закрыта 15.11.1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАЯ́ННІК, зверабой (H. ypericum),
род кветкавых раслін сям. святаяннікавых, або зверабойных. Больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя С.: плямісты (H.maculatum), нар. назвы святаянскае зелле, крывавец, сямёнава кроў і прадзіраўлены (H. perforatum), нар. назвы зелле св. Івана, расанкі, кроўка. Вельмі рэдка трапляюцца С.: вялікі (H. majus), горны (H. montanum), зграбны (H. elegans), распасцёрты (H. humifusum), чатырохкрылы (H. tetrapterum), цвёрдаваласісты (H. hirsutum). Растуць у ліставых і мяшаных лясах, на палях, сухадольных лугах, уздоўж узлескаў. Інтрадукавана каля 7 відаў.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты, паўкусты і невял. дрэвы. Сцёблы звычайна прамыя, галінастыя. Лісце суцэльнае, супраціўнае або ў кальчаках, з кропкавымі залозкамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, у мяцёлчатых, гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя, дубільныя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя для авечак і коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЕ́ДЫ (Psocoptera, або Copeognatha),
атрад насякомых. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у лясах на дрэвах, у гнёздах насякомых і птушак, на глебе, пад камянямі, у лясным подсціле, жылых памяшканнях, бібліятэках, музеях. На Беларусі адзначаны кніжная вош (Liposcelis divinatorius), С. хатні, або пылавая вош (Trogium pulsatorium), С. двухпалосы (Amphigerontia bifasciata) і інш.
Даўж. цела 1—5 мм. Афарбоўка бледна-бурая, белая. Вусікі ніткападобныя. Ротавы апарат грызучы і сысучы. Большасць маюць перапончатыя бясколерныя або з цёмнымі плямамі і перавязямі крылы. У шэрагу відаў крылы ўкарочаныя ці адсутнічаюць. Ногі бегальныя, лапкі 2—3-членікавыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год даюць некалькі пакаленняў. Кормяцца жывымі і адмерлымі расліннымі тканкамі (адсюль назва), некат. грыбамі, водарасцямі, лішайнікамі, псуюць бат. і энтамалагічныя калекцыі, паперу, кнігі, сухія кармавыя запасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМБІЁЗ (ад грэч. symbiōsis сумеснае жыццё),
сумеснае існаванне арганізмаў (сімбіёнтаў) розных сістэматычных груп. Тэрмін увёў ням. батанік Г.А. дэ Бары (1879). Бывае аблігатны С., калі 1 з арганізмаў (ці 2) знаходзяцца ў цеснай залежнасці ад другога і самастойнае існаванне немагчыма, і факультатыўны С. — калі кожны з арганізмаў пры адсутнасці партнёра можа жыць самастойна. Па характары адносін паміж партнёрамі выдзяляюць тыпы (формы) С.: каменсалізм, мутуалізм, паразітызм. Паміж імі магчымы пераходы, шэраг градацый і пераходных станаў.
Асновай для ўзнікнення С. могуць быць трафічныя (кармленне аднаго з партнёраў за кошт другога нявыкарыстанымі рэшткамі корму, прадуктамі стрававання або яго тканкамі), прасторавыя (пасяленне на паверхні або ўнутры цела другога, сумеснае выкарыстанне норак, домікаў, ракавін) і інш. тыпы ўзаемаадносін. С. можа быць на ўзроўні шматклетачных арганізмаў і асобных клетак (унутрыклетачны С.). У адносіны С. могуць уступаць расліны з раслінамі, расліны з жывёламі, жывёлы з жывёламі, расліны і жывёлы з мікраарганізмамі, мікраарганізмы з мікраарганізмамі.
1) у музыцы — зрушэнне акцэнту з метрычна больш моцнай долі такта на больш слабую. Абазначае зрухі націску, якія адбываюцца ў выніку несупадзення рэальнай і метрычнай акцэнтуацыі і прыводзяць да ўтварэння ў межах такта нарматыўных і ненарматыўных акцэнтаў. Асн. выразная якасць С. — абвастрэнне рытмічнага і меладычнага руху, актывізацыя метрычнай пульсацыі ці яе згладжванне. Сінкапіраваныя рытмы пашыраны ў прафес. і нар. музыцы многіх народаў свету, у т. л. беларусаў. Як характэрная адзнака ўласна муз. і выканальніцкага стылю С. ўласціва танц.-інстр. фальклору.
2) У вершаскладанні — пропуск галоснага гука або групы гукаў у сярэдзіне слова. Выкарыстоўваецца з мэтай дасягнення гукавой і сэнсава-эмацыянальнай выразнасці паэтычнага твора. Сустракаецца ў нар. творчасці, творах пісьмовай л-ры:
Стары дзед мяжой ішоў,
Залатыя ключы найшоў.
— Прападайце, златы ключы,
За старога не йсці.
(Бел. народная песня)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),
землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.
Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб.з-д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ДА,
тэхнічная назва карбанатаў натрыю. Бязводны натрыю карбанат Na2CO3наз. кальцыніраванай С., яе крышталегідрат Na2CO3∙10H2O (дэкагідрат) — крышт. С., гідракарбанат NaHCO3 — пітной, ціхарч. С. У прыродзе трапляецца ў выглядзе грунтавых расолаў, рапы ў азёрах і мінералаў — натрону Na2CO3∙10H2O, тэрманатрыту Na2CO3∙H2O, троны Na2CO3∙NaHCO3∙2H2O.
С. кальцыніраваная — бясколерныя крышталі, tпл 858 °C. Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе (растворы маюць моцнашчолачную рэакцыю). Атрымліваюць пераважна награваннем NaHCO3, што ўтвараецца пры карбанізацыі воднага раствору хларыду натрыю, насычанага аміякам. а таксама з прыродных пакладаў, саляных расолаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, мыла і інш. мыйных сродкаў, алюмінію, для атрымання інш. злучэнняў натрыю і пігментаў, ачысткі нафтапрадуктаў, пры варцы цэлюлозы. С. пітная — белы крышт. парашок, які пры 100—150 °C раскладаецца. Атрымліваюць насычэннем воднага раствору Na2CO3 вуглякіслым газам. Выкарыстоўваюць як разрыхляльнік цеста ў хлебапякарнай і кандытарскай прам-сці, у вытв-сці безалкагольных напіткаў, штучнай мінер. вады, як лек. сродак і інш.