Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКІ МАНАСТЫ́РСКІ ШПІТА́ЛЬ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1759 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) пры манастыры міласэрных сясцёр. П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Планіроўка ў цэнтр. частцы калідорная, у крылах галерэйная. Першапачатковая планіроўка зменена ў 1928—29, часткова збераглася ў левым крыле з паўпадвальным паверхам. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, паўпадвал — цыліндрычнымі скляпеннямі, у астатніх памяшканнях столь плоская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ,
бескілявыя (Ratitae або Gradientes), група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.
Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц
(Aythya nyroca),
птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд.ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.
Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛУ́ШКА
(Bombycilla garrulus),
птушка атрада вераб’інападобных. Пашырана ў хвойных лясах Паўн. Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (ліст.) пралётах, асобныя зрэдку зімуюць. Трымаецца чародкамі да 200 асобін.
Даўж. да 21 см, маса да 73 г. Апярэнне густое, мяккае, ружова-шэрае. На крылах і хвасце невял. жоўтыя, белыя і чырвоныя плямкі. Высокі чуб на галаве. Гняздуецца на дрэвах. Нясе 5 яец. Корміцца ягадамі рабіны, шыпшыны, крушыны, ядлоўцу і пупышкамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ БЕ́ЛЫ МАТЫ́ЛЬ
(Hyphantria cunea),
матыль сямейства мядзведзіц. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Венгрыі (1940). Пашырыўся па інш. краінах Еўропы. Шкодзіць раслінаводству.
Размах крылаў 2,0—3,5 см. У некаторых асобін на брушку і крылах дробныя чорныя плямкі. Вусені даўж. 2,5—3,5 см, усёедныя, кормяцца больш як на 200 відах раслін. За год 2 пакаленні. Матылі першага пакалення вылятаюць у маі, другога — у ліпені—жніўні. Адкладаюць 300—2500 яец на ніжнюю паверхню ліста. Вусені шкодзяць раслінам. Меры барацьбы: каранцін, апрацоўка раслін спец. прэпаратамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.
Засн ў 1918 як суднарамонтныя майстэрні для рамонту суднаў Дняпроўскай ваен. флатыліі. У 1921 пабудаваны машыннае аддзяленне, кавальскі, ліцейны, сталярны і кляпальны цэхі. З 1935 пасля пашырэння суднарамонтны з-д. У 1938 пачаў суднабудаванне. У 1941 эвакуіраваны ў г. Сталінград, дзе выпускаў боепрыпасы для фронту. У 1944 пачалося аднаўленне ў Гомелі. У 1946—50 узведзены новы будынак з-да. З 1959 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): цеплаходы «Палессе» на падводных крылах і інш. пасажырскія цеплаходы розных мадыфікацый; рамонт рачных суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́НЫ
(Parnassius),
род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (Р. mnemosyne) і апалон (Р. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.
Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.