ЗЛАЧЫ́НСТВА,
у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.
т. 7, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПАШКО́ДЖАННЕ,
непажаданае змяненне ўласцівасцяў і якасцяў прамысл. матэрыялаў, вырабаў, збудаванняў, кармавых і харч. прадуктаў і г.д. пад уздзеяннем жывых арганізмаў. Напр., парушэнне драўніны грыбкамі і насякомымі, плесненне прадуктаў, тканіны, паперы, парушэнне цаглянай або бетоннай муроўкі каранямі раслін, падводных частак караблёў, збудаванняў пры іх абрастанні і г.д. Часам у паняцце «біяпашкоджанне» ўключаюцца праявы парушэнняў структуры біягеацэнозаў пад уздзеяннем біягенных фактараў.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙКУМЕ́НА, экумена (грэч. oikumenē ад oikeō насяляю), сукупнасць заселеных людзьмі тэрыторый зямнога шара. У Стараж. Грэцыі вядомая грэкам заселеная частка зямлі з Эладай у цэнтры. Уключала Паўд., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропу да Каспійскага м., Малую і Пярэднюю (Зах.) Азію, Аравію, Індыю і Паўн. Афрыку. Паняцце «айкумена» ўвёў стараж.-грэч. гісторык і географ Гекатэй Мілецкі ў творы «Землеапісанне».
т. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІСТЭ́МА, геаграфічная сістэма,
цэласнае мноства ўзаемазвязаных, узаемадзейных і ўзаемазалежных кампанентаў геаграфічнай абалонкі. Тэрмін увёў сав. вучоны В.Б.Сачава ў 1960-я г. Паняцце «геасістэма» выкарыстоўваецца для вызначэння складаных геагр. утварэнняў, якія ўключаюць прыродныя, гасп., дэмаграфічныя, сац.-эканам. і тэхнагенныя элементы, а таксама ўсіх аб’ектаў галін ведаў і навук, якія займаюцца вывучэннем Зямлі.
В.С.Аношка.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫ́ГМА (ад грэч. paradeigma прыклад, узор),
1) навук. тэорыя, увасобленая ў сістэме паняццяў, якія выражаюць істотныя рысы рэчаіснасці.
2) Зыходная канцэптуальная схема, мадэль пастаноўкі праблем і іх вырашэння, метадаў даследавання, якія пануюць на працягу пэўнага гіст. перыяду ў навук. супольнасці.
3) Паняцце, якое выкарыстоўваецца ў філасофіі антычнасці і сярэднявечча для характарыстыкі ўзаемаадносін духоўнага і рэальнага свету.
т. 12, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕСТЭ́РЦЫЙ (ад лац. sestertius),
сярэбраная і медная манета, а таксама грашова-лікавае паняцце ў Стараж. Рыме. З 269 да н.э. чаканіўся з серабра, з канца I ст. да н.э. — са сплаву каляровых металаў. Адзнака наміналу — IIS / 2 1/2 aca, ac — спачатку 1/10, з 217 да н.э. 1/16 дэнарыя). На Беларусі выяўлены медныя С.
т. 14, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
алгебраічнае ўраўненне, у якое невядомыя ўваходзяць у 1-й ступені і адсутнічаюць члены, якія маюць здабытак невядомых. Л.ў. з адным невядомым мае выгляд ax=b. У выпадку некалькіх невядомых маюць справу з сістэмай Л.ў. Тэорыя Л.ў. атрымала развіццё пасля ўзнікнення вучэння аб дэтэрмінантах і матрыцах. Паняцце лінейнасці пераносіцца з алг. ураўненняў на ўраўненні з інш. галін матэматыкі (напр., Лінейнае дыферэнцыяльнае ўраўненне).
т. 9, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННАЯ І ПАСТАЯ́ННАЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,
велічыні, якія прымаюць розныя значэнні ці застаюцца нязменнымі адпаведна. Напр., пры ізатэрмічным пашырэнні газу пераменныя велічыні — аб’ём і ціск, пастаянныя — маса і т-ра (гл. Бойля-Марыёта закон). Паняцце пераменнай велічыні ўзнікла ў 17 ст. з патрэб прыродазнаўства. Літарнае абазначэнне прапанавана Р.Дэкартам: пераменныя велічыні абазначаюцца апошнімі літарамі лац. алфавіта (x, y, ...), пастаянныя (канстанты) — першымі (a, b, c, ...).
т. 12, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́СТВАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца агульныя ўласцівасці мностваў; з’яўляецца фундаментам шэрагу матэм. дысцыплін (напр., тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, агульнай тапалогіі, агульнай алгебры, функцыян. аналізу). Метады М.т. знаходзяць дастасаванні ў класічных галінах матэматыкі (напр., якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйным злічэнні, тэорыі імавернасцей). Развіццё М.т. глыбока паўплывала на разуменне самога прадмета матэматыкі.
Заснавана Г.Кантарам, які ўвёў паняцці магутнасці мноства, даказаў незлічонасць мноства рэчаісных лікаў, сфармуляваў паняцце актуальна бясконцага (гл. Бесканечнае і канечнае, Бесканечнасць). Паняцце мноства належыць да першапачатковых матэм. паняццяў, яго можна тлумачыць толькі на прыкладах. Адно з асн. паняццяў М.т. — паняцце прыналежнасці элемента дадзенаму мноству. Мноства лічыцца зададзеным, калі зададзена характарыстычная ўласцівасць яго элементаў; а калі дадзенай уласцівасці не мае ні адзін з элементаў, то гавораць, што такая ўласцівасць вызначае пустое мноства. Напр., мноства рэчаісных каранёў ураўнення х2 = -1 з’яўляецца пустым. Магчымасць колькаснай параўнальнай ацэнкі мностваў грунтуецца на паняцці ўзаемна адназначнай адпаведнасці (біекцыі) паміж 2 мноствамі: мноствы X і Y з’яўляюцца роўнамагутнымі (эквівалентнымі), калі паміж іх элементамі вызначана ўзаемна адназначная адпаведнасць. Бясконцыя мноствы, роўнамагутныя мноству ўсіх цэлых лікаў, наз. злічонымі (напр., мноства рацыянальных лікаў). Мноства ўсіх рэчаісных лікаў мае магутнасць (абагульненне паняцця ліку элементаў), большую за магутнасць злічонага мноства, і яго магутнасць наз. магутнасцю кантынуума. Значны ўклад у развіццё М.т. зрабілі рас. матэматыкі Дз.Ф.Ягораў, М.М.Лузін, П.С.Аляксандраў, А.М.Калмагораў, П.С.Новікаў, амер. матэматык П.Дж.Коэн.
Літ.:
Бурбаки Н. Теория множеств: Пер. с фр. М., 1965;
Коэн П.Дж. Теория множеств и континуум-гипотеза: Пер. с англ. М., 1969;
Александров П.С. Введение в теорию множеств и общую топологию. М., 1977.
А.А.Гусак.
т. 10, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАСЦЬ, кафалічнасць,
рэлігійна-багаслоўскае паняцце, якое азначае адзінства, цэласнасць царкоўнага арганізма. Пры абвяшчэнні сябе саборнай, ці кафалічнай, пэўная царква імкнецца да адзінства і адзінасці ў свеце. Вытокі ідэі хрысціянскай С. ў вучэнні апостала Паўла пра царкву. Вызначэнне паняцця «С.» набыло самастойнасць у працах аднаго з заснавальнікаў славянафільства А.С.Хамякова, які лічыў, што толькі ў правасл. царк. саборы выяўляецца «адзінства ў мностве», якога патрабуе прырода хрысц. царквы, чалавека і грамадства. Ён лічыў, што толькі правасл. царква арганічна спалучае прынцыпы свабоды і адзінства і ўсведамляе ідэю С. як вышэйшую Божую аснову царк. жыцця; проціпастаўляў ёй каталіцкую царкву, якая быццам бы грунтуецца на «адзінстве без свабоды», і пратэстанцкую, нібыта заснаваную на «свабодзе без адзінства». Паняцце «С.» стала цэнтр. у правасл.-славянафільскім кірунку рус. рэліг. філасофіі. К.С.Аксакаў атаясамляў атаясамліваў* С. і абшчыну, дзе, на яго думку, асоба «свабодная, як у хоры». У.С.Салаўёў трансфармаваў ідэю С. ў ідэю ўсеадзінства, якую вызначаў як «паўнату быцця». С.М.Трубяцкой проціпастаўляў ідэю С. індывідуалізму і калектывізму і вызначаў С. як супадзенне рэліг., маральнага і сац. пачаткаў. С.Л.Франк тлумачыў С. як «унутр. арганічнае адзінства», якое ляжыць ў аснове чалавечых зносін. С.М.Булгакаў лічыў, што С. з’яўляецца асновай праваслаўя як «адзінае жыццё ў адзінай ісціне». П.А.Фларэнскі спрабаваў аб’яднаць паняцці С. і ўсеадзінства. Як эквівалент С. ўжываецца таксама паняцце «салідарнасць» як агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне прынцыпаў светапогляду і сумесная адказнасць.
Літ.:
Керимов В.И. Историософия А.С.Хомякова. М. 1989;
Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992;
Соловьев В.С. О христианском единстве. М., 1994;
Хомяков А.С. Сочинения богословские. СПб., 1995;
Булгаков С.Н. Два града: Исслед. о природе обществ. идеалов. СПб., 1997.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)