ЭКСІТО́Н (ад лац. excito узбуджаю),

электроннае ўзбуджэнне ў крышталі, якое ажыццяўляе перанос энергіі (а не зараду). Паняцце «Э.» увёў Я.І.Фрэнкель у 1931 для тлумачэння адсутнасці фотаправоднасці ў некаторых крышт. дыэлектрыках пры паглынанні імі фатонаў. Эксперыментальна Э. выявіў рас. вучоны Я.​Ф.​Грос у 1951.

Энергія фатона, які вылучаецца пры выпраменьвальным распадзе Э., меншая за шырыню забароненай энергет. зоны крышталя. Адрозніваюць Э. малога і вял. радыусаў. Э. малога радыуса (эксітон Фрэнкеля) адпавядае пераход аднаго з атамаў (ці малекул) крышталя ва ўзбуджаны электронны стан і міграцыя гэтага ўзбуджэння ад аднаго атама да другога. Э. вялікага радыуса (эксітон Ванье—Мота) — вадародападобны звязаны стан электрона і дзіркі, якія знаходзяцца на розных атамах (ці ў розных элементарных ячэйках крышталя). Паняцце «Э.» выкарыстоўваецца для тлумачэння фотаправоднасці, люмінесцэнцыі, утварэння атамных дэфектаў крышт. рашоткі пры распадзе электронных узбуджэнняў.

Літ.:

Захарченя Б.П. Открытие экситонов // Успехи физ. наук. 1994. Т. 164, № 4.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)