ЦЕПЛАХО́Д,
марское або рачное самаходнае судна, рухачы якога прыводзяцца ў дзеянне цеплавым рухавіком (звычайна дызелем). Ц. з газавай турбінай наз. газатурбаходам (з’явіліся ў 1951, гл. Турбаход).
На Ц. магутнасць ад гал. суднавага рухавіка на суднавы рухач перадаецца непасрэдна або з дапамогай рэдуктара, часам праз злучальную муфту. У параўнанні з параходам Ц. больш эканамічны (з-за меншага ўдзельнага расходу паліва), мае меншыя габарыты сілавой устаноўкі. Першы Ц. пабудаваны ў Расіі (рачны дызель-электраход «Вандал», 1903). У 1934—35 у СССР створаны Ц. на паветр. падушцы (гл. Судна на паветранай падушцы), у 1957 — на падводных крылах (гл. Судна на падводных крылах). Ц. — найб. пашыраны тып сучасных суднаў (больш за 90% усіх трансп. суднаў). На Беларусі выкарыстоўваецца ў рачным транспарце, некаторыя тыпы Ц. выпускаюцца і рамантуюцца на суднабудаўніча-суднарамонтных з-дах (гл. Суднабудаванне).
т. 17, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)