ГРУНТО́ЎКІ,

грунты, матэрыялы, якія ўтвараюць ніжнія (грунтовачныя) слаі лакафарбавых пакрыццяў. Забяспечваюць больш моцнае счапленне пакрыцця з паверхняй, ахоўваюць металы ад карозіі, запаўняюць сітавіны ў драўніне, надаюць паветранепранікальнасць тканінам. Аснова грунтовак — сінт. і прыродныя плёнкаўтваральныя рэчывы (алкідныя, поліэфірныя, эпаксідныя смолы, эфіры цэлюлозы, алеі), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў (лакаў) ці дысперсіі Грунтоўкі, у састаў якіх уваходзяць пігменты (напр., антыкаразійныя), атрымліваюць тымі ж метадамі, што і фарбы.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)