ПЯРО́ЎСКАЯ Соф’я Львоўна (13.9.1853, С.-Пецярбург — 15.4.1881),

дзеяч рэв. руху ў Расіі. Жонка А.І.Жалябава. Яе маці В.​С.​Весялоўская — ураджэнка Магілёўскай губ. У 1869 паступіла на Аларчынскія жан. курсы, увайшла ў гурток народнікаў (гл. Народніцтва). У 1871—72 у ліку арганізатараў т-ва чайкоўцаў, у 1872—73 удзельніца «хаджэння ў народ». У студз. 1874 арыштавана, пасля 6 месяцаў зняволення вызвалена на парукі сям’і. На «працэсе 193-х» (1877—78) апраўдана. Летам 1878 уступіла ў арг-цыю «Зямля і воля». Неўзабаве арыштавана і ў адм. парадку выслана ў Аланецкую губ.; па дарозе ўцякла і перайшла на нелегальнае становішча. З восені 1879 — чл. Выканаўчага к-та, а пазней і Распарадчай камісіі «Народнай волі», актыўная ўдзельніца тэрарыст. барацьбы з самадзяржаўем. Арганізатар забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 у Пецярбургу. 22.3.1881 арыштавана, у ліку інш. «першасакавікоўцаў» засуджана да пакарання смерцю праз павешанне (першая жанчына ў Расіі, пакараная смерцю па паліт. справе).

Літ.:

Сегал Е. Софья Перовская. М., 1962.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́ЦЦЯ, сваха,

1) адзін з галоўных вясельных чыноў з боку жаніха — замужняя жанчына, якая ўдзельнічала ў сватанні нявесты, вяла перагаворы з яе бацькамі пра шлюб да сватання.

2) Замужняя (радзей незамужняя) удзельніца вяселля з боку жаніха і з боку нявесты.

3) Маці жаніха (або іншая старэйшая сваячка жаніха) і маці нявесты (або інш. старэйшая замужняя сваячка нявесты ў адносінах найперш адна да адной, а таксама да інш. сваякоў і інш. удзельнікаў вяселля) з процілеглага боку, звычайна пасля дасягнення бакамі дамоўленасці пра шлюб. Большая С. (першая, старшая) пасля прыезду вясельнай працэсіі жаніха да дому нявесты запальвала свечкі з караваю ад агню, раскладзенага ў варотах, цалавалася праз парог з маці нявесты, якая ад яе свечкі запальвала сваю, потым яны злеплівалі абедзве свечкі разам, слала пасцель маладым, завівала маладую, паказвала вясельнікам яе шлюбную сарочку і г.д. Гал. атрыбуты большай С. — кветка (вяночак) на галаве за наміткай, хлеб (або 2 піражкі) у руках. Чын С. на вяселлі часам захоўваецца і ў наш час.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТШАШЧКО́ЎСКАЯ (дзявочае Манькоўская) Зоф’я Адамаўна

(1847, в. Дарагавіца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.11.1911),

польская і бел. пісьменніца, перакладчыца. Удзельніца рус.-тур. вайны 1877—78. Вярнуўшыся ў г. Ноўгарад, пасябравала з удзельнікам паўстання 1863—64 і паплечнікам К.​Каліноўскага Ф.​П.​Зянковічам, які значна паўплываў на паэтэсу. Першыя літ. спробы Т. падтрымаў яе сваяк У.​Сыракомля. Роднай вёсцы прысвяціла цыкл вершаў на польскай мове «Дарагавіцкія песні». Аўтар вершаванага зб. на польскай мове «Адзін з многіх» (1890). У вершах шырока выкарыстоўвала бел. фальклор і лексіку. Захаваліся яе бел. верш «Божа, наш бацька, мы твае людзі...» і пераклады паэт. твораў Я.​Чачота («Казак»), Т.​Ленартовіча («Каліна»), М.​Канапніцкай («Ля аконца», «Як жа мне цябе, дзяўчына...»). Падтрымлівала творчыя кантакты з В.​Каратынскім, Я.​Лучынам.

Літ.:

Казбярук У.М. Ступені росту: Бел. літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;

Яго ж. Беларускія вершы Адама М-скага // Маладосць. 1971. № 12;

Заняпад і адраджэнне: Бел. літ. XIX ст. Мн., 2001.

У.​М.​Казбярук.

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна

(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),

бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.​Гумеля, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.​Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.

Літ.:

Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;

Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШКАВА Кацярына Раманаўна (28.3.1743, С.-Пецярбург — 16.1.1810),

дзеяч рус. культуры. Княгіня. Дачка графа Р.​І.​Варанцова (гл. ў арт. Варанцовы). Удзельніца дварцовага перавароту 1762, які прывёў на прастол Кацярыну II. У 1769—71 і 1776—82 за мяжой; сустракалася з Вальтэрам, А.​Смітам, Д.​Дзідро. У 1783—96 дырэктар Пецярб. АН і прэзідэнт Рас. акадэміі (навук цэнтра па вывучэнні рус. мовы і славеснасці). Заснавала перыяд. выданні «Собеседник любителей российского слова» (1783—84) і «Новые ежемесячные сочинения» (1786—96). Па ініцыятыве Д. і пры яе актыўным удзеле выдадзены «Слоўнік Акадэміі Расійскай» (т. 1—6, 1789—94) — першы тлумачальны слоўнік рус. мовы. У 1796 Павел I адхіліў Д. ад спраў. Аўтар літ. твораў у розных жанрах, у т. л. мемуараў (выд. 1859). З 1782 валодала землямі ў Магілёўскай губ. (мяст. Круглае, сёлы Радча, Комсенічы, Ількавічы і 19 вёсак).

Тв.:

Рус. пер. — Записки... М., 1987.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Во главе двух академий. 2 изд. М., 1983;

Письма сестер М и К.​Вильмот из России: Пер. с англ. // Дашкова Е.Р. Записки... М., 1987;

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

К.Р.Дашкава. Партрэт Дз.​Лявіцкага. 1780-я г.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ТКІН (Zetkin) Клара (5.7.1857, в. Відэраў, Германія — 20.6.1933),

дзеяч герм. і міжнар. рабочага руху, адна з лідэраў міжнар. жаночага руху. Вучылася ў настаўніцкай навуч. установе (г. Лейпцыг, 1874—78). Чл. Герм. с.-д. партыі з 1881. З 1881 у эміграцыі ў Францыі, Аўстра-Венгрыі, Швейцарыі, Італіі, дзе ўдзельнічала ў с.-д. руху. Удзельніца заснавання Інтэрнацыянала 2-га (1889). Пасля вяртання на радзіму лідэр ням. жаночага сацыяліст. руху: У 1892—1917 кіравала выданнем с.-д. газ. ням. работніц «Die Gleichheit» («Роўнасць»), з 1907 сакратар Міжнар. жаночага сакратарыята, у 1910 ініцыіравала святкаванне Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка. У 1-ю сусв. вайну выступала з антываен. пазіцый, удзельнічала ў стварэнні леварадыкальнай «Групы Спартак» (1915—16, з ліст. 1918 «Спартака саюз»). З 1917 чл. Незалежнай с.-д. партыі Германіі, з 1919 Камуніст. партыі Германіі і яе ЦК. Дэп. герм. рэйхстага з 1920. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (да 1924 узначальвала зах.-еўрап., потым міжнар. жаночы сакратарыят). З 1925 старшыня Выканкома Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі. З 1920-х г. жыла пераважна ў СССР. У 1932 выступіла ў рэйхстагу з прамовай супраць фаш. пагрозы, за стварэнне адзінага антыфаш. фронту.

т. 17, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНД (Sand) Жорж [сапр. Дзюпэн

(Dupin) Аўрора; па мужу Дзюдэван (Dudevant); 1.7.1804, Парыж — 8.6.1876], французская пісьменніца. Вучылася ў англ. каталіцкім манастыры ў Парыжы. Дэбютавала псіхал. раманам «Індыяна» (1832),

у якім тэма жаночай эмансіпацыі цесна звязана з праблемай свабоды чалавека. У раманах «Валянціна» (1832), «Лелія» (1833), «Жак» (1834) у традыцыях байранізму і «нястрымнага рамантызму» абвясціла індывідуалістычны бунт як адзіны шлях у абнаўленні грамадства. На мяжы 1830—40-х г. захапілася ідэямі утапічнага і хрысц. сацыялізму. Аўтар сац. раманаў «Мапра́» (1837), «Вандроўны падмайстар» (1840), «Арас» (1841), «Млынар з Анжыбо» (1845), «Грэх пана Антуана» (1847), дылогіі «Кансуэла» (1842—43) і «Графіня Рудальштат» (1843—44). Дэмакр. погляды С. выявіліся ў цыкле вясковых аповесцей («Чортава лужына», 1846; «Франсуа-знайдыш», 1847—48; «Маленькая Фадэта», 1848—49). Удзельніца рэвалюцыі 1848, пасля перамогі рэакцыі адышла ад палітыкі. Аўтар мемуараў «Гісторыя майго жыцця» (1854—55), шматлікіх раманаў, у т. л. «Снегавік» (1858), «Апошняе каханне» (1867) і інш. Аповесць «Франсія» (1872) пра гіст. падзеі 1812—14 у Францыі і Беларусі.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—9. Л., 1971—74.

Літ.:

Моруа А. Жорж Санд: Пер. с фр. М., 1968;

Трапезникова Н.С. Романтизм Жорж Санд. Казань, 1976;

Трескунов М.С. Жорж Санд: Критико-биогр. очерк. Л., 1976.

Т.​У.​Кавалёва.

Ж.Санд.

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),

удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.​Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час. «Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;

Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 16, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРУ́МКІНА (Фрумкіна-Віхман) Марыя Якаўлеўна

(Малка Янкелеўна) (народжаная Ліўшыц; 1880, Мінск — 9.6.1943),

удзельніца яўр. с.-д. і камуніст. руху на Беларусі, дзярж. дзеяч БССР. Скончыла Мінскую Марыінскую гімназію, Пецярбургскія вышэйшыя жаночыя пед. курсы. З 1897 чл. мінскай арг-цыі Бунда (парт. псеўд. Эстэр), з 1910 чл. яе ЦК. Вяла парт. работу ў гарадах Беларусі і Украіны, удзельнічала ў прапагандысцкай і літ.-выдавецкай дзейнасці Бунда. Неаднаразова была арыштавана. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з лідэраў левага крыла Бунда, рэдактар газ. «Дэр Векер» («Будзільнік»), чл. Мінскага гар. Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выступала супраць сіянізму, адстойвала пашырэнне мовы ідыш сярод яўр. мас, нац.-культ. аўтаномію яўрэяў і інш. народаў у складзе Расіі. Летам 1917 абрана ў Мінскую гар. думу, старшыня яе культ.-асв. секцыі. Садзейнічала стварэнню першых яўр. свецкіх і бел. школ у Мінску, арганізоўвала настаўніцкія курсы, дзіцячыя прытулкі і інш. Адмоўна сустрэла Кастр. рэвалюцыю, выказалася ў падтрымку Усебел. з’езда 1917 і Бел. Нар. Рэспублікі, аднак стала ў апазіцыю да апошняй пасля прыняцця Трэцяй Устаўнай граматы БНР. З вясны 1919 чл. ЦВК Літбел. У 1919—20 чл. Гомельскага губ. савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з восені 1920 нарком асветы БССР. З 1921 нам. рэктара, у 1925—36 рэктар Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду ў Маскве. У 1921—30 чл. ЦБ яўр. секцый пры ЦК ВКП(б), заг. яўр. секцыі Галоўпалітасветы. У студз. 1938 арыштавана НКУС, 2.6.1940 асуджана на 8 гадоў як «член нелегальнай яўрэйскай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі». Паводле афіц. звестак, памерла ў канцлагеры каля Караганды. Рэабілітавана пасмяротна.

У.​В.​Ляхоўскі, В.​Дз.​Селяменеў.

т. 16, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРУ́ЖАЯ Вера Захараўна (парт. і літ. псеўд. Верка, Вераніка Карчэўская, Алеся Шыпшына, Анатолька, Падпольнік. Г.​С.​Карнілава; 27.9.1903, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 4.12.1942),

дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, арганізатар патрыят. падполля ў Віцебску ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1960). Скончыла Цэнтр. сав.-парт. школу (1922). Удзельніца грамадз. вайны 1918—20. Настаўнічала, працавала ў Мазырскім і Бабруйскім пав. к-тах КСМБ. У 1922—23 у апараце ЦК КСМБ. З лют. 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: кааптавана ў склад ЦК КСМЗБ, з чэрв. 1924 сакратар ЦК КСМЗБ, чл. ЦК КПЗБ, ЦК КСМ Польшчы. Адзін з арганізатараў і 1-ы рэдактар органа ЦК КСМЗБ газ. «Малады камуніст». 15.9.1925 арыштавана польскімі ўладамі. На паліт. працэсе 31-го (студз. 1927, Брэст) прыгаворана да 6 гадоў, на працэсе 133-х (крас.—май 1928, Беласток) — да 8 гадоў зняволення. У вер. 1932 у ліку 40 абмененых палітвязняў Польшчы прыехала ў Мінск. Працавала ў замежнай частцы Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, Мінскай школе КПЗБ. У 1935 арыштавана АДПУ БССР і выслана на «Балхашбуд» (Сярэдняя Азія). Пасля вызвалення Зах. Беларусі на парт. рабоце ў Целяханах, Пінску. У першыя дні Вял. Айч. вайны партызанка атрада В.​З.​Каржа. З вясны 1942 у апараце ЦК КП(б)Б у Маскве. У вер. 1942 на чале групы з 17 чал. накіравана ў Віцебск для арганізац. ўмацавання Віцебскага патрыятычнага падполля. Збірала і перадавала камандаванню Чырв. Арміі і партызанам каштоўныя звесткі пра ворага. 13.11.1942 арыштавана ням. фашыстамі разам з С.С.Панковай і інш. і пасля жорсткіх катаванняў расстраляна.

Тв.:

Лісты на волю. Мн., 1932;

Письма на волю. 3 изд. М., 1957.

Літ.:

Слаўная дачка беларускага народа: Лісты, арт. В.​Харужай і ўспаміны аб ёй. Мн., 1960;

Новиков И.Г. Вера Хоружая. 2 изд. М., 1973;

Ласкович В.П. Из племени непокоренных. Брест, 1999.

І.​П.​Хаўратовіч.

В.З.Харужая.

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)