КАРНАВУ́ХАЎ (Яўген Аляксандравіч) (23.2.1917, в. Масеева Наваржэўскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.2.1984),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1939). Працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі (1939—41, 1945—64). З 1964 у Маск. т-ры імя Маякоўскага. Выканаўца героіка-рамант. і характарных роляў. У творчасці спалучаў востры сцэн. малюнак з эмацыянальнасцю выканання. Сярод роляў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Эдмунд («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Тузенбах («Тры сястры» А.Чэхава), Барыс Гадуноў («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Камандзір карабля («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Эдлай Гамільтан («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані). Зняўся ў бел. кінафільмах «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы».
Літ.:
Атрошчанка А. На шляху творчай сталасці // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1586—1758 пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Найб. вядома яго дзейнасць у 18 ст. У 1750-я г. т-рам кіраваў Ю.Катэнбрынг. На лац. і польск. мовах ставіліся п’есы, якія звычайна змяшчалі пралог, асн. сюжэт (да 3 актаў), хоры, інтэрлюдыі, балеты і эпілог. Сярод пастановак панегірык «Відовішчы свету» (1723), драмы «Дух бураў, які выкліканы з віннага склепа сярод пенных чашаў лютасцю тырана» (1730), «Залатая свабода без свабоднай улады царства мудрых» (1732), «Шчаслівыя выгнаннікі Эрэзій і Фруменцый» (1748), трагедыі «Смерць Менсея — вакханалія» (1737), «Сіроэс» (1758) і трагедыя-балет «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1755, абедзве Катэнбрынга), камедыя «Дзікі амерыканец, альбо Прастата, якая кіруецца светам прыроджанага розуму» (1758) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларуская тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ГНІЎЦАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),
расійскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокая муз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.Брытэна), Генерал («Гулец» С.Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).
Літ.:
Шпиллер Н. А.Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С ГАДУНО́Ў (каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),
расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл.Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у т. л. палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл.Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем I. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.С.Пушкін (трагедыя) і М.П.Мусаргскі (опера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЧА́Н (Міраслаў) (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;
Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́Ў (Рыгор Аляксеевіч) (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),
бел. акцёр. Нар.арт. Узбекістана (1946). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж.рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж.рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб.арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт.зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст.трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр.Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),
рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980;
Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.
Літ.:
Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт.Нар. паэт Літвы (1945). Акад.АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж.т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.