КО́РЫН (Павел Дзмітрыевіч) (7.7.1892, Г.п. Палех Іванаўскай вобл., Расія — 22.11.1967),
расійскі жывапісец. Нар.маст.СССР (1962). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—16) у К.Каровіна і С.Малюціна. Зазнаў уплыў М.Несцерава. У 1932—59 кіраўнік рэстаўрацыйнай майстэрні Музея выяўл. мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве; рэстаўрыраваў карціны Дрэздэнскай карціннай галерэі. Творам уласцівы адухоўленасць вобразаў, манум. строгасць і дакладнасць малюнка, цэласнасць пластычнай формы, напружаная насычанасць колеру: эцюды да карціны «Русь, якая адыходзіць» (1930-я г.; «Схімніца», «Бацька і сын», «Ігумення»), трыпціх «Аляксандр Неўскі» (1942—43), партрэты М.Горкага (1932), Л.Леанідава, Несцерава (абодва 1939), М.Сар’яна, Р.Сіманава (абодва 1956), Кукрыніксаў (1957—58), Р.Гутуза (1961) і інш. Сярод манум. работ: мазаічныя плафоны на станцыі «Камсамольская-кальцавая» (1951; Дзярж. прэмія СССР 1952), вітражы на станцыі «Новаслабодская» (1951), мазаіка на станцыі «Смаленская» (1952) Маск. метрапалітэна; мазаіка ў будынку Маскоўскага ун-та (1952) і інш. Ленінская прэмія 1963.