КАРАБЕ́ЛЬ ВАЕ́ННЫ,

баявы або спец. прызначэння карабель, які ўваходзіць у склад ваенна-марскога флоту. Мае ўзбраенне, інш. тэхн. сродкі для рашэння баявых і забяспечвальных задач, ваен. экіпаж і нясе ваенна-марскі флаг.

Першыя К.в. з’явіліся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме: яны былі драўляныя, рухаліся з дапамогай вёслаў. У 5 ст. да н.э. пачалі будаваць К.в. з некалькімі радамі вёслаў (напр., з трыма — трырэмы). Зброяй на іх былі тараны, кідальныя машыны, экіпаж да некалькіх соцень чалавек. У 7 ст. ў Венецыі створана галера, якая акрамя вёслаў мела ветразі. У 16—17 ст. набыў пашырэнне галеас. Пераход ад грабнога да ветразевага флоту адбываўся да 17—18 ст., гал. зброяй К.в. стала артылерыя. У 17 ст. К.в. пачалі дзяліць на 6 разрадаў (рангаў); караблі 1—3-га рангаў прызначаліся для вядзення артыл. бою і наз. лінейнымі караблямі (лінкоры), 4—5-га рангаў — для вядзення разведкі (фрэгаты), 6-га рангу — пасыльныя. З 2-й пал. 18 ст. для дзеянняў у прыбярэжных водах і на мелкаводдзі сталі выкарыстоўвацца кананерскія лодкі. На працягу стагоддзяў у ваен. мэтах выкарыстоўваліся таксама брандэры, брыгі, брыганціны, карветы, кліперы, шхуны і інш. У 1807 пабудаваны першы параход (Р.​Фултан, ЗША); пачаўся пераход ад ветразевых суднаў да паравых — напачатку колавых, а з вынаходствам у 1840-я г. грабнога вінта — да грабных з парасілавымі ўстаноўкамі. У 19 ст. з’явіліся мінная зброя (міны), тарпеды, а з канца 19 ст. асн. ударнай сілай флоту сталі браняносцы. Для іх баявога забеспячэння створаны крэйсеры і мінаносцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі будаваць мінныя загараджальнікі, падводныя лодкі, эскадраныя мінаносцы (эсмінцы), дрэдноўты. З 1910-х г. распачата буд-ва тральшчыкаў. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся авіяносцы, вартавыя караблі, тарпедныя катэры. У 2-ю сусв. вайну лінкоры страцілі ранейшае значэнне і разам з крэйсерамі сталі сіламі забеспячэння авіяносцаў. Вырасла роля падводных лодак, пашырыліся процілодачныя караблі. З 1950—70-х г. К.в. аснашчаюць ядзернымі сілавымі ўстаноўкамі, ракетна-ядзернай зброяй, найноўшымі радыёэлектроннымі сістэмамі, сродкамі навігацыі і сувязі; будуюцца судны на паветранай падушцы і судны на падводных крылах. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій (Дняпроўскай, Заходнядзвінскай, Прыпяцкай, польскай і сав. Пінскіх) былі вартавыя караблі, кананерскія лодкі, маніторы, мінныя загараджальнікі, тральшчыкі, бранякатэры, катэры-тральшчыкі і інш.

Сучасныя К.в. падзяляюцца на надводныя і падводныя, на атамныя і са звычайнай энергет. устаноўкай. Аснашчаюць іх ракетнай, тарпеднай, артыл., бомбакідальнай, процілодачнай, мінна-тральнай зброяй, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. На караблях устанаўліваецца звычайна некалькі відаў зброі: галоўны — для рашэння асн. задач і дапаможныя — для выканання дадатковых задач і самаабароны. Некаторыя К.в. з’яўляюцца авіянясучымі — маюць самалёты і верталёты як асн. від зброі. У залежнасці ад прызначэння, узбраення, водазмяшчэння і інш. тактыка-тэхн. даных К.в. падзяляюцца на класы, падкласы, тыпы (праекты) і рангі (1—4-ы). Да асн. класаў адносяцца: ракетныя, тарпедныя і ракетна-тарпедныя падводныя лодкі; караблі авіянясучыя (мнагамэтавыя, ударныя і процілодачныя авіяносцы, процілодачныя крэйсеры, дэсантныя і процілодачныя верталётаносцы); ракетна-артыл. (ракетныя крэйсеры, вял. і малыя ракетныя караблі, эсмінцы, ракетныя катэры і інш.); процілодачныя (процілодачныя крэйсеры-верталётаносцы, вял. і малыя процілодачныя і вартавыя караблі); мінна-тральныя (мінныя і сеткавыя загараджальнікі і тральшчыкі); дэсантныя (спец. пабудовы, з апарэлямі; узброены ракетнымі комплексамі і артыл. гарматамі для агнявой падтрымкі дэсанта і самаабароны); спец. прызначэння (караблі кіравання, радыёлакацыйнага дазору, разведвальныя, рэтранслятары сігналаў сувязі, навучальныя, караблі сачэння, спец. забеспячэння — плывучыя базы і інш.). Да 1-га (вышэйшага) рангу адносяцца атамныя падводныя лодкі і буйныя падводныя караблі (крэйсеры, авіяносцы і інш.), да 4-га — катэры, базавыя і рэйдавыя тральшчыкі. Класіфікацыі К.в. у розных краінах звычайна адрозніваюцца. К.в. з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, падпарадкоўваюцца яе законам і ў замежных водах валодаюць правам экстэрытарыяльнасці.

Літ.:

Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.

В.​І.​Вараб’ёў, А.​А.​Калмакоў.

Некаторыя тыпы караблёў ваенных (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — баявы карабель Егіпта (1200-я г. да н. э.); 2 — асірыйска-фінікійскі (1000—1500-я г. да н. э.); 3 — рымская пентэра (пентэкатэра, з 5 радамі вёслаў; 3 ст. да н. э.); 4 — паўночнаеўрапейскі драмон (6—12 ст.; мелі назвы холк, нейв, неф, буза, кілс); 5 — дракар вікінгаў (8—10 ст.; паказаны дракар Вільгельма Заваёўніка); 6 — карака (14—16 ст.; паказана невялікая 4-мачтавая карака, пабудаваная ў Францыі ў 1535); 7 — галіён (16—17 ст.; паказаны 3-мачтавы іспанскі галіён, 1567).
Некаторыя тыпы караблёў ваенных 20 ст.: 1 — кананерская лодка «Карэец», якая разам з крэйсерам «Вараг» удзельнічала ў баі з японскай эскадрай у 1904, 2 — першы лёгкі крэйсер, пабудаваны ў СССР (1938); 3 — ракетны катэр на падводных крылах (ЗША, 1975); 4 — эскадраны мінаносец (СССР, 1980-я г.).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.​К.​Глаўбіц, каменшчык Б.​Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.​Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Літ.:

Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;

Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Слюнченко В.Г. Полоцкий Софийский собор: Ист.-архит. очерк. Мн., 1987.

У.​А.​Чантурыя, Т.​І.​Чарняўская, В.​В.​Церашчатава.

Полацкі Сафійскі сабор. Галоўны фасад.
Полацкі Сафійскі сабор. Выгляд з боку апсіды.
Полацкі Сафійскі сабор. Канцэртная зала з арганам.

т. 12, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл. Пл. 76,9 тыс. км². Нас. 3702,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г. Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца з ПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр. прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс. га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.

В.​М.​Корзун.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.

Аб’ячэйвальныя сеткавыя Р.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыя Р.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. Усмоктвальныя Р.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.

Бел. традыц. Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц. Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.

І.​М.​Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Ват.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Старажня.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.

Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».

Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р. Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.

На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс. км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял. Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)