БРАЗІ́ЛІЯ
(Brasilia),
горад, сталіца Бразіліі. Размешчана ў цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я, на беразе штучнага вадасховішча. 1596,3 тыс. ж. (1991, у межах Федэральнай акругі). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Лёгкая і харч. прам-сць. Ун-т.
Рашэнне пра буд-ва Бразіліі прынята Нац. кангрэсам Бразіліі ў 1955 з мэтаю выканання спец. параграфа канстытуцыі 1891 пра перанос сталіцы з Рыо-дэ-Жанейра ў пункт, блізкі да геагр. цэнтра краіны. Буд-ва пачата ў 1957. Афіц. перанос сталіцы адбыўся 21.4.1960.
Будаваўся з 1957 пад кіраўніцтвам арх. Л.Косты паводле яго ген. плана. Горад у плане нагадвае самалёт або птушку ў палёце (у «фюзеляжы» — цэнтр. плошчы з грамадскімі будынкамі, у «крылах» — жылыя раёны). На цэнтр. трохвугольнай пл. Трох улад размешчаны Палац урада, будынкі Нац. кангрэса і Вярх. суда; на беразе вадасховішча — Палац прэзідэнта (Палац Світання). Пабудаваны таксама сабор (1970), будынкі мін-ваў унутр. спраў (1966), узбр. сіл (1974) і інш. Гал. аўтар экспрэсіўных, пластычных і сімвалічных па форме грамадскіх будынкаў арх. О.Німеер. Стварэнне Бразіліі — смелы горадабуд. эксперымент, дзе выявіліся навізна і своеасаблівасць планіроўкі і забудовы, дакладнасць арганізацыі трансп. патокаў, удала выкарыстаны ландшафт.
т. 3, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)