ЧУЙКО́Ў Сямён Апанасавіч (30.10.1902, Бішкек — 18.5.1980),

кіргізскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў М.​Хлудава ў г. Алматы, у Маскоўскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1924—30). У 1930—32 выкладаў у Ленінградскай АМ, у 1947—48 у Маскоўскім маст. ін-це. Абапіраючыся на традыцыі рус. выяўл. мастацтва, распрацоўваў жанравы і пейзажны кірг. жывапіс; у 1950—60-я г. звяртаўся да інд. тэматыкі. Творы вылучаюцца строгасцю кампазіцыі, тонкай распрацоўкай колеравых суадносін: цыклы «Кіргізская калгасная сюіта» (1939—48), «У нас у Кіргізіі» (1946—67), «Нашы браты» (1952—67), работы «Дачка савецкай Кіргізіі» (1948), «Дачка чабана» (1956), «Дакрананне да вечнасці» (1973), «Мары» (1975), «Аўтапартрэт са статуяй» (1979). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя І.​Сатылганава 1972.

т. 17, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКУНЕ́НКА Аляксей Аляксеевіч (21.3.1884, г. Херсон, Украіна — 12.3.1974),

украінскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1944). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1908), Пецярб. АМ (1917). З 1926 выкладаў у адэскіх палітэхнікуме выяўл. мастацтваў, маст. ін-це (з 1935 праф.), у 1936—65 праф. Кіеўскага маст. ін-та. Пісаў псіхал. партрэты: В.​Забалотнага (1942), Б.​І.​Якаўлева (1944), С.​А.​Каўпака (1945), М.​Рыльскага (1944—45), М.​Літвіненка-Вольгемут (1947), Ф.​І.​Трушына (1949), індустр. пейзажы: серыі акварэлей «Адэскі суднабудаўнічы завод» (1929—30), «Днепрабуд» (1930—32), «Луганскі паравозабудаўнічы завод» (1936). Значнае месца ў творчасці належыць пейзажам Украіны, Малдавіі, Кабардзіна-Балкарыі, Башкірыі. Дзяж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1970.

Літ.:

Владич Л. Алексей Шовкуненко. М., 1983.

т. 17, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯБЛО́НСКАЯ Таццяна Нілаўна (н. 24.2.1917, г. Смаленск, Расія),

украінскі жывапісец. Нар. мастак Украіны (1960). Нар. мастак СССР (1982). Правадз. чл. АМ СССР (1975). Вучылася ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—41), у 1944—73 (з перапынкам) выкладала ў ім (з 1967 праф.). Працуе ў розных жанрах. Жывапісная манера засн. на традыцыях нар. насценнай размалёўкі ў спалучэнні з дэкаратыўнасцю, вытанчанасцю пластычнага і колеравага рытмаў: «Хлеб» (1949), «Вясна» (1950), «Над Дняпром» (1954), «Разам з бацькам» (1962), «Жыццё ідзе» (1971), «Вечар. Старая Фларэнцыя» (1973), «Лён» (1977), «Вечар на лузе» (1979), «Ліпень» (1983), пейзажы, партрэты і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951, 1979.

Літ.:

Попова Л.И., Цельтнер В.П. Т.​Яблонская. М., [1968];

Короткевич Е.Г. Т.​Яблонская: [Альбом]. М., 1980.

І.​Л.​Чэбан.

Т.Яблонская. Разам з бацькам. 1962.

т. 18, кн. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Васіль Мікалаевіч (14.1.1893, Масква — 29.6.1953),

расійскі жывапісец. Нар. маст. Расіі (1943). Чл. АМ СССР (1947). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917). Выкладаў у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918—22), Арх. ін-це (1934—36), Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (1948—50). У 1926—31 заг. рэстаўрацыйнай майстэрні Музея выяўл. мастацтваў імя А.​Пушкіна, у 1938—39, 1949—50 гал. мастак Усесаюзнай с.-г. выстаўкі. Чл. асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Жывапісная манера, засн. на вывучэнні мастацтва 17 ст., вылучаецца важкасцю форм, вытанчанасцю каларыту: «Рыбы Баранцава мора» (1931), «Старацель» (1937), «Партызан» (1941—42), «Калгасны статак» (1948) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949.

Тв.:

О живописи. М., 1951;

Мое призвание. М., 1963.

В.Якаўлеў. Старацель. 1937.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФА́НАЎ Васіль Пракопавіч (23.11.1900, г. Самара, Расія — 1978),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1965). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў студыі Дз.​Кардоўскага ў Маскве (1921—26). Выкладаў у маскоўскіх маст. ін-це імя В.​Сурыкава (1948—1957, з 1949 праф.), пед. ін-це імя У.​Леніна (1960—78). Ствараў пераважна мажорныя па колеры і настроі партрэты (Р.​Арджанікідзе, 1937; Т.​Ражковай, 1949; В.​Бакшэева, 1953; Я.​Свярдлова, 1969) і тэматычныя, часткова тэатралізаваныя кампазіцыі, блізкія да жанру групавога партрэта: «Незабывальная сустрэча» (1936—37), «Каля пасцелі хворага А.​М.​Горкага» (1940—44), «Перадавыя людзі Масквы ў Крамлі» (1949), «Пасяджэнне прэзідыума Акадэміі навук СССР» (абедзве ў сааўт., 1951). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, 1952.

В.Яфанаў. Партрэт мастака В.​Бакшэева. 1953.

т. 18, кн. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ Марыя Магдалена Эліза (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),

бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.​Лізен-Маўэра і М.​Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.

І.​А.​Масляніцына.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЫЯШВІ́ЛІ Ладо (Уладзімір) Давыдавіч (30.3.1896, Тбілісі — 20.7.1980),

грузінскі жывапісец і графік. Нар. мастак Грузіі (1957) і СССР (1972). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Школе жывапісу і скульптуры (Тбілісі, 1910—14). У 1919—26 жыў у Парыжы, наведваў Акадэмію Ронсана. Зазнаў уплыў сярэдневяковага груз. мастацтва і заходнееўрап. плыней 1920-х г. У 1926—32 праф. Тбіліскай АМ. Яго творы насычаны фальклорнымі матывамі, міфалагічнымі і фантаст. вобразамі (алегарычныя і сатыр. карціны, сцэны з жыцця тыфліскай багемы, партрэты, кніжныя іл., тэатр. дэкарацыі). Сярод іх жывапісныя карціны «Рыба Цоцхалі» (1920), «Ніко Пірасмані» (1946), іл. да зб. «Грузінскія народныя песні» Г.​Чхіквадзе (1946), да кн. «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (2-е выд. 1976) і інш. Дзярж. прэмія Ш.​Руставелі 1965.

Літ.:

Каган М.С. Л.​Гудиашвили: Альбом. Л., 1983.

Л.Гудыяшвілі. Ніко Пірасмані. 1946.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў Ігар Антонавіч (н. 5.1.1958, Мінск),

бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.

Г.​А.​Фатыхава.

І.Бархаткоў. І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі... 1991.

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЙДЭН (Weyden) Рагір ван дэр (каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),

нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. У рэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.

Р. ван дэр Вэйдэн. Святы Лука малюе мадонну.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДАРЭ́НКА Леанід Аляксандравіч (н. 25.10.1930, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1963). Гал. месца ў творчасці, якой уласцівы метафарычная афарбоўка, багатае вобразнае вырашэнне, займаюць канцэптуальныя сюжэтна-тэматычныя карціны: «П’ета» (1968), «Вызваленне» (1975), «Касінеры Каліноўскага» (1978), «У майстэрні» і «Гэта не павінна здарыцца» (абедзве 1986), «Эпілог» і «Людзі і манументы» (абедзве 1988), «Майму народу гэта кніга (Скарына)» (1990), «Баляванне драпежнікаў» (1993), «Усюды жыццё» (1995), «За што, Госпадзі?» (1996). Пейзажы і партрэты вылучаюцца моцнай пластыкай, выразнасцю малюнка: партрэты В.​Быкава (1980), М.​Багдановіча (1981), «Перад трэніроўкай. Н.​Б.​Сініцына» (1987), «Мая Наталля» (1997), пейзажы «Браслаў» (1982), «Раўбічы» (1988), «Пінск» (1993) і інш.

Літ.:

Шаура Р. Леанід Дударэнка. Мн., 1984;

Леонид Дударенко. Мн., 1995.

Л.Дударэнка. Гэта не павінна здарыцца. 1988.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)