працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІТА́РНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у галіне гуманіт. (грамадскіх) навук. Структура гуманітарнай адукацыі вызначаецца традыцыямі адукацыі і выхавання, якія склаліся ў канкрэтных супольнасцях. У краінах Зах. Еўропы і ЗША да гуманіт. дысцыплін адносяць гісторыю, філасофію, рэлігіязнаўства, л-ру, выяўл. мастацтва, музыку, замежную і родную мовы, а таксама сац. навукі (псіхалогію, эканоміку, сацыялогію, антрапалогію, лінгвістыку, паліт. дысцыпліны). У Беларусі і ў інш. краінах СНД гуманітарная адукацыя трактуецца больш расшырана — як сац.-гуманітарная ці гуманітарная і сац.-эканамічная. Змест гуманітарнай адукацыі вызначаецца сукупнасцю навук, якія дазваляюць чалавеку пазнаць самога сябе, навакольнае асяроддзе, шляхі развіцця грамадства з улікам яго культ.-гіст. спадчыны. У сістэме адукацыі Беларусі сац.-гуманіт. падрыхтоўка ахоплівае гіст., эканам., сац.-паліт., правазнаўчыя, псіхолага-пед. дысцыпліны, родную і замежную мовы. У ліку асн. тэндэнцый рэфармавання адукацыі прадугледжваецца гуманізацыя (змест гуманітарнай адукацыі павінен грунтавацца на антрапакультуралагічным падыходзе) і гуманітарызацыя (сістэма мер, праз якія рэалізуюцца высакародныя мэты і прынцыпы гуманіст. каштоўнасцей у навуч. працэсе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ (сапр.Чаржынскі) Уладзіслаў Вікенцьевіч
(1897, в. Старакаменная Беластоцкага ваяв., Польшча — 2.4.1974),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1925). Выкладаў у Камуніст. ун-це Беларусі (1925—30). У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Казань. Рэабілітаваны ў 1988. Працаваў у Татарскім ін-це павышэння кваліфікацыі настаўнікаў (1931—36), Казанскім мед. ін-це (1933—47, 1950—71). Друкаваўся з 1922. Даследаваў тагачасны літ.працэс, творчасць М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота, Ц.Гартнага і інш. Працы Дз. вылучаліся глыбінёй эстэт. аналізу, жывасцю даследчыцкай думкі.
Тв.:
Максім Багдановіч як стылізатар беларускага верша // Адраджэнне. 1922. № 1;
Беларуская літаратурная сучаснасць (1920—1925) // Полымя. 1925. №1,2, 5;
Да партрэту Я.Коласа ў літаратурнай крытыцы // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
З.Жылуновіч як крытык // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі. Мн., 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метады стабілізацыі палімераў.
Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэснайб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,
1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.А.Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.Лок, А.Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.Г.Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА РЫ́НКУ,
комплекс арг-цый, устаноў, інстытутаў, якія садзейнічаюць нармальнаму, бесперапыннаму функцыянаванню рынку, выконваюць пасрэдніцкія функцыі, вырашаюць дапаможныя задачы таварна-грашовага абарачэння паміж суб’ектамі гаспадарання. забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў, прац. сілы ў рыначнай гаспадарцы. Вылучаюць базісны і надбудовачны ўзроўні І.р. Да базіснага ўзроўню адносяць сістэму гандл., фін.-эканам. арг-цый і ўстаноў (банкі, біржы, фін., страхавыя, лізінгавыя кампаніі, інвестыцыйныя і пенсіённыя фонды і інш.). Надбудовачны ўзровень уключае рэгулятыўны механізм, інфарм. і тэхн. забеспячэнне (заканадаўства, інфарм. тэхналогіі, камунікацыі). У Рэспубліцы Беларусь працэс станаўлення новай І.р. характарызуецца актыўным развіццём элементаў фін. рынку. У 1997 дзейнічала 28 камерцыйных банкаў, каля 50 лізінгавых і больш за 60 страхавых кампаній, 22 спецыялізаваныя інвестыцыйныя фонды і інш. Фарміруецца монабіржавая сістэма фондавага рынку, развіваецца інфарм.-кансультатыўная і дэпазітарная сістэмы, дзейнічаюць фондавая, міжбанкаўская, валютная, трансп. біржы. Рыначныя адносіны ў сферы таварнага абарачэння рэгулююцца на таварных біржах. У 1997 на Беларусі дзейнічала 5 таварна-сыравінных біржаў, 774 брокерскія канторы і незалежныя брокеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
форма арганізацыі працы, пры якой многія работнікі прымаюць удзел у адным або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах працы. Абумоўліваецца падзелам працы і неабходнасцю злучэння асобных аперацый у адзіны вытв паток. Існуюць простыя К.п., калі ўсе работнікі выконваюць аднародную работу, і складаныя, заснаваныя на падзеле працы і выкарыстанні машын. Простая К.п. выкарыстоўваецца там, дзе работа можа быць падзелена на якасна аднародныя часткі, выкананне якіх даручаецца асобным работнікам, або там, дзе выкананне работы патрабуе злучэння аднародных сіл (напр., падыманне цяжараў). Складаная К.п. выкарыстоўваецца, калі ўвесь прац.працэс падзяляецца на разнастайныя аперацыі, якія выконваюцца работнікамі розных спецыяльнасцей. К.п. спрыяе павышэнню яе эфектыўнасці, бо пры складанні сіл яе ўдзельнікаў узнікае новая вытв. сіла, забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу і нараджаецца дух саперніцтва. Разнавіднасцю К.п. з’яўляюцца калект. формы арганізацыі працы, якія маюць на мэце выкананне прац. працэсу калектывам работнікаў, звязаных агульнасцю рабочай зоны, прадметамі і сродкамі працы. Калект. формы арганізацыі працы грунтуюцца на стварэнні брыгад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛІК (Сяргей Піліпавіч) (25.10.1846, в. Свадкавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.4.1926),
бел. рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Пецярбургскім і Кіеўскім ун-тах. Падтрымліваў сувязі з М.А.Бакуніным, П.Л.Лаўровым, П.М.Ткачовым. Стварыў народніцкія гурткі ў Пецярбургу, Харкаве, Саратаве, Самары і інш., якія вялі агітацыю сярод сялян. У ліп. 1874 арыштаваны ў Самарскай губ. разам з М.К.Судзілоўскім, адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Па працэсе 193-х (1877—78) асуджаны на 10 гадоў катаргі. З 1880 у ссылцы ў Якуціі. З 1898 працаваў у Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Мінскай гар. думы, старшыня Мінскага губ. зямельнага к-та. У 1920—22 у нар. камісарыяце сац. апекі БССР. З 1922 выкладчык Мінскага палітэхнікума. Старшыня Мінскага аддз.т-ва паліткатаржан і ссыльных пасяленцаў. Аўтар успамінаў «Рэвалюцыйны рух сямідзесятых гадоў і працэс 193-х» (надр. 1928), артыкулаў у час. «Былое» і «Каторга и ссылка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,
разнавіднасць фатаграфіі, звязаная з узнаўленнем каляровага відарыса аб’екта здымкі. Праводзіцца на колерафатаграфічных матэрыялах з дапамогай звычайных фотаапаратаў.
Грунтуецца на прапанаванай (1756) М.В.Ламаносавым тэорыі трохкампанентнага каляровага зроку, паводле якой любы колер, у т. л. белы, можна атрымаць змешваннем трох асн. колераў: чырвонага, зялёнага і сіняга. У 1861 Дж.Максвел прапанаваў здымаць аб’ект паслядоўна праз святлафільтры, афарбаваныя ў асн. колеры, а атрыманыя пазітывы праектаваць праз гэтыя ж святлафільтры на экран (адытыўны спосаб). У аснову сучаснай К.ф. закладзены субтрактыўны метад, прапанаваны ў 1868—69 франц. вынаходнікам Л.Дзюко дзю Аронам, паводле якога каляровы відарыс атрымліваецца «адыманнем» асн. колераў ад белага. Атрыманне негатыва гэтым спосабам суправаджаецца ўтварэннем на мнагаслойным фотаматэрыяле колераў, якія дапаўняюць асн. колеры аб’екта да белага: для чырвонага колеру дапаўняльным з'яўляецца блакітны, для зялёнага — пурпуровы, для сіняга — жоўты. Пры атрыманні пазітыва адбываецца адваротны працэс: дадатковыя колеры абумоўліваюць утварэнне на ім асн. колераў аб’екта здымкі. Гл. таксама Каляровае тэлебачанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́КАНЕН ((Kekkonen) Урха Калева) (3.9.1900, г. Піелавесі, Фінляндыя — 31.8.1986),
палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Д-рюрыд.н. (1936). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1926). У 1926—56 чл. і адзін з лідэраў партыі Агр. саюз. У 1936—56 дэп., у 1946—47 віцэ-старшыня, у 1948—50 старшыня парламента. У 1939—40 выступаў супраць задавальнення тэр. прэтэнзій СССР, у 1944 супраць вайны з СССР. Міністр юстыцыі (1936—37, 1944—46), унутр. спраў (1937—39, 1950—51), замежных спраў (1952—53, 1954). У 1950—53, 1954—56 прэм’ер-міністр, у 1956—81 прэзідэнт Фінляндыі. Адзін з заснавальнікаў пасляваен. міралюбівага курсу Фінляндыі, у т. л. на супрацоўніцтва з СССР («лінія Паасіківі—Кеканена»), у 1970-я г. падтрымліваў палітыку разрадкіміжнар. напружанасці, адзін з арганізатараў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе («Хельсінкскі працэс»).
Тв.:
Рус.пер. — Финляндия: путь к миру и добрососедству: Статьи, речи, письма, 1943—1978 гг.М., 1979.