НО́РДМАН (Эдуард Баляслававіч) (н. 25.2.1922, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсам.-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1958). З 1939 на камсам. рабоце. З пач. Вял. Айч. вайны нам. сакратара, сакратар, чл. Пінскага падп. абкома, адначасова сакратар Пінскага падп. гаркома ЛКСМБ, з ліп. 1943 пам. камісара атрада В.З.Каржа, нам. камісара партыз. брыгады імя Молатава. Пасля вайны на парт., камсам. і сав. рабоце, у органах дзярж. бяспекі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1974—79. Ганаровы грамадзянін г. Пінск.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА БІНО́М,

формула для вылічэння любой цэлай ступені бінома праз ступені яго складнікаў. Мае выгляд ( a + b ) n = an + C1n an−1 b + C2n an−2 b2 + ... + Ckn an−k bk + ... + bn , дзе a і b — адвольныя лікі, Ckn — бінаміяльныя каэфіцыенты. Формула для цэлых n была вядома задоўга да І.Ньютана, які пашырыў яе на дробавыя і адмоўныя паказнікі ступені (1676). Н.б. абагульняецца на выпадак сапраўднага ці камплекснага паказніка з утварэннем у правай частцы бясконцага шэрагу, збежнага пры |a| > |b|. Выкарыстоўваецца ў многіх раздзелах матэматыкі.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮХ,

успрыманне арганізмам пры дапамозе нюху органаў пэўных уласцівасцей (паху) розных рэчываў, што прысутнічаюць у навакольным асяроддзі; адзін з відаў хемарэцэпцыі. Мае сігнальнае значэнне. Служыць жывёлам для пошуку і выбару корму, высочвання здабычы, выратавання ад ворагаў, для біяарыентацыі, біякамунікацыі і інш. Адрозніваюць жывёл з добра развітым Н. (большасць млекакормячых), са слаба развітым Н. (птушкі, цюлені, вусатыя кіты, прыматы) і з поўнай адсутнасцю органаў Н. (зубатыя кіты). Асобную ролю ў зносінах жывёл адыгрываюць ферамоны. У людзей больш важныя віды дыстантнай чуллівасці — зрок і слых, але ацэнка ежы вызначаецца пераважна з дапамогай Н.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСКІ (Ян Калікставіч) (сапр. Кулікоўскі; 1898, маёнтак Бутрымавічы Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва —27.11.1937),

савецкі дзярж. дзеяч. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У 1917—18 на парт. і сав. рабоце ў Вільні. З 1919 у органах дзяржбяспекі: у 1921—22 старшыня ЧК, у 1922—23 — ДПУ БССР. У 1923—31 гал. інспектар Гал. інспекцыі войск АДПУ, нам. нач. асобага аддзела, пам. нач., потым нач. контрразведкі АДПУ, нач. асобага аддзела АДПУ пры СНК СССР. З 1931 на гасп. рабоце. 30.5.1937 арыштаваны «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОМСК,

горад у Расіі, цэнтр Омскай вобл., размешчаны пры ўпадзенні р. Ом у р. Іртыш. Засн. ў 1716. 1159 тыс. ж. (1998). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (выпуск ракет, рухавікоў, збожжаўборачных камбайнаў), прыладабудаўнічая і электратэхнічная (тэлевізары, магнітафоны), газавая апаратура, нафтаперапр. і нафтахім. (вытв-сць тэхн. вугляроду, шын, гумава-тэхн. вырабаў, пластмас і інш.), лёгкая (аўчынна-футравая, дывановая, тэкст., гарбарная і абутковая), харч., дрэваапрацоўчая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ЦЭЦ. 10 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры. Музеі: краязн., гіст. і літ., маст. вырабаў.

Грузавы порт у г. Омск.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОРТА-, МЕТА-, ПАРА- ў хіміі,

прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл. Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДУ́ШАЧКА»,

старажытны бел. нар. гульнявы танец-карагод. Муз. памер 2-дольны. Тэмп умераны, часам павольны. Выконваецца пад прыпеўкі з тыповым зачынам: «Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая». Вядома ў розных харэаграфічных варыянтах: карагодным, танцавальным, мяшаным. Пры карагодным варыянце пара салістаў разыгрывае тэкст песні ў цэнтры круга. Для танц. варыянта характэрна пастаянная змена пар і стварэнне новых пар у крузе, інстр. суправаджэнне. Мяшаны варыянт спалучае элементы гульні, танца і карагода. Сцэнічным рэдакцыям танца, створаным балетмайстрамі І.​Хворастам (1940-я г., Бел. ансамбль песні і танца) і Ю.​Сляпнёвым, уласцівы паскарэнне тэмпу, мадэрнізацыя тэксту.

В.​М.​Яшчанка.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,

мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,

заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),

палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)