СО́ДА,

тэхнічная назва карбанатаў натрыю. Бязводны натрыю карбанат Na2CO3 наз. кальцыніраванай С., яе крышталегідрат Na2CO3∙10H2O (дэкагідрат) — крышт. С., гідракарбанат NaHCO3 — пітной, ці харч. С. У прыродзе трапляецца ў выглядзе грунтавых расолаў, рапы ў азёрах і мінералаў — натрону Na2CO3∙10H2O, тэрманатрыту Na2CO3∙H2O, троны Na2CO3∙NaHCO3∙2H2O.

С. кальцыніраваная — бясколерныя крышталі, tпл 858 °C. Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе (растворы маюць моцнашчолачную рэакцыю). Атрымліваюць пераважна награваннем NaHCO3, што ўтвараецца пры карбанізацыі воднага раствору хларыду натрыю, насычанага аміякам. а таксама з прыродных пакладаў, саляных расолаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, мыла і інш. мыйных сродкаў, алюмінію, для атрымання інш. злучэнняў натрыю і пігментаў, ачысткі нафтапрадуктаў, пры варцы цэлюлозы. С. пітная — белы крышт. парашок, які пры 100—150 °C раскладаецца. Атрымліваюць насычэннем воднага раствору Na2CO3 вуглякіслым газам. Выкарыстоўваюць як разрыхляльнік цеста ў хлебапякарнай і кандытарскай прам-сці, у вытв-сці безалкагольных напіткаў, штучнай мінер. вады, як лек. сродак і інш.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)