стан гатоўнасці, схільнасці суб’екта да пэўнай актыўнасці ў адносінах да пэўнага аб’екта. Паняцце «У.» ўведзена ў ням.эксперым. псіхалогіі ў канцы 19 ст. (Г.Мюлер, Т.Шуман). Агульнапсіхал. тэорыю У. распрацаваў рас.псіхолаг Дз.М.Узнадзе, які эксперыментальна даказаў наяўнасць гатоўнасці індывіда да рэалізацыі актываванай патрэбнасці ў пэўнай сітуацыі (актуальная У.) і выявіў заканамернасці замацавання такой гатоўнасці пры паўтарэнні сітуацый, што дазваляюць задаволіць дадзеную патрэбнасць (фіксаваная У.). У сац. псіхалогіі і сацыялогіі паняцце «У.», ці аціцюд, абазначае каштоўнасныя адносіны індывіда да пэўнага сац. аб’екта, якія выяўляюцца ў гатоўнасці да станоўчай ці адмоўнай рэакцыі на яго. Сац. У. ўключае 3 аспекты: кагнітыўны (усведамленне аб’екта), афектыўны (эмацыянальная ацэнка аб’екта) і паводзінскі (дзеянні ў адносінах да аб’екта). Адрозніваюць пазітыўныя, негатыўныя і нейтральныя У. Сістэма разнастайных У. індывіда выступае рэгулятарам чалавечых паводзін і характарызуе агульную накіраванасць асобы, яе каштоўнасныя арыентацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІРД Анёл (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІД (Mead) Джордж Герберт (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац.псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». Паводле М., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш.сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯЖЭ́ (Piaget) Жан (9.8.1896, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 16.9.1980),
швейцарскі псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Неўшатэля, Цюрыха, Парыжа. У 1926—54 праф. ун-таў Неўшатэля, Жэневы, Лазаны. З 1929 дырэктар ін-та Ж.Ж.Русо ў Жэневе. Заснавальнік Міжнар. цэнтра генетычнай эпістэмалогіі ў Парыжы (1955). Навук. працы ў галіне агульнай псіхалогіі, псіхалогіі мыслення і дзіцячай псіхалогіі. Стваральнік канцэпцыі інтэлекту і генетычнай эпістэмалогіі. Распрацоўваў праблемы узаемаадносін псіхалогіі і логікі, вывучаў пераўтварэнне ўнутр. структуры разумовай дзейнасці у ходзе антагенезу. Лічыў, што функцыянаванне і развіццё псіхікі адбываецца пры адаптацыі індывіда да асяроддзя (асіміляцыі), а таксама прыстасавання да канкрэтных сітуацый (акамадацыі). Аўтар прац «Псіхалогія інтэлекту» (1946), «Уводзіны ў генетычную эпістэмалогію» (т. 1—3, 1949—50) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Речь и мышление ребенка. М., 1994;
Избр. психологические труды: Психология интеллекта. Генезис числа у ребенка. Логика и психология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СІК Георгій Васілевіч (н. 23.6.1947, в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.псіхолаг. Д-рпсіхал.н. (2003). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1970). З 1970 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1980 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. З 1990 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны Ін-т праблем інфарматыкі) Нац.АН Беларусі. Навук. працы ў галіне псіхалогіі ўспрымання мовы, перцэптыўнай фанетыкі, аўтам. распазнавання мовы. Распрацаваў сенсаматорную тэорыю ўспрымання мовы. Даследуе праблему распазнавання і ідэнтыфікацыі аб’ектаў з варыяцыйнай формай. Адзін з пачынальнікаў работ на Беларусі па стварэнні спец. камп’ютэраў для невідушчых з сінтэзатарам мовы.
Тв.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1987 (у сааўт.);
Перцептивные действия в восприятии речи. Мн., 2000;
Распознавание объектов с нестабильной формой // Сб. науч. тр. «Автоматическое распознавание и синтез речи». Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАКТАРАЛО́ГІЯ (ад характар + ...логія),
у шырокім сэнсе — вучэнне аб характары; у вузкім сэнсе — кірунак у нямецкай псіхалогіі 19—20 ст., прадстаўнікі якога распрацоўвалі праблемы тыпалогіі і структуры асобы пад уплывам філасофіі жыцця, гештальтпсіхалогіі, глыбіннай псіхалогіі. Тэрмін «Х.» ў навуку ўвёў ням. філосаф Ю.Банзен («Нарысы па характаралогіі», т. 1—2, 1867).
Першае сістэм. апісанне характараў належыць стараж.-грэч. мысліцелю Феафрасту, які ў кожным тыпе характару вылучаў адну дамінуючую рысу, што вызначае маральнае аблічча і паводзіны чалавека. І.Кант пэўны тып характару разглядаў як спосаб адчування і паводзін на аснове цвёрдых практычных прынцыпаў, якія могуць быць высокамаральнымі або беспадстаўнымі, памылковымі. Франц. псіхолагі Б.Перэ, А.Фулье прапаноўвалі класіфікацыю характараў. заснаваную на суадносінах розуму, пачуцця і волі. Банзен і яго паслядоўнікі Л.Клагес, Э.Крэчмер (Германія), У.Шэлдан (ЗША) разглядалі характар як псіхічную канстытуцыю, якая адпавядае канстытуцыі цялеснай з яе праяўленнямі ў розных выразных рухах. Рас.псіхолаг і ўрач-псіхіятр А.Ф.Лазурскі абгрунтаваў канцэпцыю шматузроўневай арганізацыі псіхікі чалавека і распрацоўваў Х. як вучэнне аб індывід.псіхал. адрозненнях, звязаных з асаблівасцямі дзейнасці нерв. цэнтраў ва ўзаемасувязі са знешнім асяроддзем («Нарыс навукі аб характарах», 1906). З.Фрэйд разглядаў характар як сістэму імкненняў (захапленняў) індывіда, што ляжыць у аснове матываў яго паводзін. К.Г.Юнг даследаваў характары ў сувязі з накіраванасцю інтарэсаў чалавека да знешняга свету (экстраверт) ці да ўнутр. (інтраверт). Э.Фром лічыў. што чалавек застаецца часткай прыроды, але адначасова выходзіць па-за яе межы ў грамадскім жыцці, таму яго характарам уласцівы сац. тыпы. Амер.псіхолаг К.Хорні вывучала характары неўратычных асоб і лічыла, што яны пераважаюць у сучасным грамадстве з-за неспрыяльнасці сац. асяроддзя. Прыхільнікі фактарных тэорый асобы (Р.Кетэл і Г.Ю.Айзенк) разглядалі рысу характару як схільнасць паводзіць сябе пэўным чынам у шырокім аспекце сітуацый, а фактар — як глыбінную базавую рысу, што ляжыць у аснове рыс павярхоўных.
Літ.:
Феофраст. Характеры: Пер. с греч. Л., 1974;
Кант И. О характере как образе мыслей // Собр. соч.М., 1966. Т. 6;
Фромм Э. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ.Мн., 1999;
Айзенк М. Факторные теории личности. Пятифакторная модель: Пер. с англ. // Психология: комплексный подход. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ Уладзімір Міхайлавіч (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед.ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).
Тв.:
История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАЛО́ГІЯ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...логія],
кірунак у псіхалогіі і педагогіцы канца 19 — пач. 20 ст., мэта якога — аб’яднанне біял., сац., псіхал. і інш. падыходаў да развіцця дзіцяці. З’яўленне П. абумоўлена пранікненнем эвалюцыйных ідэй у педагогіку і псіхалогію і развіццём прыкладных галін псіхалогіі і эксперым. педагогікі. Заснавальнік амер.псіхолаг Г.С.Хол (у 1889 стварыў педалагічную лабараторыю); тэрмін прапанаваў О.Хрызман (Крысмент, вучань Хола). Асновы П. распрацоўвалі Хол, Дж.Болдуін (ЗША), Э.Мёйман (Германія), У.М.Бехцераў, А.П.Нячаеў, Р.І.Расаліма (Расія) і інш. Педолагі імкнуліся стварыць навуку пра развіццё і выхаванне дзіцяці, якая б сінтэзавала вынікі даследаванняў у галіне псіхалогіі, педагогікі, фізіялогіі і сацыялогіі, садзейнічала правядзенню навуч.-выхаваўчай работы на падставе комплекснага вывучэння дзіцяці ва ўсіх яго праяўленнях з улікам узроставых і псіхал. асаблівасцей, умоў жыцця. У СССР П. з 1936 была забаронена.
Літ.:
Выготский Л.С. Педология подростка // Собр. соч.М., 1984. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН Сяргей Леанідавіч (18.6.1889, г. Адэса, Украіна — 11.1.1960),
расійскі псіхолаг і філосаф. Чл.-кар.АНСССР (1943). Скончыў Марбургскі ун-т (1913; Германія). З 1930 заг. кафедры Ленінградскага пед. ін-та. З 1942 дырэктар Ін-та псіхалогіі АПН Расіі. З 1945 у Ін-це філасофіі АНСССР (да 1948 нам. дырэктара). Аўтар тэорыі псіхічнага як дзейнасці і як працэсу. Лічыў, што чалавек і яго псіхіка фарміруюцца ў працэсе дзейнасці і яны павінны даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці (у працы, пазнанні, навучанні, гульні і інш.), што псіхіка характарызуецца неперарыўным фарміраваннем, змяненнем. Асобу разглядаў як цэласную сістэму ўнутр. умоў, сярод якіх вылучаў агульныя, устойлівыя (напр., якасці зроку) і тыя, што змяняюцца ў залежнасці ад гіст. этапаў развіцця грамадства (напр., матывацыя). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Бытие и сознание. М., 1957;
Принципы и пути развития психологии. М., 1959;
Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999.
Літ.:
Абульханова-Славская К.А. Брушлинский А.В. Философско-психологическая концепция С.Л.Рубинштейна М., 1989.