Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГО́Н,
абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім.састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,
асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаўУзбр. Сіл краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАФАСФАТЫ́ДЫ, фосфагліцэрыды,
адна з груп фосфаліпідаў (фасфатыдаў). Да гліцэрафасфатыдаў адносяцца вытворныя 1,2-дыацыл-sn-гліцэрол-3-фасфату (фасфатыднай к-ты). Найб. распаўсюджаны дыацылгліцэрафасфатыды і плазмалагены. Гліцэрафасфатыды адыгрываюць ролю асн. фосфаліпіднага кампанента клетачных мембран жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаючы іх будову і пранікальнасць, а таксама актыўнасць шэрагу лакалізаваных у мембранах ферментаў. З бялкамі ўтвараюць ліпапратэінавыя комплексы. Розным біял. мембранам уласцівы пэўны састаў гліцэрафасфатыдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),
цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім.састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНАХЛО́Р (ад грэч. klinō нахіляю + chlōros зялёны),
мінерал з групы хларытаў, гідраксідалюмасілікат жалеза і магнію. Прыблізны хім.састаў (MgFe)4,75Al1,25[Al1,25Si2,75O10](OH)8. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі псеўдагексаганальныя, лускаватыя. Часцей утварае дробналускаватыя агрэгаты. Колер ад цёмнага шэра-зялёнага да светлага аліўкава-зялёнага. Празрысты ў тонкіх пласцінках. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Тыповы мінерал хларытавых сланцаў і многіх інш. горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Н [ад грэч. mys (myos) мышца],
бялок скарачальных валокнаў мышцаў. Малекула М. складаецца з 2 поліпептыдных ланцугоў, якія скручаны ў спіраль. Мал. м. каля 500 000. Складае 40—60% мышачных бялкоў. З бялком мышцы актынам утварае актаміязін — асн. бялок скарачальнай сістэмы мышцаў. Валодае адэназінтрыфасфатазнай актыўнасцю: ператварае хім. энергію АТФ у мех. энергію мышачнага скарачэння. Уваходзіць таксама ў састаў скарачальных структур інш. эўкарыётных клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,
стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),
змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім.састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.