ПЕДАЛО́ГІЯ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...логія],
кірунак у псіхалогіі і педагогіцы канца 19 — пач. 20 ст., мэта якога — аб’яднанне біял., сац., псіхал. і інш. падыходаў да развіцця дзіцяці. З’яўленне П. абумоўлена пранікненнем эвалюцыйных ідэй у педагогіку і псіхалогію і развіццём прыкладных галін псіхалогіі і эксперым. педагогікі. Заснавальнік амер. псіхолаг Г.С.Хол (у 1889 стварыў педалагічную лабараторыю); тэрмін прапанаваў О.Хрызман (Крысмент, вучань Хола). Асновы П. распрацоўвалі Хол, Дж.Болдуін (ЗША), Э.Мёйман (Германія), У.М.Бехцераў, А.П.Нячаеў, Р.І.Расаліма (Расія) і інш. Педолагі імкнуліся стварыць навуку пра развіццё і выхаванне дзіцяці, якая б сінтэзавала вынікі даследаванняў у галіне псіхалогіі, педагогікі, фізіялогіі і сацыялогіі, садзейнічала правядзенню навуч.-выхаваўчай работы на падставе комплекснага вывучэння дзіцяці ва ўсіх яго праяўленнях з улікам узроставых і псіхал. асаблівасцей, умоў жыцця. У СССР П. з 1936 была забаронена.
Літ.:
Выготский Л.С. Педология подростка // Собр. соч. М., 1984. Т. 4.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)