ВО́ЛКАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 27.5.1948, г. Горлаўка, Украіна),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1985), лётчык-касманаўт СССР (1985). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1970), 17.9—21.11.1985 з Г.М.Грэчкам і У.У.Васюціным здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз Т-14» і арбітальнай станцыі «Салют-7». Правёў у космасе 64,87 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛІКАВА,
вёска ў Дзівінскім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 47 км на ПдУ ад горада і чыг.станцыі Кобрын, 97 км ад Брэста. 1012 ж., 354 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Дзмітрыеўская царква (18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНО́ВІЧ (Канстанцін Юльянавіч) (8.12.1872, в. Грабаўка Гомельскага р-на — 15.3.1954),
бел. вучоны ў галіне санітарыі і эпідэміялогіі, урач-отарыналарынголаг, арганізатар першай у СССР Гомельскай сан.-эпідэміял.станцыі (1922). Скончыў Кіеўскі ун-т (1899). Навук. працы па арганізацыі аховы здароўя, сан.-эпідэміял. справе, оталарынгалагічных хваробах.
Тв.:
Предупреждай болезни носа, горла и уха. Гомель, 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ЗВО́ДЫ,
вёска ў Лышчыцкім с/с Брэсцкага р-на. За 35 км ад Брэста, 4 км ад чыг.станцыі Лышчыцы. 548 ж., 210 двароў (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры: сядзіба (1875). За 2,5 км на ПдУ — курганны могільнік (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАВО́Д,
комплекс трубаправодаў і дапаможных збудаванняў (газакампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавыя сховішчы і інш.) для транспартавання і размеркавання газаў прыродных гаручых. Бываюць магістральныя (са стальных труб, якія злучаюцца зваркай) і размеркавальныя (са стальных і поліэтыленавых труб).
Магістральныя газаправоды служаць для падачы газу ад месца здабычы да размеркавальных станцый. Пракладваюцца падземным (у траншэях), надземным (на апорах, жалезабетонных або метал. эстакадах) спосабамі, у насыпе, пад вадой (у дзюкерах). Працягласць да некалькіх тысяч кіламетраў, дыяметр труб звычайна 1420 мм, рабочы ціск 5,5 або 7,5 МПа. Абсталёўваюцца тэлемех. апаратурай для кантролю і кіравання ціскам і расходам газу. Размеркавальныя газаправоды прызначаны для транспартавання і размеркавання газу ў горадзе або на прадпрыемстве праз газавую сетку. Бываюць вонкавыя (вулічныя, унутрыквартальныя, дваровыя, міжцэхавыя) і ўнутраныя (унутрыдамавыя, унутрыцэхавыя); нізкага (да 0,005 МПа), сярэдняга (0,005—0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Гл. таксама Газавая прамысловасць, Трубаправодны транспарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЯДЖЭР»
(англ. Voyager),
назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.
«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс.км і 280 тыс.км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.
Н.А.Ушакова.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.Да арт.«Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ДА́ХАВЫХ І БУДАЎНІ́ЧА-АДДЗЕ́ЛАЧНЫХ МАШЫ́Н.
Створаны ў 1977—82 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. Выпускае машыны і абсталяванне для тынкавальных, дахавых і малярных работ (усяго каля 20 найменняў). Асн. прадукцыя (1995): машыны для падагрэву, нанясення, транспарціроўкі на дах бітумных масцік, агрэгаты помпавыя, шпаклёвачныя, малярныя і фарбавальныя, станцыі і ўстаноўкі малярныя, бетоназмяшальнікі, фарбапульты, кампрэсары, катлы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 43 км на У ад г. Вілейка і аднайменнай чыг.станцыі, 102 км ад Мінска. 56 ж., 29 двароў (1994). Пач. школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя. Касцёл — помнік арх. неаготыкі пач. 20 ст. Званіца — помнік драўлянага нар. дойлідства канца 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКАНУ́Р,
касмадром у Казахстане, у Карагандзінскай вобласці. Створаны ў 1955. Мае некалькі стартавых комплексаў, тэхн. пазіцый і вымяральных пунктаў. З Байканура запушчаны першы ў гісторыі чалавецтва штучны спадарожнік Зямлі (1957), здзейсніў палёт першы касманаўт Ю.А.Гагарын (1961); стартавалі пілатаваныя касм. караблі («Усход», «Узыход», «Саюз» і інш.), арбітальныя станцыі («Салют», «Мір»), шматлікія штучныя спадарожнікі Зямлі і міжпланетныя касм. апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКАЯ СУ́ВЯЗЬ, міжгародняя сувязь,
від тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж карэспандэнтамі, якія знаходзяцца на далёкай (практычна неабмежаванай) адлегласці адзін ад аднаго. Адначасовая перадача тэлеф., тэлегр., фотатэлегр., тэлевізійных і інш. сігналаў ажыццяўляецца па паветраных, кабельных, радыёрэлейных, спадарожнікавых і інш. лініях сувязі (гл.Многаканальная сувязь). Для кампенсацыі затухання сігналаў на асобных участках ліній устанаўліваюць узмацняльныя пункты або прамежкавыя (рэтрансляцыйныя) станцыі.